Паўлін Джонсан
з кнігі ''Легенды Ванкувера''
Добрыя сёлета былі ловы. Парá ружовага сальмана1 ўжо заканчвалася, і я дзівілася, чаму мая старая сяброўка,
індыянка-клучмэн2, так ні разу й не вывела на рыбалку свой човен. Заўзятая рыбачка, яна не
саступала свайму мужу ў майстэрстве, і цягам цэлага году ні аб чым больш не
гаварыла, як аб надыходзячых ловах. Але сёлета не было яе бачна сярод такіх жа
ахвотнікаў. Ні сярод рыбакоў на чоўнах, ні сярод абіральнікаў на беразе нічога
ня ведалі аб ёй, а калі я спыталася ейных супляменьнікаў, яны адказалі без
тлумачэньняў:
– Яна сёлета ня
быць тут.
Але адным
іржавым верасьнёўскім палуднем я знайшла яе. Гуляючы па сьцяжыне ад лебядзінага
возера, што ў парку Стэнлі, да ляснога ўзьбярэжжа Затокі, я заўважыла, як ейны
зграбны, з высокім носам човен кіраваў да пясчанага берагу, дзе звычайна прычальвалі
ўсе цілікамы зь Місіі3.
Човен зьявіўся
нібы зь цянётаў, бо вада была зусім ціхай, і ўсюды далікатным цюлем навісала
блакітная смуга, бо на выспе Лулу цэлымі днямі цьмеў торф, і ягоны пікантны
водар ды шэра-блакітны дым ператваралі мора, берагі ды неба ў чароўную казку.
Я пасьпяшала на
бераг, аклікаючы яе на мове Чынук, і, пачуўшы мяне, яна па-індзейску павіталася
са мной, узьняўшы вясло над галавой.
Калі яна
прычаліла, я горача павітала яе, прагна выцягнуўшы рукі, каб дапамагчы сысьці
на бераг – клучмэн старэе, дарма што можа веславаць супраць прыліву, што той
юны падлетак.
– Не, – сказала
яна, калі я прапанавала ёй выйсьці з лодкі. – Я не чакаць. Я тут забраць
Маарду. Яна ў горадзе, зараз прыйдзе, хутка.
Але тут жа
забыўшыся на сваю “дзелавітасьць”, яна села, як школьніца, падкурчыўшы ногі, на
носе лодкі, склаўшы рукі на вясло, якое яна паклала ўпоперак бартоў.
– Я так
сумавала па табе, клучмэн. Ты не заходзіш да мяне ў госьці ўжо тры поўні, не
прыехала на рыбныя ловы, – заўважыла я.
– Не. Я ўдома
гэты год.
Тады,
нахіліўшыся да мяне, зь вялікай паважнасьцю ў голасе, у вачах яна дадала:
– У мяне ўнук.
Нарадзіўся ў ліпені, у першы тыдзень. Таму я сядзець дома.
Вось чаму яе не
было! Вядома, я выказала ўсе свае віншаваньні з такой нагоды, ды распытала ўсе
падрабязнасьці такой важнай справы, бо гэта быў ейны першы ўнук, і зьяўленьне
маленькага чалавечка – гэта такая радасьць!
– І ты хочаш
зрабіць яго рыбаком? – спыталася я.
– Не, не. Не
хлопчык. Гэта дзяўчынка, – адказала яна з такой гарэзьлівай інтанацыяй, па якой
я зразумела, як яна задаволена гэтым.
– Ты рада, што
гэта дзяўчынка? – зьдзівілася я.
– Вельмі рада, –
падкрэсьліла яна. – Гэта шчасьце – мець дзяўчынку першай унучкай. Наша племя не
як вашае. Мы хочам першай дзяўчынку. Не заўсёды хочам мець хлопчыка – адно для
бітваў. Ваш народ, вы адно на шляху вайны. А наш народ міралюбны. Вельмі добры
знак, калі першы ўнук – дзяўчынка. Я скажу табе, чаму. Дзяўчынка некалі будзе
маткай сама. Быць маткай – вялікая справа.
Здаецца, я
зразумела схаваны сэнс ейных словаў. Яна радавалася таму, што ейная ўнучка
некалі будзе адной з матак ейнага народу.
Мы яшчэ
пагаварылі пра гэтае, і яна з нагоды падзялілася са мной некалькімі
жартаўлівымі кпінамі аб маім народзе, маўляў, з чаго гэта ён заклапочаны ня
столькі мяцярынствам, як ейны, а ўсё больш войнамі ды бойнямі. Тады размова
перайшла да ружовага сальмана ды да “гайіў чыкіміна”4, якога індзейцы могуць атрымаць за свой улоў.
– Але, гайіў
чыкімін, – паўтарыла яна задаволена. – Заўсёды. І яшчэ гайіў мак-а-мак5,
калі ідзе вялікі сальман. Хай больш ня будзе кепскага году, як таго, калі рыба
была не прыйшла.
– Калі гэта
было?
– Яшчэ да таго,
як ты нарадзілася. Ці я. Ці... – махнуўшы ў бок лесу, за якім хаваўся горад
Ванкувер, што дыхаў багацьцем ды прыгажосьцю пад верасьнёўскім небам, – ...да
таго, як зьявіўся гэны. Да таго, як сюды прыйшоў белы чалавек. О, шмат да таго.
Даражэнькая
мая, старая клучмэн! Я бачу па тваіх сумных вачах, што ты вяртаесься ў сваю
Краіну Легендаў і што мая скарбонка індзейскіх гісторый хутка папоўніцца.
Яна сядзела,
усё гэтак жа абапершыся на вясло; прыжмураныя вочы замёрлі, гледзячы ўдалячынь,
дзе за роўнядзьдзю засмужанай затокі шэралі абрысы выспаў.
Мне мо й ня
варта далей паўтараць ейную ламаную ангельскую, бо яна ёсьць адно ценем ейнага
аповеду, але й бяз гэтай самавітасьці легенда будзе кветкай без колеру й паху.
Яна назвала
гэта “Легендай аб страчаных ловах”.
___________________________
Жонка Вялікага
Тайі6 была яшчэ зусім маладзенькай, але, ... дык увесь сьвет тады
быў яшчэ маладым, нават рака Фрэзар была маладой, не такой магутнай, як цяпер;
але ружовы сальман тоўпіўся на нераст у ейным вусьці гэтак жа, як і ў нашыя
дні, а цілікамы лавілі іх ды салілі й вэндзілі, гэтак жа, як і сёньня, гэтак
жа, як будуць рабіць надалей.
А была яшчэ
зіма, дык ішлі дажджы, стаялі туманы, гэта калі жонка Вялікага Тайі падышла да
яго ды сказала:
– Перш чым
пойдзе сальман, я прынясу табе вялікі падарунак. Скажы, як ты больш ушануеш
мяне, калі я падару табе хлопчыка ці дзяўчынку?
Вялікі Тайі любіў сваю жонку. Ён быў суворы са
сваім народам, цьвёрды з супляменьнікамі, на нарадных вогнішчах панавала ягоная
каменная воля. Ягоны шаман казаў, што ў ягоным целе не было чалавечага сэрца;
ягоныя воі казалі, што ў ягоных венах не было чалавечай крыві. Але гэтым разам
ён далікатна ўзяў жончыны рукі ў свае, і ягоныя вочы, ягоныя вусны, голас былі
такімі ж пяшчотнымі, як і ейныя:
– Падары мне
дзяўчынку! Маленькую дзяўчынку – каб яна магла вырасьці такой жа, як ты, і ў
сваю чаргу, падарыць дзяцей свайму мужу.
Але калі
супляменьнікі пачулі ягоны выбар, як яны ўзлаваліся! Абураныя, яны атачылі яго
натоўпам.
– Ты – раб
гэтай жанчыны! – заявілі яны. – А зараз хочаш яшчэ зрабіцца рабом дзяўчынкі! Мы
жадаем нашчадка! Хлопца, які вырасьце нашым Вялікім Тайі! Калі ты састарэеш ды
ня зможаш кіраваць, калі будзеш адно сядзець, захутаны ў цёплую коўдру на
летняй спёцы, бо твая кроў зробіцца старой ды вадкай – што яна, гэтая
дзяўчынка, зробіць для цябе ці для нас? Хто тады будзе нашым Вялікім Тайі?
Ён стаяў у
цэнтры разьюшанага кола спакойна, з падабранымі на грудзях рукамі, узьнятай
галавой, вачамі цьвёрдымі, што крэмень. Цьвёрдым, як камень, голасам ён
адказаў:
– Магчыма, мая
жонка і падорыць вам гэткага хлопца, і калі гэтак адбудзецца – дзіця вашае. Ён
будзе вашым, не маім. Ён будзе належаць народу. Але калі народзіцца дзяўчынка –
яна будзе належаць мне – яна будзе маёй. Вы не аднімеце яе ў мяне, як аднялі
мяне ад маці ды прымусілі мяне забыць майго старога бацьку дзеля служэньня
нашаму племені. Яна будзе належыць мне, яна зробіцца маткай майго ўнука, а ейны
муж будзе мне сынам.
– Ты не думаеш
аб усім племені! Адно аб сабе думаеш, робіш, што хочаш! – пратэставалі яны. – А
калі сальманаў прыйдзе мала, ловы будуць бедныя, у нас ня будзе ежы; а калі ня
будзе хлопца – у нас ня будзе Вялікага Тайі, каб павесьці нас здабыць ежу ад
іншых плямёнаў – і мы што, згаладаем?
– У вашых чорных сэрцах няма крыві! – раўкнуў
Вялікі Тайі, разьюшана завярнуўшыся да іх. – І вашыя вочы сасьлеплі! Вы хочаце,
каб племя забылася на тое, якім важным ёсьць дзіця, што анойчы зробіцца маткай
ды падорыць вашым дзецям ды ўнукам Вялікага Тайі? Хіба будзе народ жыць,
квітнець, расьці, мацнець, калі ня будзе жанчын-матак, што народзяць новых
сыноў ды дачок? Вы згубілі розум, з глузду зьехалі! Але ж нават нягледзячы на
вашую цямноту вы – мой народ, і я мушу клапаціцца аб вас ды лічыцца з вашымі жаданьнямі.
Я склікаю ўсіх шаманаў, чарадзеяў, знахараў. Няхай яны вырашаць, якога закона
мы мусім слухацца. Што скажаце вы, о, магутныя мужы?
Ва ўсе бакі па
ўзьбярэжжы, па рацэ Фрэзар, па горных далінах да ўсіх кланаў, паселішчаў былі
разасланыя вестуны, што заклікалі ўсіх шаманаў, якіх маглі знайсьці. Ніколі
яшчэ не зьбіралася на нараду столькі шаманаў. Яны парасклалі вогнішчы ды шмат
дзён скакалі ды пяялі вакол іх. Яны размаўлялі з багамі гор, з багамі мора, і
тады да іх прыйшла мудрасьць рашэньня. Яны расьселіся перад людзьмі племені, і
найстарэйшы шаман ва ўсім узьбярэжным краі падняўся ды сказаў ім сваё слова:
– Людзям
племені не дазволена мець усё адразу. Яны хочуць хлопчыка. І добрых рыбных
ловаў яны таксама хочуць. Яны ня могуць мець і тое, і другое. Сагалі Тайі2,
найвялікшы з чарадзеяў, адкрыў нам, што займеўшы і тое, і другое, людзі
зробяцца пыхлівымі ды сябелюбнымі. Яны мусяць выбраць нешта адно.
– Ну,
выбірайце, вы, цёмныя людзі! – скамандаваў Вялікі Тайі. – Наймудрэшыя нашага
краю сказалі, што дзяўчынка, якая аднойчы народзіць сваіх дзяцей, прынясе яшчэ
і ўдосыць сальмана сваім нараджэньнем. А хлопчык прынясе вам аднаго сябе.
– А ну іх,
сальманаў! – закрычалі людзі. – Дай нам будучыню, Вялікі Тайі! Дай нам
хлопчыка!
І калі дзіця
нарадзілася, гэта быў хлопчык.
– Ой, гора
будзе, гора! – узвыў Вялікі Тайі. – Вы прынізілі жанчыну-маці! Будзе вам бяда
ды голад, разор ды галеча, ох, вы, дурні! А чаму ж вы не дадумаліся, якім
паважным ёсьць нараджэньне дзяўчынкі!
Надышло лета, і
людзі з усіх паселішчаў сабраліся да ракі Фрэзар да гону сальмана. Многія
прыйшлі здалёк: з гор, з дальніх азёраў, нават з прэрыяў. Але ніводнай рыбіны
не ўвайшло ў рэкі, што выходзяць да Ціхага акіяну.
Людзі ж былі
зрабілі свой выбар. Яны забыліся, якую пашану мусілі былі аддаць маладой маці,
што збіралася адарыць іх, за гэта й былі пазбаўленыя ежы. І давялося ім спазнаць
галечу. Усю наступную зіму яны галадалі, перабіваючыся з прогаладзі ў посьніцу.
Ад таго часу ў нашым народзе заўсёды рады нараджэньню дзяўчынкі – мы баімся
страціць наш улоў.
___________________________
Прамаўляючы
апошнія словы, клучмэн узьняла рукі ад вясла. Яна адвяла пагляд ад засмужаных
абрысаў далёкіх гор ды вярнулася ў цяперашні дабраславённы год – ейная Краіна
Легендаў растала ў тумане.
– Ну, – дадала
яна, – цяпер ты бадай зразумела, чаму я рада, што ў мяне нарадзілася ўнучка:
гэта азначае добрыя сальманавыя ловы налета.
– Якая прыгожая
гісторыя, клучмэн! Але я адчуваю нейкае ўтрапёнае задавальненьне з таго, што
вашыя ведуны гэтак пакаралі людзей за іхны няслушны выбар.
– Гэта таму,
што ты сама – дзяўчынка! – засьмяялася яна.
Ззаду пачуўся
слабы шоргат крокаў. Я завярнулася ды ўбачыла Маарду рыхтык ля свайго пляча.
Надыходзячы прыліў падняў зь берагу човен, і, калі Маарда зайшла ў яго,
пасунуўшы клучмэн да кармы, ён выправіўся ў дарогу.
– Кла-хаў-я!
Бывай! – кіўнула клучмэн, апускаючы сваё вясло ў ваду зь бязгучнай
дасканаласьцю.
– Кла-хаў-я! –
усьміхнулася Маарда.
– Кла-хаў-я,
цілікамы8! – адказала я, і доўга яшчэ глядзела ім наўздагон, пакуль
іхны човен ня зьнік у дымнай далячыні.
1Сальман
— рыба сямейства ласосевых
2 Клучмэн (інд.) — кабета.
3Місія — мясцовая суполка, дзе жылі індзейцы, што прынялі
хрысціянства.
4Гайіў чыкімін (інд.) — вялікія грошы.
5Гайіў мак-а-мак (інд.) — шмат ежы.
6Тайі — правадыр.
7Чынукі — індзейскае племя, што жыве на Ціхаакіянскім
Узбярэжжы.
8Цілікам - сябар
Комментариев нет:
Отправить комментарий