Pauline Johnson-Tekahionwake
As It Was In The Beginning
Паўлін Джонсан-Тэкеянўакей
As It Was In The Beginning
Паўлін Джонсан-Тэкеянўакей
Як яно было напачатку
Яны мяркуюць, што
гэта таму, што я -- чырвонаскурая. Але я ёсьць нечым яшчэ: я
-- жанчына.
Я памятаю, як
убачыла яго ўпершыню. Ён прыйшоў сьцежкай разам з трапёрамі з "Гадсан
Бэя", і яны пасталі ў дзьвярах ціпі майго бацькі. Нават тады, чатырнаццаць
гадоў таму, ён выглядаў старым; ягоныя валасы здаваліся такімі ж тонкімі й
белымі, а рукі такімі ж дрыжачымі й бясплотнымі, як і месяц таму, калі я
бачылася з ім, -- і аб чым я малюся ягонаму Богу -- апошні раз.
Мой бацька быў
сядзеўшы ў ціпі, шліфуючы бычыны рог і палячы; мама, загорнутая ў коўдру,
схіліўшыся над сваёй працай зь пер'ем на бычынай скуры побач зь ім; а я сядзела
ля ўвахода, лайдачачы й назіраючы, як я заўсёды назірала, тонкі далёкі пас
небасхіла й прэрыі, дзівячыся, як я заўсёды дзівілася, што ж ёсьць тамака, за
імі. І тады прыйшоў ён, гэты лагодны стары з белымі валасамі й тонкім бледным
тварам. Ён быў апрануты ў даўгі чорны каптан, што быў, як я цяпер ведаю,
азнакай ягонай гаспадарцы, у ягоных руках была чорная ў скураной вокладцы
кніга, без якой усе тыя гады, што я яго потым ведала, ніколі ня бачыла.
Трапёры
патлумачылі бацьку, хто ён такі: Вялікі Настаўнік, Лекар чалавечых душаў, той
самы "Чорны Каптан", пра якога мы чулі раней; той, хто прынёс мір
туды, дзе была вайна, і чыя чароўная чорная кніга дае нешта вялікшае за ўсе
Запаветы Шчасьлівага Паляваньня нашых продкаў.
Ён шмат пра што
распавядаў нам у той дзень, бо мог гаварыць на мове Кры, а бацька слухаў і слухаў, і калі яны ўрэшце
пайшлі, бацька запрасіў яго прыходзіць і сядзець у ціпі яшчэ.
Ён прыйшоў, хадзіў
праз увесь час, і бацька прымаў яго. Але мама – ах, мама! – яна заўсёды сядзела
моўчкі, робячы пер'е. Ён ёй ніколі не падабаўся, гэты Вялікі "Чорны
Каптан".
Ягоныя расповеды
зачароўвалі мяне. Я ў захапленьні слухала аповеды аб дзіўным новым месцы, якое
ён называў "нябёсамі", аб залатой кароне, аб белых апранахах, аб
цудоўнай музыцы; і тады ён расказваў і пра тое другое дзіўнае месца -- пекла.
Мы з бацькам страшэнна не ўпадабалі яго; мы баяліся яго, яно нам сьнілася,
даводзіла нас да дрыжыкаў. О, хай бы ён спыніў гаварыць аб ім! Цяпер я ведаю,
што бачачы, як яно ўплывае на нас, ён карыстаў яго, як той венік, каб запрэгчы
нас у гэтую ягоную новую рэлігію. Але мама, ...мама, пэўна, ведала ўжо тады,
таму што кожнага разу, як ён пакідаў ціпі, яна сачыла, як ён ішоў павольна
цераз прэрыю, і калі ён хаваўся за даляглядам, здзекліва сьмяялася:
-- Калі ўжо тыя
белыя зрабілі гэнае "чорнакаптанавае" пекла, то няхай самі туды й
шыбуюць. Яно як раз для таго, хто яго першым знайшоў. Для індзейцаў няма
ніякага пекла, а толькі Край Шчасьлівага Паляваньня. Чорны Каптан мяне не
напалохае.
А потым, калі
прайшло колькі тыдняў, аднойчы, стоячы ўжо ў дзьвярах ціпі, ён паклаў сваю
старую белую руку на маю галаву й сказаў бацьку:
-- Аддай мне гэтае
дзяўчо, правадыр. Пусьці яе ў місіянерскую школу, няхай яна будзе са мной, я
буду навучаць яе вялікаму Богу й Ягоным вечным нябёсам. Яна вырасьце шляхетнай
жанчынай і вернецца, каб прывесьці свой народ да Хрыста.
Мама зыркнула
вачыма.
-- Не! -- сказала
яна.
Гэта было самае
першае слова, якое яна сказала Чорнаму Каптану.
Бацька сядзеў,
палячы. Не прайшло й паўгадзіны ён сказаў:
-- Я -- стары,
Чорны Каптан. Я ўжо не пакіну Бога маіх дзядоў. Мне не падабаюцца вашыя дзіўныя
Боскія шляхі -- усе, якія ёсьць. Мне не падабаюцца Ягоныя два новых месца для
мяне, калі я памру. Але вазьмі гэтае дзіця, Чорны Каптан, і зьберажы яе ад
пекла.
Першае гора ў маім
жыцьці было, калі я пераступіла парог місіі. Зь мяне зьнялі замшавую сукню,
сказаўшы, што цяпер я хрысьціянская дзяўчынка й мушу апранацца, як усе белыя
людзі ў місіі. О, як я ўзьненевідзела гэтую цесную новую баваўняную сукенку й
гэтыя скураныя чаравікі! Але я была малая, я нічога не сказала, толькі падумала
пра той час, калі я вырасту й буду рабіць тое, што й мая мама, і апранацца ў
аленеваю скуру й коўдру.
Маё наступнае
сапраўднае гора было, калі я пачала гаварыць па-ангельску, бо мне забаранілі
ўжываць аніводнага слова на Кры. Па правілах школы кожнае дзіця, ад якога
пачуюць родную мову, павінна атрымаць пакараньне. Я ніколі гэтага не разумела,
не магу зразумець і цяпер, чаму ўжываньне майго дарагога Кры мусіла было
выкараняцца, ці было нагодай для пакараньня.
Яна была
строгай, гаспадыня школы, але справядлівай, бо ўсё ж мела сэрца й твар, як у
свайго брата, Чорнага Каптана. Я засумавала з тае пары, што перастала называць
яго так. Трапёры ў краме называлі яго "сьв. Пол", за ягонае, як мне
казалі, самаахвярнае жыцьцё, за добрыя ўчынкі, за ягоны рэдкі прыгожы стары
твар; таму й я называла яго "сьв. Пол", але часьцей "войча
Пол", хаця апошняга тытулу ён неяк не любіў, бо быў пратэстантам. Але што
як я была ягонай любіміцай, ягонай найдаражэйшай на ўсю школу, ён дазваляў мне
гаварыць, як я хачу, ведаючы, што гэта былі толькі словы любові майго сэрца.
Ягоная сястра была ўдавой і маці сьмяшлівага русявага хлопчыка блізу майго
веку, які быў маім заўсёдным сябрам у гульнях і які вучыў мяне ангельскай на
свой собскі дзіцячы манэр. Я была прыхільная да гэтага хлопчыка, як была
прыхільная й да ягонае маці й ягонага дзядзькі, майго "айца Пола",
але калі мая дзявоцкасьць прайшла, а прыйшла жаноцкасьць, я чамусьці дзіўна
стамілася ад іх усіх; я засумавала, о, Божа, як я засумавала па старому
вольнаму жыцьцю! Гэта прыйшло з маёй жаноцкасьцю, праз вушы.
Што з таго
для мяне цяпер, што яны навучылі мяне ўсім сваім манэрам? -- іхным штукам у
адзеньні, іхнаму чытаньню, пісаньню, іхным кнігам. Што з таго, што "айцец
Пол" любіў мяне, што купцы ў краме называлі мяне харошанькай, што я была
любіміцай усіх, ад фабрыканта да бяднейшага трапёра ў прыходзе? Я хацела сваіх
людзей, свайго собскага старога жыцьця, мая кроў клікала мяне туды, але мне
заўсёды гаварылі, што я не павінна вяртацца да ціпі майго бацькі. Я чула, як
яны гаварылі міжсобку, што мяне трэба трымаць далей ад паганскага ўплыву; яны
гаварылі адзін аднаму, што калі я вярнуся ў прэрыі, у ціпі, я дэгенерую,
скачуся ў паганства, як гэта было зь іншымі дзяўчынкамі; выйду мо замуж за паганца
-- і усе гады іхнай працы й навучаньня пойдуць прахам.
Я нічога не
гаварыла, але чакала. І тады аднойчы ўначы пачуцьці нахлынулі на мяне. Я была ў
гадсанбэеўскай краме, як прыйшоў адзін індзеец з поўначы зь вялікім мехам
аленіх скураў. Як яны яго вывернулі, рапт ягонага пранізьлівага водару запоўніў
усю краму. Я падышла й на хвілінку нахілілася над скурамі, пасьля ўтапіла ў іх
твар, глынаючы, п'ючы іхны водар, што закружыў мне галаву, як віно. О, дзікі
цуд драўлянага куродыму, ягоная далікатнасьць, неўтаймаваны ягоны пах! Я піла
яго ў свае грудзі, усё маё нутро насычалася ім, аж пакуль мне не закружыла ў
галаве, а сэрца быццам скурчылася ў фізічнай агоніі. Успаміны дзяцінства
абрынуліся на мяне, паглынулі мяне. Я выйшла з крамы ў нейкім дзіўным, ціхім
шаленстве й, ідучы хутка да місіянерскага дому, сутыкнулася з айцом Полам і
запатрабавала пусьціць мяне "дадому", прынамсі на адзін дзень. Ён
прыняў просьбу з такой жа адмовай, з тым жа пяшчотным уздыхам, якім мяне так
часта адорвалі, але гэтага разу ні жаданьне, ні куродым, ні туга з таго не
паменшалі.
З начы ў ноч я
цішком зьбягала на край сяла сачыць, як садзіцца сонца за гару, наглядаць за
далёкім небасхілам і прэрыямі, тужыць і тужыць за сваім бацькоўскім домам. А
Лорэнс -- вечна гэты Лорэнс -- мой русявы, сьмяшлівы дзіцячы сябра, прыходзіў і
клікаў мяне:
-- Эстэр, дзе ты?
Мы сумуем па табе; хадзі, Эстэр, хадзі са мной.
А калі я не
вярталася ў той жа час, ён падыходзіў і клаў свае крэпкія рукі мне на плечы й
сьмяяўся мне ў вочы й казаў:
-- Гуляка, гуляка,
Эстэр; а хіба мы не можам зрабіць
цябе шчасьлівай?
Мой стары дзіцячы
сябра зьнік гады таму. Цяпер ён быў высокім, страмкім юнаком, прыгожым, як
малады правадыр, толькі са сьмяшлівымі блакітнымі вачыма й з гэтымі вечнымі
русявымі кучарыма на сківіцах. Ён быў маёй уцехай у гэтым маім паў-выгнаньні,
маім сябрам, маім братам, аж пакуль аднаго вечара гэта сталася:
-- Эстэр, Эстэр, а
хіба я не магу зрабіць цябе
шчасьлівай?
Я не адказала яму.
Адно глядзела на раўніны й думала пра ціпі.
Ён падышоў
блізка-блізка. Агарнуў мяне крэпка рукамі, я уткнулася тварам яму ў шыю, і мы
гэтак моўчкі стаялі. Я чула, як хлынула кроў з майго сэрца аж да самых кончыкаў
пальцаў. Я кахала яго. О, Божа, як я яго кахала! Адным шалёным, сьляпым раптам
ўсё гэта найшло, толькі таму што ён трымаў мяне вось так і парывіста шаптаў:
-- Не пакідай
мяне... Не пакідай мяне, Эстэр: мая Эстэр, мая дзіцячая каханка, мая
сяброўка, мая таварка, мая маленькая Кры-нічка... Няўжо ты пойдзеш да сваіх, ці
застанешся, застанешся са мной, з маімі рукамі, як яны трымаюць цябе цяпер?
Але. Больш ніякіх
ціпі, ніякіх дзікіх абшараў прэрый, ніякай задурэлай далікатнасьці задымленай
скуры, ні замшавай пасьцелі, ні мяккіх пульхных макасінаў; ні цёмных твараў
маіх суродзічаў, ні гартаннай пяшчоты салодкай Кры-мовы – адно гэты чалавек,
што трымае мяне ў сваіх руках, у сваім сэрцы. Мая душа малілася у той момант
ягонаму вялікаму беламу Богу, каб Ён даў мне адное гэта.
...Ужо на
зьмярканьні мы пераступілі браму місіі. Абое былі ўсхваляваныя да дрыготкі.
Айцец Пол чытаў вечаровую малітву ў вялікім пакоі за галяй; ягоны мяккі,
па-сьвятоцку, голас шапацеў за дзьвярыма, як нашае дабраславеньне. Я нячутна
паднялася ў свой пакой і праседзела там нерухома гадзіны.
Унізе прабіла
гадзіну апоўначы, штурхануўшы мяне ад маіх шчасьлівых летуценьняў, і ў той жа
момант мяне прывабіў выбліск сьвятла. Мой пакой знаходзіўся ў куце будынка, і
вокны зь яго глядзелі проста уніз у кабінэт айца Пола, у які ён як раз і
ўваходзіў зь лямпай.
-- Авохці, Лорэнс!
– пачула я ягоны ўскрык. – Што ты тут робіш? Я думаў, дзіця маё, што ты даўно ўжо
ў ложку!
-- Не, дзядзька,
ня ў ложку, але ў снах, -- адказаў Лорэнс, падымаючыся з вакна, дзе ён, пэўна,
правёў такія ж начныя гадзіны, як і я.
Айцец Пол крыху
пакорпаўся, знайшоў сваю вялікую чорную кнігу, зь якой ён гэтым разам такі
расстаўся, і ўжо зьбіраўся пайсьці, як цікаўнасьць да абставінаў, чаму Лорэнс
знаходзіцца тут у такі незвычайны час, здаецца, стукнула яму ізноў.
-- Хадзі лепш
спаць, сыне мой, -- сказаў ён проста і потым дабавіў зь цікаўнасьцю. –
Што-небудзь здарылася, што трымае цябе тут?
Тады Лоренс
сказаў:
-- Не, дзядзька.
Хіба... адно.., што я – шчасьлівы і усё.
Айцец Пол стаяў,
няўцямны. Потым:
-- Гэта -- ...?
-- Эстэр – сказаў
Лорэнс ціха, але з годныміі, такімі
прывабнымі вачыма.
Айцец Пол паставіў
лямпу на стол, але, як звычайна, не выпускаючы з рук той чорнай кнігі, вялікага
казаньня свайго жыцьця. Ягоны твар быў яшчэ бялейшым, чым я калісь бачыла –
магільным.
--
Распаведзь, -- патрабаваў ён.
Я
выцягнулася са свайго вакна й бачыла іх абаіх. Я слухала ўсім сваім сэрцам, бо
ж Лорэнс гаварыў пра мяне, пра сваё каханьне, пра новую радасьць, што адкрылася
нам у тую ноч.
-- Ты
нічога не сказаў ёй аб шлюбе? – спытаўся айцец Пол.
-- Ды не.
Але яна пэўна разумее, што...
-- Ты
гаварыў аб шлюбе? – паўтарыў ойча Пол з суворым звонам у голасе, што быў
для мяне навіной.
-- Не.
Але...
-- Добра.
Тады добра.
Кароткае
маўчаньне. Лорэнс стаяў, уперыўшыся ў старога, як быццам першы раз яго бачыў, і
назіраючы, як той, падсунуўшы вялізны фатэль да стала, павольна ўсеўся ў яго;
потым мэланхалічна ёрзаючы, разваліўся ў ім. Галава старога ладна нахілілася,
але вочы, бліскучыя, былі надзіва прывабныя . Ён пачаў:
-- Лорэнс,
дзіця маё, твая будучыня ёсьць найдаражэйшым для мяне з усіх зямных інтарэсаў.
– Чаму ты ня можаш ажаніцца з гэтай дзяўчынай... Не, не, сядзі, сядзі,
дай жа ж я скончу. – дабавіў ён падвышаным тонам, як Лорэнс запярэчліва
ўскочыў. – Я ўжо даўно вырашыў, як табе добра ажаніцца. Ну, напрыклад, з дачкой
фабрыканта з Гадсон Бэю.
І тут
Лорэнс пырснуў рогатам:
-- Як,
дзядзька? Ідачка Макінтош? Ажаніцца з гэтым жаўтавалосым пульхным мячыкам,
гэтым кацянём, гэтай пекнай лялечкай?
-- Чакай!
-- сказаў айцец Пол з мяккай настойлівасьцю. – Яна ж белая, Лорэнс.
Мой каханы
схамянуся.
-- Што,
дзядзька? Што ты маеш на ўвазе? – прамармытаў ён.
-- Толькі
гэта, сын мой: бедная Эстэр, яна ж – сумніўнай крыві. Як гэта так, табе –
пляменьніку місіянера, прыёмнаму сыну, можна сказаць, – ажаніцца з дачкой
паганскага індзейца? Ейная маці безнадзейна нецывілізаваная; у ейнага бацькі
хаця й ёсьць нейкія рыскі француза, але...
Паўкроўка, разумееш, дзіця, паўкроўка.
Потым,
прыжмурыўшы хітра вочы, ён дабавіў так жа мякка й безапэляцыйна:
--
Нядобрай, нядобрай мяшанкі кроў, ты ведаеш гэта. Ты ведаеш таксама, што
я люблю гэтую дзяўчыну, бедную дарагую Эстэр. Я хацеў адвесьці яе ад злога
паганскага ўплыву; яна ж дачка нашае Царквы; і я хачу, каб у яе не было іншых
бацькоў. Але ніколі нельга сказаць, што тоецца ў замкнёным у клетцы зьверы,
які некалі быў вольным. Я ўсім сэрцам зь індзейцамі, сыне мой; усё маё
сэрца, усё маё жыцьцё прысьвечана таму, каб прывесьці іх да Хрыста, але
ажаніцца з адным зь іх – гэта зусім іншая рэч.
Ягоныя
маленькія старыя вочы былі ўпіўшыся ў Лорэнса, як каршун у пацука. Сэрца маё
ільдзінай абрынулася долу.
Лорэнс,
белы, бездыханны, моўчкі ўтаропіўся ў яго.
-- Зьедзь
куды-небудзь, -- узняўся стары. – У Вініпэг, Таронта, Манрэаль. Забудзь яе.
Потым вяртайся да Іды Макінтош. Яднаньне Царквы й Гадсон Бэю будзе добрай
справай і зможа ўрэшце рэшт садзейнічаць мэце майго жыцьця -- цывілізацыі ўсяго
племені, дзеля якога мы столькі працуем, каб прывесьці яго да Бога.
Я слухала,
седзячы, што скамянелая. Няўжо гэтыя словы вымаўляліся маім найпачасьнешым
настаўнікам, тым, каго я шанавала, як аднаго з тых сьвятых зь ягонай чорнай
кнігі? Ат, не, мне не падалося гэта. Мой белы бацька, мой сябра, які усё
жыцьцё ўдаваў, што любіць мяне, што
клапоціцца аб маім шчасьці, спанукаў чалавека, якога я кахала, забыць мяне,
ажаніцца з дачкой фабрыканта – таму што... чаму? Таму, што ў мяне чырвоная
скура, таму, што ў мяне старая добрая годная паганская маці й прыстойны
франка-індзейскі бацька. Раптам у вадначасьсе выявілася, што ўся ягоная апека,
ягоная паказная любоў, якой ён мяне адорваў ад самага майго дзяцінства, -- іх ніколі
й не было. Я ненавідзела гэтага старога місіянерскага сьвятара, як я
ненавідзела ягонае бела-людзкае пекла. Я ненавідзела ягоныя даўгія белыя
валасы; я ненавідзела ягоныя танклявыя белыя рукі; я ненавідзела ягоная цела,
ягуную душу, ягоны голас, ягоную чорную кнігу – ох, як я ненавідзела ўсё, што
тычылася яго.
Лорэнс
сядзеў нерухома, тварам ў далоні, а стары працягваў:
-- Не-не,
толькі не дачка тае паганскае маці, ты ня можаш давяраць ёй, сыне мой. Што ты
будзеш рабіць з жонкай, якая можа ў любы дзень кінуць цябе й вярнуцца да сваіх
прэрыяў ды аленіх скураў. Ёй нельга давяраць.
Ягоныя вочы звузіліся, заблішчэлі, і
таямніча, па-змоўніцку, нахіліўшыся да Лорэнса, ён зашаптаў:
-- Успомні
ейную маўклівасьць, ейны нячутны поступ; гэтая дзяўчына шульгае вакол, што той
прывід; а ейныя хуткія пальцы, ейная прага да волі – я ня ведаю, чаму, але пры
ўсёй маёй прыхільнасьці да яе, яна нагадвае мне нешта дзіўнае – зьмяю.
Лорэнс
здрыгануўся, падняў твар і глуха прамовіў:
-- Ты маеш
рацыю, дзядзька. Пэўна, што мне ня варта... Я зыйду, я забуду яе й тады...
тады, хай... так, ты маеш рацыю, гэта, сапраўды, іншая рэч – ажаніцца з
адным зь іх.
Стары
падняўся. Нядужыя пальцы ўсё так жа сьціскалі чорную кнігу; мяккія, белыя
валасы апраўлялі ягоны лоб, што ў таго апостала; вочы палагоднелі, згубіўшы
хітры пагляд; плечы выпрасталіся ў постаць прыстойнага пасланьніка жывога Бога
– ён прадстаўляў сабой таго, каго гандляры называлі “сьв. Пол”.
--
Дабранач, дзядзька. І дзякуй, што ты дапамог мне апамятацца.
Гэта былі
апошнія словы, якія я пачула з вуснаў і таго старога шатаны, і ягонага слабога,
няшчаснага родзіча. Ойча Пол завярнуўся й пайшоў з пакою. Я глядзела, як ягоныя
сухія рукі – рукі, якія я так часта адчувала на сваёй галаве падчас сьвятых
дабраславеньняў – клацнулі дзьвярной клямкай, павольна павярнулі яе, потым, з
бледным тварам, захіліўшы галаву ў свае думы, ён выйшаў з пакою – выйшаў разам
з вар’яцкім ядам маёй нянавісьці, што рушыла ўсьлед за ім, як той д’ябал, пра
якога ён мяне навучаў.
І што
цяпер зь ягонай дабрынёй і апекай? Што мне да ягонага Бога, зь ягонымі нябёсамі
й ягоным пеклам? Ён выкраў мяне з маёй роднай веры, ад маіх бацькоў, маіх
суродзічаў, і урэшце, ад таго жыцьця ў каханьні, якое магла б запекаваць такая
годная жанчына, як я.
Божа! Як я ненавідзела яго!
Божа! Як я ненавідзела яго!
Я
пракралася да каморы ў маім пакойчыку. Намацала клунак, у які не заглядала
гадамі – так, ён тут. Замшавая сукня, у якую я была апранутая маленькай
дзяўчынкай, калі мяне прывезьлі да місіі – засунула яе падпахі й нячутна сышла
па лесьвіцы. Загляну ў кабінет, скажу “бывай” Лорэнсу, і потым...
Я
расчыніла дзьверы. Ён ляжаў на канапе, дзе нядаўна шчэ сядзеў белы й зьнямелы,
слухаючы айца Пола. Я ціхенька падышла да яго. Божа ў нябёсах, ён ужо спаў! Як
я нахілілася да яго, уся паўната ягонай дасканалай прыгажосьці адразу ахінула
мяне. Страмкая фігура, круглы рот, які амаль што сьмяяўся нават у сне, сьветлыя
раскіданыя валасы, гладкая шыя.
Божа! Як я яго кахала!
Божа! Як я яго кахала!
І тут
намаляваўся вобраз дачкі фабрыканта. Я ненавідзела яе. Я ненавідзела ейны
дзіцячы тварык, жоўтыя валасы, бялявую скуру. “Ня выйдзе яна за яго замуж!” –
сказала мая душа. – Я заб’ю яго – заб’ю ягонае прыгожае цела, ягонае ілжывае,
крывадушнае сэрца”.
Здаецца,
нехта гаварыў у маім сэрцы. Ён гаварыў і гаварыў ізноў: “Забі яго, забі. І ён
не дастанецца ёй. Забі. Гэта разаб’е сэрца айцу Полу й атруціць ягонае жыцьцё.
Ён забіў самае дарагое ў цябе, у тваёй жаноцкасьці – забі ягонае
дарогое, роднае, ягоную надзею – сына сястры, пляменьніка Лорэнса”. Але як? як?
Як там
казаў той гадкі стары: да каго я падобна? Да дзіўнай зьмяі. Зьмяя? Ідэя
сама вілася вакол мяне зьмяінымі кольцамі. Што гэта тут, у маёй клумцы,
расшытай бусінамі, у маёй скураной сукні? Маленькая пушачка з драўлянай кары,
што дала мне мама на растаньне са словамі: “Не чапай зашмат, але, можа, будзе
час, калі ты захочаш гэта!” О! Я добра ведала, што гэта – завостранае пёрка,
змочанае ядам нейкай дзіўнай зьмяі.
Я
ўкленчыла перад ім і даткнулася вуснамі да ягонай рукі. Я багоміла яго. О, як,
як я яго кахала! І тут зноў перад вачыма ейны дзіцячы тварык, ейныя
жоўтыя валасы... Я драпнула двойчы яму па запясьцю кончыкам пяра. Адна
маленечкая кропелька чырвонай крыві вылузлася, ён паёрзаў. Я пагасіла лямпу й
высьлізнула з пакою – з дому.
Па начах
мне сьняцца жахі бела-людзкага пекла. Навошта яны навучалі мяне яму, толькі каб
шпурнуць мяне ў яго?
Мінулай
ноччу, калі я коўзалася побач з маці па бычыных скурах, Дэн Гандэрсан, трапёр,
палячы, разгаварыўся з бацькам. Ён сказаў, што стары айцец Пол зусім згорбіўся
ад гора, што пасьля майго зьнікненьня я пад падазрэньнем, але доказаў няма.
Хіба гэта не было проста ўкусам зьмяі?
Яны мяркуюць, што гэта таму, што я -- чырвонаскурая.
Здаецца,
яны забыліся, што я – жанчына.
Пераклад Ірыны Варабей
Комментариев нет:
Отправить комментарий