З кнігі:
“Вось добрая байка, гэная во”
“One Good Story, That One”
Томас Кінг
(Thomas King, "Magpies")
А гэтая пра Грэні. Пра тое, што здарылася ў
рэзэрвацыі. Дык гэтую гісторыю кожны ведае. Вільма ведае. Эмбраз
ведае. Мой сябра Нап’ёя. Лайонэл Джэймс. І нават Білі Франк яе ведае. Білі
Франк пачуў яе аж у Калгары. Ён чуў яе тры разы. А можа, і шэсьць. От жа ж,
кажа ён, тую гісторыю ўсё яшчэ расказваюць ды расказваюць.
Часам галоўнай гераіняй у гэтай гісторыі бывае
Вільма. Некаторыя расказваюць гэтак, што Эмбраз ёсьць прысутным паўсюль. Але я
расказваю так і няйнакш і заўсёды гэтак кажу.
Часам я спачатку кажу пра тых сарок. З тымі
дзюбамі. А чаго, неблагія дзюбы. Тыя ж сарокі стракочуць без упынку, вы ж ведаеце.
Пляткаркі гэныя. Ха-ха-ха. Жартую. Вось з гэтага я звычайна і пачынаю.
Ото ж. Дык вось тая гісторыя ад пачатку.
Грэні ўпала ды пашкодзіла нагу. Гэтак, што тая
нага аж чырвоная. А тады зрабілася сіняя. Часам нават чорная. Потым усё жоўтая,
жоўтая. Тая нага. Грэніна нага.
Глядзіць Грэні на сваю нагу і думае – паміраю.
І кажа ўсім – я памру. І як яна пачынае гаварыць пра сьмерць, Вільма кажа –
не, не, не. Гэта ж толькі сіняк. Жоўты сіняк. Нічога страшнага.
Але Грэні расказвае кожнаму, маўляў, чую, што
паміраю. Я памру, кажа яна мне. І я кажу, так, чаму ж не. Старыя людзі
адчуваюць такое. Гэтак бывае. Пэўна нешта ў крыві. Мо, цыгарэты. Мо, тое пітво.
Але Грэні нават падабаецца разважаць аб
сьмерці. Завялася – памру і памру. Вельмі хутка, кажа. Згнію, і ніхто не
заўважыць. А тыя сарокі балбоняць міжсобку й рагочуць.
Глянь ты на тых птушак, кажа старая Эмбразу.
Бачыш іх?
Вядома, бачу, кажа Эмбраз.
Ад іх цягне сьмерцю, кажа яна. Хіба не?
Так, кажу я, сапраўды.
Гэныя спачатку выдзёўбваюць вочы, кажа яна,
тое, што мяккае. Гэта яны любяць – маленькае нешта, кругленькае. Сьвежанькае.
Таму, сынок, ты крэпка іх заматаеш.
Як мае быць, кажу я.
Ты чуеш мяне, Эмбраз? Старая Грэні трасе Эмбраза
так, што ён прачынаецца. Ад іх ідзе пах сьмерці, ад тых птушак, як ад ворыва з воўчых
ягад. Як я памру, яны накінуцца на мяне.
Можаш мне верыць, кажа Эмбраз.
Тады можна й паміраць, кажа мне Грэні. А я
кажу, ну так.
Але тады Вільма вазьмі забяры тую старую ў
шпіталь паказаць двум, ці пяці белым лекарам. Паглядзелі яны на тую нагу. Зноў
паглядзелі. Яшчэ колькі паглядзелі. Гмм, гмм, гмм. Гэтак вось. Ротам. Ня
танчаць. Не сьпяваюць. Яны гэтак размаўляюць з Грэні. Гмм, гмм, гмм.
А пакуль Грэні кажа да мяне, ёсьць жа добрыя
мейсцы, дзе памерці чалавеку. Вось ля ракі – цудоўна. У прэрыях – добра. Ці ў
гарах. Але ёсьць і кепскія. Гастраном. Гандлёвы цэнтар. Кінатэатар. Шпіталь.
І гэты шпіталь – кепскае мейсца, дзе паміраць.
Сі-па-аг-лу.
“Сі-па-аг-лу” – гэта кшталту ямы. У зямлі. “Сі-па-аг-лу”
– гэта старое слова. Тое, куды скідаюць аб’едкі. Куды скідаюць транты ды
ламачча. Куды скідаюць сьмярдзючую старызну. Шклянкі ад піва. Сьпітую каву.
Рыбі трыбух. Пакеты ад малака. Газэты. Машынны алей. Усё непатрэбнае – далей ад
людзкіх вачэй. Усё – туды. “Сі-па-аг-лу”.
Тады ўсё гэта закопваецца. І можна
перасоўвацца ў іншае мейсца.
Шпіталь.
Дактары размаўляюць з Грэні – гмм, гмм, гмм.
Можа, вам застацца тут. На адзін дзень. На чатыры. Можа, мы тады ўбачым нешта. Гмм,
гмм, гмм.
Эмбраз кажа, белыя ідуць у гэны шпіталь, каб
атрымаць новы нос. Новыя прыгожыя грудзі. Паправіць старыя сьцёгны. Павыцягваць
з цела непатрэбнае. Гэта Эмбраз мне так кажа. Наладзіць самога сябе. Як машыну.
Каб працавала лепей. Гмм, гмм, гмм.
Але тыя не надурылі Грэні. Я табе кажу.
Грэні паківала галавой. Паглядзела на падлогу.
На дзьверы. Паджыгала нагамі. Як у карагодным танцы. Ох, ужо ж тыя танцы, яны
не пра “Сі-па-аг-лу”.
Не хачу я ў тую яму, кажа яна.
Бог любіць цябе, Грэні, кажа Вільма. Добрая
жанчына, тая Вільма. Любіць Грэні. Гатуе ёй. Мые. Але, Вільма – зацятая
каталічка. Ужо ж яна ведае пра сьмерць. Чытае ўсе тыя газеты з цэркваў.
Калі Бог цябе забярэ, мама, ты пачуесься
шчасьлівай. Гэтак Вільма расказвае. Сьмерць – гэта ня страшна, кажа Вільма.
Гэты братка Бог чакае на цябе. Прывітаньне! Як маесься?
Не кладзі мяне ў магілу! У тую “сі-па-аг-лу”,
кажа Грэні дачцэ.
Сьмецьцевая яма.
Шпіталь.
Гэта ж адное слова. Разумееш?
Дык жа, кажа Вільма, гэтак цяпер робяць.
Табе патрэбен сьвятар. Ён асьвеціць усё.
У яме холадна, кажа Грэні.
Бог цябе сагрэе, кажа Вільма.
Тады Грэні зьвятраецца да Эмбраза.
Эмбраз – мажны мужчына. Шырокія грудзі. Моцныя
ногі. Вялікая галава. Ён лагодны, той Эмбраз. Заўсёды жартуе, расказвае байкі.
Ён руплівы. Тое падладзіць, гэтае направіць. Грэні зьвяртаецца да Эмбраза.
Сынок, улагодзь мне гэтую справу! Ну, вядома, мама, кажа той. Я ўсё зраблю. Можаш
мне верыць.
І Грэні з сынам прыходзяць да мяне. Го, кажу
я, і твой вялікі хлопчык з табой. Так, кажа яна, прыйшлі пагаварыць з табой.
Сядай, кажу я. Вось кава. І гарбата. Сядай, падсілкуйся.
Ты мусіш пагаварыць з маім хлопчыкам, кажа
Грэні. Раскажы яму, як трэба зрабіць. Пакажы яму ўсё. Слухай гэтага старога,
кажа Грэні.
Можаш мне верыць, кажа Эмбраз.
Грэні прыжмурыла вочы. Будзь тут, калі я
памру. Скажаш Вільме, як і што зрабіць. Паклапаціся пра мяне, паслужы мне,
сынок.
Можаш мне верыць.
Дык тая нага паправілася. Грэніна нага. Але
яна ўсё роўна памерла. Пазьней. Не тады. Праз два, ці чатыры гады. Можа, і
болей. Проста памерла.
А Эмбраза не было, калі яна памерла. Казалі,
ён быў у Эдмантане на нейкай бяседзе. Іншыя казалі, маўляў, не, ён быў у
Таронта. Нехта нават казаў, што ён быў за мяжой. Вільма пашмыгала носам і так,
і гэтак. Ня будзем жа мы чакаць, калі той Эмбраз, можа, зьявіцца, можа, не. Мы
і самі ўсё зробім, як трэба, сказала Вільма. Зараз усё і зробім.
І тады яны паклікалі сьвятара.
І тады яны ўпхнулі Грэні ў скрыню.
І тады яны зацягнулі Грэні ў царкву.
І тады яны скінулі Грэні ў яму.
Вось так. Даволі хутка. Яны ссунулі яе ў яму,
перш чым вярнуўся Эмбраз. Усе стаяць тут. Гэх, гэх, гэх. Усім не падабаецца,
што Грэні ў той яме. І Вільма плача. Тады пляскае ў далоні дый кажа, цяпер усё
добра. Усё зроблена, як мае быць. Скончана.
Аох-каўі...
Вось і ўся гісторыя.
Не, не. Я пажартаваў.
Ёсьць працяг.
Чакай яшчэ.
Дык вось. Вяртаецца Эмбраз. Усе па-рознаму
расказваюць гэтую частку.
Вяртаецца Эмбраз. ...І ня трэба усьмешак. І
бяз жартаў.
Мама ўжо з Богам, кажа яму Вільма. Яна шчасьлівая
цяпер. Табе нічога ня трэба рабіць.
Я ж паабяцаў ёй, кажа Эмбраз. І я кажу, сапраўды.
Трымай свае абяцанкі ў кішэні, кажа Вільма. Не
патрэбны маме твае абяцаньні. Усё зроблена цудоўна. Яна цяпер з Богам.
Бог не жыве ў яме, кажа Эмбраз.
Бог усюды, кажа Вільма.
Гэтак яны абое размаўляюць. Дзень, можа два,
тры тыдні. Гавораць пра Бога. Гавораць пра абяцаньні. Ты шмат чаго абяцаеш,
кажа Вільма. Вельмі лёгка раздаваць абяцанкі. Плюесься імі на ўсе бакі. Усе ўжо
маюць па тры-чатыры тваіх абяцанак.
І тое праўда. Я табе кажу. Эмбраз шчодры на
такія рэчы. На тыя абяцаньні. Ой, я дапамагу табе пакалоць дровы на зіму, кажа Эмбраз
майму сябру Напі’ёа. Ой, я налажу табе машыну, кажа ён Білі Франку. Выкапаю
табе тую канаву, кажа свайму дзядзьку.
Можаш мне верыць.
Трымай сваё абяцанье ў кішэні, кажа тая
Вільма.
Эмбраз прыходзіць да мяне. Гэй, кажа, давай
паправім тваё вакно. Ну, так, кажу я, яно пабілася. Можа, тады я прынясу
інструменты. На наступным тыдні, кажа ён. Добра, кажу.
І гэны Эмбраз садзіцца і пачынае плакаць. Ууу,
ууу, ууу. Вось гэтак. Гэты вялікі хлопчык вось гэтак плача. Пасядзі тут, кажу
я. Зараз будзе гарбата.
Ты мусіш мне дапамагчы, кажа ён. Вядома, кажу
я. Я дапамагу.
Грэні ляжыць у той яме, кажа ён. Яна мусіць
вярнуцца. Ты дапаможаш мне. Мусім дастаць яе адтуль і зрабіць усё, як мае быць.
Пакласьці яе ў тое дрэва. Тое дрэва, што ў Хэвішылдзе. У гарах. Так, як яна
прасіла.
Авохці, кажу я, столькі работы! Яны ж закапалі
яе так глыбока. Немаведама, як. Разам з тым хлопцам, з Богам.
Я змагу яе выкапаць, кажа Эмбраз. А табе ня
трэба нічога рабіць. Я выкапаю яе, а ты мне толькі раскажаш, што і як рабіць
тады. Я мушу выканаць абяцаньне.
Добра, кажу я.
Ну, дык вось...
Эмбраз сабраў усё, што патрэбна. А Вільма
сочыць за ім ды шмыгае носам. Сёньня ноччу ўсё і зраблю, кажа Эмбраз.
Але не зрабіў. Кажа, шыны лысыя.
Зраблю сёньня ноччу, кажа гэны. І ня робіць. Нямесячна
ноч.
Сёньня ноччу. Гэны хлапчына мае добрую заначку
ў галаве. Але ня робіць. Захварэў на грып.
Тады дастаў нейкі кавалак скуры й трымае яго ў
кузаве свайго грузавіка. Зялёнага. Рассьмярдзіцца, думаю я. А мо й не. А тыя
сарокі ўжо таўкуцца вакол грузавіка. Што ў цябе там, у грузавіку, кажа Вільма. Нічога,
кажа Эмбраз. Так, усякая ўсячына.
Але ты ведаеш, ён такі зрабіў гэта! Гэны
хлопец зьявіўся да мяне рана ранкам. Разам са сваім грузавіком. З той скурай. З
Грэні, зашытай у тую скуру. Менавіта так, як я казаў яму. Го, кажу я, ты ўсё ж
дастаў Грэні! Так, кажа Эмбраз, я выкапаў яе прошлай ноччу. Цяпер мы можам
зрабіць усё, як трэба.
І мы робім. Эмбраз вядзе свой грузавік з
Грэні, зашытай у скуру, да хаты ў Хэвішылдзе, і гэны хлапчына караскаецца на
тое дрэва, і гэны самы валачэ на тое дрэва Грэні разам з вяроўкай. Высока. На
тыя голыя галіны. Бліжэй да сонца. І там ён яе пакідае. Тады злазіць долу. Ну
вось, кажа ён, і пляскае ў далоні. Ён зрабіў гэта!
Я прыгатаваў гарбаты. Эмбраз сядзіць на зямлі,
глядзіць на Грэні на дрэве. І, задаволены, даволі хутка засынае.
А ты глядзі, што атрымалася!
Вось... Даволі хутка зьявіліся сарокі й давай
пільнаваць тое дрэва. Тут яны зьлятаюцца на яго. І сядзяць на ім. Балбочуць.
Сядзяць на той скуры, дзе схавана Грэні, і гамоняць да яе. Прывітаньне. Добры
дзень.
А тым часам сонца села ніжэй. У тое дрэва. З
тымі птушкамі. З Грэні. Го, кажа тое сонца, што гэта ў нас тут зьявілася? Грэні
ды свора сарок. Ну, як і мае быць, кажу я.
І тут – на табе! Цэльны клуб пылу ўвальваецца
сюды, да хаты. У нашае мейсьцейка ў Хэвішылдзе. Укаціліся на двор.
Выходзіць Вільма.
Тады выходзіць Каралеўская паліцыя.
А тады й Бэні Гудранэр, паліцыянт нашага
племені. Выходзіць.
Усе з таго клуба пылу.
Халера, тыя птушкі занадта хуткія пляткаркі.
Дзе Грэні, кажа Вільма. Дзе Эмбраз? Гэта яна пытаецца
таксама. Дзе знаходзіцца Эмбраз-Здаровы Бык, пытаецца Каралеўская паліцыя. А
Бэні нічога не гаворыць. Проста стаіць тут. Выглядае зьбянтэжаным.
Прачынаецца Эмбраз. Цяпер Вільма яго
заўважыла. Вось ён, кажа яна. Вось гэны крымінальнік. Вось ён, варуга. І тады
яна ўжывае слова, якое я не разумею.
Эмбраз стаіць смірна. Я толькі зрабіў тое, што
прасіла мяне Грэні. Што тут кепскага.
Гэная Каралеўская паліцыя аж выперла свае
грудзі ў бліскучым мундыры. Крадзеж цела – гэта парушэньне закону, кажа ён.
Гэта – зямля рэзэрвацыі, кажа Эмбраз.
Бэні зараз зарэстуе цябе, Эмбраз, кажа Вільма.
І пасадзіць у вастрог за тое, што ты выкапаў Грэні.
О, колькі сарок сабралося на дрэве! Слухаюць
уважліва. Ва ўсе вушы.
Вільма глянула на дрэва. Бачыць, сарокі.
Бачыць, сонца. Бачыць, кавалак скуры. Ён зацягнуў яе на тое дрэва, кажа. Трэба
зьняць яе адтуль!
Каралеўскі паліцыянт глянуў на Вільму, глянуў
на Бэні. І Вільма глядзіць на Бэні. І Эмбраз глядзіць на Бэні. Хлопцы, можа,
вам гарбаты, кажу я. Такі цудоўны вечар. Можа, прысядзеце, вып’еце гарбаты?
Няма часу на гарбату, стары, кажа Вільма на
нашай мове. Мая маці на тым дрэве! Трэба здымаць зараз.
Дык вось. Гэтта ж Бэні. Мусіць лезьці на тое
дрэва. І ўсё такое... Ну, пайшоў. Тыя птушкі спыніліся таптацца па Грэні дый сочаць
за Бэні. Эмбраз сочыць за Бэні. Вільма сочыць за Бэні. Каралеўская паліцыя
сочыць за Бэні. А той Бэні – ён жа хлопец з радэа, сядлае там быкоў. Моцныя
ногі, у яго там. Залазіць на самы верх да Грэні. Садзіцца там. На суку, што тыя
птушкі. Гэй, крычыць ён, я бачу раку. Цудоўны від адсюль!
Глядзі Грэні, крычыць Вільма.
Пакінь ты яе ў спакоі, кажа Эмбраз.
Глянь, а тыя сарокі скочуць па ўсім дрэве.
Танцуюць! Спяваюць. Жартуюць.
І тут ляціць з дрэва пакет з-пад малака.
Абрыкосавыя косткі ляцяць з дрэва.
Бутэлька з-пад алею ляціць уніз. Пустая.
Карбюратар.
Часопіс.
Гэй, крычыць Бэні. Грэні тут няма. Няма яе ў
гэтай скуры. Зьнікла. Нічога, акрамя сьмецьця. І Бэні спускаецца з дрэва.
Усе глядзяць на Эмбраза.
Дзівосы нейкія, кажа Эмбраз, ідзе ў хату й
зачыняе дзьверы.
Вільма стаіць ды глядзіць на Каралеўскую паліцыю.
У Бэні ўся ўніформа запэцканая. А каралеўскі паліцыянт чысьценькі такі. Там
нічога, акрамя сьмецьця, на тым дрэве, кажа Бэні. Ладна, кажа Вільма. І
вяртаецца ў машыну. І Бэні, і Каралеўская паліцыя вяртаюцца ў машыну.
Гэх, як цікава!
А тое сонца садзіцца ўжо за гару. Эмбраз
выйшаў з хаты, кажа, паехалі ўжо ўсе? Так, кажу я. А добрая атрымалася падманка,
кажа ён. Так, кажу я. Бо гэны ж і мяне падмануў. У мяне зламалася рыдлёўка,
кажа Эмбраз. Выкапаю яе сёньня ноччу. Ніхто й не заўважыць на гэты раз. Я б
выкапаў яе тады, але ў мяне зламалася рыдлёўка. У цябе ёсьць рыдлёўка пазычыць
мне? Вядома, кажу я, можаш узяць маю.
Глядзі, кажа Эмбраз. Гэта была такая задумка.
Бэні ўжо пабачыў той мех са сьмецьцем. Так што зараз я магу забраць Грэні й
пакласьці яе туды. Забраць тое сьмецьце, а Грэні пакласьці на тым дрэве, як я
ёй абяцаў. Ніхто больш туды не палезе глядзець. Вось такі хітрык.
Цудоўная задумка, кажу я. Ты абвёў іх вакол
пальца. І добра, што ты прыбраў трохі таго сьмецьця зь зямлі.
Ту мусіш паабяцаць мне, што нікому не раскажаш
пра мой хітрык, кажа Эмбраз. А ты бачыш тых сарок, кажу я. Гэта ж яны наплялі
Вільме пра твой мех са сьмецьцем, клянуся. У іх добрыя вушы, у гэных. Табе
трэба сьпяваць такую песьню, каб яны нічога не пачулі. Тады яны і не запомняць.
Ведаеш тую песьню?
Не, кажа Эмбраз. Тады паслухай яе, кажу я.
Інакш тыя сарокі разнясуць усім пра твой хітрык. І я прасьпяваў Эмбразу тую
песьню, і Эмбарз паўтарыў яе даволі добра, гэны хлопец. І ён пазычыў маю
рыдлёўку. Маю добрую рыдлёўку. І ад тае пары я доўга яго ня бачыў. І Вільму ня
бачыў таксама. І я нікому не расказваю пра Эмбразавы хітрык.
Але я ведаю, як усё было насамрэч.
Але не магу расказаць.
Бо я паабяцаў.
Можаш мне паверыць.
(с) Thomas King
(с) Ірына Варабей, пераклад, 2012
--------------------------------------
Томас Кінг (Thomas King), н. 1943 г. – празаік, прадстаўнік сучаснае канадыйскае індзейскае літаратуры. Зьяўляецца нашчадкам культуры племені Чырокі. Цяперашнім часам жыве ў Канадзе, працуе ва Унівэрсітэце г. Гуэлфа, дзе выкладае індзейскую літаратуру ды прыгожае пісьменьства. Піша тэксты для індзейскага радыё, у прыватнасьці для радыёперадачы “The Dead Dog Cafè Comedy Hour”, у якой і сам прымае ўдзел. Ягоны літаратурны здабытак ствараюць раманы “Медысын Рывэр” (“Medicine River”), “Зялёная трава, шпаркая вада” (“Green Grass, Running Water”), зборнік апавяданьняў “Вось добрая байка, гэная во” (“One Good Story, That One”), ды дзіцячыя кніжкі “Прыгоды Каёта Каламбуся” (“A Coyote Columbus Story”), “Каёт спявае на поўню” (“Coyote Sings to the Moon”).
------------------------------------------------------------
Комментариев нет:
Отправить комментарий