20 декабря 2015 г.

Гэная во, пра Каёта, што крочыў на захад

Thomas King

Гэная во, пра Каёта, што крочыў на захад

            The One About Coyote Going West

Вось гэтая пра Каёта. Што крочыў сабе на захад. У госьці да сваякоў. Гэта ён так кажа. Вы мусіце пабачыць гэнага. Круцель такі. Хітрыкаў поўна галава. Не, не, не, не, кажа той. Я толькі ў госьці.
Іду да Крумкача.
Ото ж, кажу я. Гэны яшчэ той махляр.
Каёт заварочвае да маёй хаты. Віхляе хвастом. Вырабляе ім радасныя гукі. Усаджваецца у мяне на прызьбе. Азіраецца. З усьмешачкай, гэнай. З зубамі, гэнымі. Ды засоўвае сваю пысу ў маю гарбату. Маю цудоўную гарбату. Вынь пысу з маёй гарбаты, кажу я.
Іду наведаць сваіх сяброў, кажа ён. Расказаць тым гісторыі. Паправіць сьвет. Наладзіць яго.
Ото ж, як страшна, Каёт зноў будзе правіць сьвет.
Пасядзі тут, кажу. Пад’еш чаго. Цяжкая справа, гэная, сьвет наладжваць. А можа, у цябе ёсць песьня. Можа, добрая байка.
А як жа, кажа Каёт. Ды страляе вушамі, гэны. Ды аблізвае сабе вусы.
Я падсоўваю ногі пад лаву. Мушу схаваць пальцы. Часам гэты круцель пакідае на лаўцы сваю скуру, быццам сядзіць сам. Скура Каёта. А Каёта – няма. Рыскае крадком недзе побач. Цап за пальцы. Будзеш скакаць тады.
Чытаў я гэныя кніжкі, кажа ён.
Дык ты пэўна ж разумны Каёт, кажу я.
Анягож, кажа ён.
Дык можа, у цябе ёсьць добрая гісторыя для мяне, кажу я.
Чытаў я гэную гісторыю, кажа Каёт. Ды наравіць зноў упхнуць свой нос у маю гарбату. Яна ўся пра тое, хто ж знайшоў нас, Індзейцаў.
 Го, кажу я. Гэныя старыя мне падабаюцца. Гэныя – найлепшыя. Ты мне раскажы сваю гісторыю, кажу я. І, можа, да нас тут завітае якісь абаранак. А можа, і тушонка з ласяціны забрыдзе на тваю гісторыю.
Добра, кажа ён ды запявае песьню сваёй гісторыі.
Сьнег на зямлі а зьмеі сьпяць.
Сьнег на зямлі а у мяне моцны голас.
Сьнег на зямлі а зьмеі сьпяць
Сьнег на зямлі а у мяне моцны голас.
Вось гэтак ён сьпявае. І хвастом гэтак, віхляе. З усьмешачкай, гэнай. Сядзіць тут.
Можа, расказаць табе гэную, пра Эрыка Шчасьліўца ды Вікінгаў, што гулялі ў гакей для старых заўзятараў ды знайшлі нас, Індзейцаў, у Нюфаўндлэндзе, кажа ён.
  А можа, расказаць табе гэную, пра Хрыстафора Карцьера, што шукаў чаго-небудзь добрага паесьці. А знайшоў нас, Індзейцаў, у рэстаране, у Манрэалі.
         А можа, расказаць табе гэную, пра Джэка Калумба, што падняўся па той рацэ, а Індзейцы ўжо чакалі яго там. Мы ўсе там махалі ды крычалі: мы тут, мы тут.
         Гэтыя гісторыі ведаюць усе, кажу я. Гісторыі ад белых. Нейкія дзіцячыя казкі ў цябе ў роце.
         Не, не, не, не, кажа Каёт. Я прачытаў гэныя ў той старой кніжцы.
Гэй, кажу я. Ты ўжо падладжваесься да маіх пальцаў. Усе ведаюць, хто знайшоў нас, Індзейцаў. Эрык Шчасьлівец ды гэны Хрыстафор Карцьер ды гэны Джэк Калумб прыйшлі пазьней. Гэныя ж згубіліся. Валацугаліся ўсюдых. Плавалі туды-сюды. Заблыталіся. Ой, ой, ой, ой, плачуць гэныя, мы згубіліся, мы згубіліся! Дык мы мусілі знайсьці іх. Дапамагчы ім. Накарміць. Паказаць тут усё.
Але, кажу я. Вялікая памылка, была гэная.
Ты такая разумная, бабуля, кажа Каёт, ды апускае вочы долу. Быццам сьпіць. Дык можа, ты ведаеш, хто адкрыў Індзейцаў.
А то ж, кажу я. Усе ведаюць. Гэта быў Каёт. Гэта ён.
Ой, дзядуля, кажа гэны Каёт. Раскажы мне гэтую гісторыю. Я люблю гэныя, пра гэнага падступніка. Я, здаецца, ня ведаю такой гісторыі, кажа ён.
Дзіва што, кажу я. Слухай уважліва.
Каёт трымаў шлях на захад. Вось як я заўсёды пачынаю гэтую гісторыю. А на сьвеце яшчэ нічога не было. Адно Каёт. Мог нават бачыць усю дарогу наперад. Ніякіх табе гор тады. Ніякіх рэк тады. Ніякіх лясоў тады. Чыста роўнядзь. І тады ён пачаў вырабляць рэчы. Пачаў наладжваць сьвет.
Як цікава, кажа Каёт. І вымае сваю пысу з маёй гарбаты.
Так, кажу я. Самы пачатак. Каёту шмат чаго трэба было зрабіць.
Скажы, бабуля, кажа Каёт. А што той разумнік зрабіў найперш?
Ну, кажу я. Можа, ён зрабіў вось тое дрэва, што ля ракі. Можа, ён зрабіў таго быка. Можа, ён зрабіў тую гару. Можа, ён зрабіў тыя аблокі.
Можа, ён зрабіў тую прыгожую вясёлку, кажа Каёт.
Не, кажу я. Тую ён не рабіў. Тую зрабіла Норка.
Можа, ён зрабіў тую прыгожую поўню, кажа Каёт.
Не, кажу я. І тую ён не рабіў. Тую потым знайшла ў сажалцы Выдра.
          Можа, ён зрабіў акіяны з той блакітнай вадой, кажа Каёт.
Не, кажу я. Акіяны ўжо былі. Нічога з гэтага ён не рабіў. Першае, што зрабіў Каёт, кажу я Каёту, была – памылка.
Ажно во, выпрастаўся Каёт. Вылупіў вочы, гэныя. Хвост, гэны, замёр. І гэны сглынуў сваю усьмешачку.
        Ды вельмі вялікую, кажу я. Каёт ішоў на захад, разважаючы, што б яму зрабіць. Гэны намагаўся думаць аб усім адразу. І таму ён не заўважыў тую яму. Таму ён уваліўся ў тую яму. Тады і ўсе тыя думкі зваліліся разам. Гэныя пазьбіваліся адна аб адну. І гэныя павысыпаліся з Каётавых вушэй. У тую яму. Ах, заплакаў той Каёт. Я праваліўся ў яму. Я, напэўна, зрабіў памылку.
          А то.
Дык вось тая яма. І вось той Каёт у яме. І вось тая вялікая памылка ў той яме з Каётам. Го, кажа тая памылка. Ты, напэўна, Каёт.
Тая памылка вельмі вялікая, а яма малая. Мала месца. Не хачу нават казаць табе, як яна выглядае тая памылка. Першая памылка ў сьвеце. Даволі страшная. Так-так, не магу нават глядзець. Мушу заплюшчыць вочы. Табе таксама лепей заплюшчыць вочы, кажу я Каёту.
Добра, я заплюшчу, кажа ён ды закрывае вочы лапамі. Аж мяне ён не надурыць. Я ж бачу, што ён маніць.
Не падглядвай, кажу я.
Добра, кажа ён. Ня буду.
Дык вось, той Каёт думае пра яму. А думае ён пра тое, як яму выбрацца з тае ямы. І думае, як жа яму запхнуць тую памылку назад у галаву.
Чуеш, ты там, кажа тая памылка. Што ты сабе думаеш?
Я прыдумваю песьню, кажа Каёт. Я прыдумваю такую песьню, каб зрабіць гэтую яму паболей.
Цалкам слушна, кажа тая памылка. Дай-ка я паслухаю ўсю песьню.
Але гэна зусім ня тое, што Каёт засьпяваў. Ён засьпяваў такую песьню, каб зрабіць памылку паменей. Але памылка ўчуяла гэна. І гэная памылка хваць! Каёта за нос. І гэная ўхапіла за пысу так, што той ня можа сьпяваць. І гэная скоча уверх-уніз па Кайоце, аж пакуль той зрабіўся пляскатым. Тады той выскоквае з тае ямы. Гойсае кругом, ня ведае, як даць рады.
Але ж, Каёт чуецца даволі кепска. Усё ягонае цудоўнае футра зьлямчана ды пабіта на дзіркі. І так яму цяжка думаецца, дык ён прыдумвае гаючую песьню. І ён спрабуе прасьпяваць гаючую песьню, але ж пысы ў яго няма, гэная недзе валяецца. Тады ён думае яшчэ мацней ды спрабуе прасьпяваць носам. Але з носу гукаў не атрымалася, адно пацякло зашмат. Ён спрабуе прасьпяваць тую песьню вушамі, але тады вушы нічога ня чуюць.
Тады гэны дурань думае яшчэ мацней ды вырашае прасьпяваць сваім азадкам. Бзззд! Бзззд! Гэта тое, што той азадак вымаўляе, і воміг зьяўляецца нейкі запашок. Бзззд.
Халера, думае Каёт. Нешта сьмярдзіць.
Гэны Каёт кладзецца плазам ды спрабуе, спрабуе. Даволі хутка, мо праз два дні, мо праз год, ён навучае той азадак сьпяваць. Тую песьню. Тую гаючую песьню. І вось той азадак сьпявае тую песьню. І Каёту робіцца лепей. І Каёт ужо ня чуецца такім пляскатым. Бзззд! Бзззд! Усё яшчэ сьмярдзіць, але Каёту добра.
Гэны аглядае тую яму. Знаходзіць сваю пысу. Прыладжвае яе на месца. Тады ён кажа свайму азадку. Гэй, хопіць ужо сьпяваць. Годзе тут сьмярдзець ужо. Але, паглядзі ты, гэнаму азадку спадабалася сьпяваць, дык гэны азадак сьпявае сабе, ды сьпявае.
А ну, спыніся, кажа Каёт. Ты ж затхнеш цэлы сьвет. Але ён не спыняецца. Тады Каёт выскоквае з тае ямы ды імчыць праз прэрыі. Але той азадак – за ім. Бзззд. Бзззд. Каёт ускоквае ў возера, але азадак ня топіцца. Ён і там сьпявае сабе.
Гэй, хто там сьпявае, кажа нехта.
Ага, і хто там гэтак сьмярдзіць, кажа другі голас.
Ну, пэўна што Каёт, кажа трэці голас.
Так, кажа чацьвёрты голас. Ня йнакш, гэта – Каёт.
А гэты Каёт сядзіць у мяне на лаўцы, з пысай у маёй гарбаце, ды кажа, а я ведаю, я ведаю, чые яны, тыя галасы. Гэта усё хітрыкі той памылкі. Яшчэ ж нічога не выраблена.
Не, кажу я. Тая памылка занятая іншай справай.
Тады тыя галасы – гэта духі, кажа Каёт.
Не, кажу я. Тыя галасы належаць тым качкам.
Каёт выпрастоўваецца на маёй лаўцы. Гэй, кажа ён, а качкі адкуль узялілся?
Супакойся, кажу я. Усё будзе добра з гэнай гісторыяй. Зь ёй усё у парадку. Гэтая гісторыя ведае, куды ідзе. Сядай. Не вылазь са скуры.
Дык вось.
Каёт аглядаецца, ды бачыць гэных, чатырох качак. На тым возеры. Го, кажа ён. Качкі, вы адкуль узяліся? Я ж яшчэ не зрабіў вас.
Але, кажуць гэныя, качкі. Мы тут чакалі-чакалі, але ж ты не прыйшоў. А мы стаміліся чакаць. Дык мы зрабіліся самі.
Я быў у яме, кажа Каёт.
Бзззд. Бзззд.
А што гэта за гукі, кажуць гэныя, качкі. А што гэта засьмярдзела тут?
Ай, не перймайцеся, кажа Каёт. Можа, вы тут бачылі нешта, міма праходзіла. Можа, вы дапаможаце мне знайсьці гэнае нештачка, што я згубіў. Можа вы дапаможаце мне вярнуць гэнае.
Качкі, гэныя, паплылі вакол, ды размаўляюць міжсобку. Яно такое страшнае было на выгляд? Так, кажа Каёт, страх якое. У яго такое брыдкае футра? Так, кажа Каёт, думаю, яно такое й было. І ад яго было столькі шуму? Пытаюцца яго качкі, гэныя. Так, гоману ад яго было, кажа Каёт. І яно сьмярдзела, качкам гэным трэ ведаць. Так, кажа Каёт. Ой, вы, качкі, пэўна бачылі гэнае маё нешта.
Так, кажуць гэныя, качкі. Яно вунь рыхтык за табой.
Тады Каёт заварочваецца, а там нічога няма.
Яно-такі за табой, кажуць качкі.
Каёт заварочваецца і зноў нічога ня бачыць.
Бзззд! Бзззд!
Халера, кажуць тыя качкі. Што за зык! Што за тхон! Гэтак яны кажуць. Што гэна за вырадак у футры!
Ат, не пераймайцеся, кажа той Каёт ізноў. Гэта ня тое, што я шукаю. Я шукаю нешта іншае.
Можа, ты шукаеш Індзейцаў, кажуць гэныя, качкі.
Гэх, гэны Каёт вельмі зьдзіўлены, бо Індзейцаў ён таксама яшчэ не зрабіў. От жа, кажа гэны, цэльнае свавольства кругом. Будзе гэнаму сьвету гамон.
Анягож.
Гэтак Каёт гамоніць з качкамі, і даволі хутка пачуўся гоман. І даволі хутка, бачаць, нешта ідзе. І качкі, гэныя, кажуць, вой, вой, вой, вой. Яны гэтак кажуць, нібыта бачаць бяду. Але гэта не бяда. Тое, што прыйшло, выявілася ракой.
Здароў, кажа рака. Добры дзянёк. Можа, хочаш скупацца? Але Каёту купацца ня хочацца, аж ён глядзіць на раку, глядзіць на яе. Нешта тут ня тое, кажа ён. А дзе ж камні? Дзе ж парогі? Куды ты падзела вадаспады? І чаго ты так выпрасталася?
Дык Каёт мае рацыю. Рака, гэная, яна табе і гожанькая, і гладзенькая, і выпрастаная, без усялякіх табе там выкрутасаў ды падкіндэсаў. І цячэ на два бакі, ня так, як рэкі цяпер.
Непарадак, кажа Каёт, трэ паправіць. І давай папраўляць. Насыпае ў раку камянёў ды напраўляе гэнак, каб цякла ў адзін бок. Грувазьдзіць парачку вадаспадаў ды стромаў, дзе вада пабегла шпарчэй.
Ну вось, Каёт справіўся, спрацаваўся, і гэныя качкі стаміліся ўжо сачыць, што ён там вырабляе. Таму Каёт садзіцца. Таму заплюшчвае вочы. Ды ўтыкае нос сабе ў хвост.
А тут качкі, гэныя, як заравуць, прачніся, прачніся! Глядзі, нешта вялізнае шыбуе сюды! І не здарма.
А гэна – гара прысунулася сюды, ды пасьвіствае сабе. Радасная такая, гара. Пуцатая такая, гожая. А на гары поўна там вінаграду ды ўсялякага такога паесьці. Яблыкі, персікі, вішні.
Нуякмаецеся, кажа гара, ветлівая гэная. Як хораша сёньня сьвішчэцца.
Каёт глядзіць на тую гару, і гэны качае галавой. Ну не, кажа ён, гэная гара цалкам няправільная. Чаго гэта ты такая гожая, такая круглая? Дзе гэныя скалістыя вяршыні? Дзе ўсе гэныя ўрвішчы? А сьнег куды падзеўся? Людцы мае, гэную таксама трэ напраўляць! І давай напраўляць.
Дзядуля, дзядуля, кажа гэты Каёт, што сядзіць на маёй лаве, з пысай у маёй гарбаце. Навошта гэны Каёт правіць усе гэныя добрыя рэчы?
О, які хітры, пытаецца ён мяне. Я глянуў у гэнныя вочы. Схапіў за гэнае вуха. Ды хваць! за нос. Э, пусьці мой нос, гэты Каёт кажа.
Добра, кажу я. І Каёт застаўся ў сваёй скуры. Ты пэўна ж ведаеш, навошта Каёт зьмяніў тую шчасьлівую раку. Навошта зьмяніў тую гару, што соўгалася сабе, пасьвістываючы.
Не, кажа гэты Каёт, ды азіраецца па маёй хаце, ды аблізваецца, робячы гэныя, дзіцячые такія гукі.
А можа, гэта проста таму, што ён нядобры такі, кажу я.
Ой, не, кажа Каёт. Ён такі мілы, такі ўважны.
А можа, таму, што ён ня надта разумны.
Ой, не, кажа Каёт. Той Каёт вельмі мудры.
А можа, ён проста зрабіў памылку.
Ой, не, кажа Каёт. Ён жа быў ужо зрабіў адну.
Ото ж, кажу я. Ну тады, Каёт, пэўна, робіць усё слушна. Пэўна, ён напраўляе сьвет, каб ён быў правільны.
Так, кажа Каёт. Пэўна што. Ну, і што гэны геній зрабіў далей?
Усе ведаюць, што Каёт зрабіў далей, кажу я. Малыя дзеткі ведаюць, што Каёт зрабіў далей.
Ну, не, кажа Каёт. Я ніколі ня чуў гэтай гісторыі. Ты такі цудоўны казальнік. Якую гожую гісторыю пра Каёта ты мне расказаў.  
Халера, за гэным трэ сачыць цэлы час. Ды хаваць свае пальцы, што на нагах.
Дык вось, кажу я. Каёт думае пра тую раку. Ды думае пра тую гару. І думае ён, пэўна нехта тут дуркуе. Таму ён азіраецца вакол. Ды ідзе шукаць таго, хто робіць усю гэную дурніцу са сьветам.
Ён ідзе на поўнач – там нікога. Ідзе на поўдзень – і там нікога. Ідзе на ўсход – і там таксама нікога няма. Ідзе на захад – а там цэлая гара шын ад сьнегаходаў.
А там – нейкія целявізары. Там – нейкія пыласосы. Нейкая купа пастэльных прасьцінаў. Нейкі вільготнік паветра. І там – на партатыўнай газавай барбікюшніцы сядзіць сабе тая вялізная памылка ды чытае нейкую кнігу. Каталог унівэрмагу.
Здароў, кажа тая вялікая памылка. Ня хочаш сабе гідраўлічны дамкрат?
Не, кажа гэны Каёт. На халеру ён мне. Але ён так і не сказаў той памылцы, што ён насамрэч хоча, бо пабаяўся зноў пазбавіцца сваёй пысы. Але як толькі ён узгадаў пра тое, як быў пляскаты ды ўвесь пабіты на дзіркі, дык азадак, гэны, прачнуўся адразу ды засьпяваў. Бзззд. Бзззд.
А што там за шум? кажа тая вялікая памылка.
Я тут Індзейцаў шукаю, кажа Каёт, хуценька так. Ты ня бачыла каго?
А што тут засьмярдзела так?
Ой, не пераймайцеся так, кажа Каёт. А Індзейцаў тут не было?
На во печ для грэнак, кажа тая памылка.
Ды на халеру мне усё гэта, кажа Каёт. Кінь вырабляць гэна усё! Ты ж заладуеш увесь сьвет.
Хочаш кампутар з каляровым маніторам? Тая памылка нават не высунула носа з той кніжцы, і гэныя рэчы ўсё грувазьдзяцца цэлымі горамі вакол Каёта.
Кінь, кінь ты гэта! крычыць Каёт. І яму ў лапы плюх! гольфны вазок. І на галаву пасыпаліся гольфныя мячыкі. Дай сюды гэную кнігу, пакуль увесь сьвет не перакуліўся!
То ж карысныя рэчы, кажа тая памылка. Вельмі патрэбныя дзеля ўпрыгожаньня сьвету. Індзейцам яны цалкам спатрэбяцца.
Дзе тыя Індзейцы? кажа Каёт.
І тая памылка бачыць, сапраўды, няма іх. Давай мо лепей зробім Індзейцаў, кажа тая памылка. Тады гэная глядзіць у каталог, але там няма ніякіх Індзейцаў. І Каёт ня дась рады, як іх рабіць. Ён ужо рабіў чытыры рэчы.
Я ўжо зрабіў чатыры рэчы, кажа ён. І мне цяпер патрэбна дапамога.
Мы можам дапамагчы, кажуць нейкія галасы. А гэта – тыя качкі, прыплылі сюды. Мы можам дапамагчы табе зрабіць Індзейцаў, кажа белая качка. Так, мы можам гэтае, кажа зялёная качка. Мы ўжо думалі пра гэта, кажа сіняя качка. І ў нас ёсьць адна задумка, кажа чырвоная качка.
Га, гэны Каёт ня ведае, што й рабіць. Таму ён кажа качкам, давайце ўжо рабіце што-небудзь, бо гэная гісторыя ўжо так зацягнулася, такая доўгая, што ўсе ўжо хочуць дахаты.
Ты шчэ ня сьпіш? кажу я Каёту. Яшчэ тут?
Так, так, бабуля, кажа Каёт. Ну, й што тыя разумніцы-качкі зрабілі?
Я кажу Каёту, што тыя качкі зьнеслі яйкі. Ну, качкі, бач, робяць гэтак. Белая качка зьнесла яйка, а яно сіняе. Чырвоная качка зьнесла яйка, а яно зялёнае. Сіняя качка зьнесла яйка, і яно чырвонае. Зялёная качка зьнесла адно, і яно белае.
Давайце, кажуць качкі, гэныя, цяпер засьпяваем. Затанчым. І яны пайшлі ў скокі. Каёт, тая вялікая памылка, качкі – усе скочуць вакол яек. Скочуць яны, скочуць, спяваюць, сьпяваюць – канца гэтаму няма. Каёт ужо й есьці захацеў, згаладаўся, бач.
Гэй, кажа ён, я ведаю гэны танец. Вы ж мусіце заплюшчыць вочы, пакуль танчыце, бо нічога не атрымаецца. Закрывайце крэпка вочы. Добра, кажуць качкі, можам і закрыць. І яны заплюшчваюць гэныя, вочы. І тая вялікая памылка заплюшчвае таксама.
А Каёт не заплюшчвае. І як усе пачалі зноў скакаць, Каёт прытанцоўвае да белай качкі, ды цап! яе за белую шыйку.  
Як ён яе схапіў, яна як заляпае крыламі! Тады тая вялікая памылка чуе гэны гоман ды расплюшчвае вочы. Гэй, ты, кажа тая вялікая памылка, гэтак не танцуюць!
Далібог, твая праўда, кажа Каёт ды адпускае качку. Гэта я нешта зь іншым танцам паблытаў.
І яны зноў пачалі танцаваць. А Каёт жа есьці хоча. Дык ён хапае сінюю качку, і гэную цяпер – за крылы. Але тут галодны Каётавы страўнік як завурчыць, і тая вялікая памылка расплюшчвае вочы ды бачыць сінюю качку ў Каётавых зубах. Гэй, кажа тая вялікая памылка, зноў ты наблытаў!
Твая праўда, кажа Каёт, выплёўвае качку ды гладзіць тую па шыйцы. Добра, што ты тут побач на дапамогу мне з гэнымі танцамі.
Зноў усе пачалі танцаваць, і на гэты раз Каёт воміг хапае зялёную качку ды запіхвае хуценька ў глотку так, што ў яго з пысы адныя качкіны жоўценькія лапкі боўтаюцца. Дык гэныя лапкі лыпаюць Каёту па вачах, аж ён нічога ня бачыць, дзе ён туляецца, ды ўбухваецца проста ў тую вялікую памылку, а тая вялікая памылка заварочваецца паглядзець, што гэта такое тут робіцца.
Го, кажа тая вялікая памылка, ты ж ні ў халеру ня бачыш, куды прэсься, з гэнымі лапамі на мордзе. Дай сюды, і яна выцягвае тую зялёную качку з Каётавай глоткі. Ну, ты зусім пашкодзісься, гэтак танцуючы.
Ты – сапраўдны сябар, гэтак апякуесься мною, кажа Каёт.
І качкі, гэныя, зноў пайшлі ў скокі. І Каёт і зь імі. А тут чырвоная качка і кажа, давайце лепей танцаваць з адным вокам адкрытым, гэтак зможам паспрыяць Каёту з нашым танцам. Паскакалі яны яшчэ крыху, паскакалі, а тут гэныя яйкі пачынаюць варушыцца, і гэныя яйкі трэскаюцца. І калі добра прыглядзецца, можна пабачыць нештачка ў іх там унутры.
А я ведаю, я ведаю, скоча Каёт на лаве, аж гарабата мая плюхае. З гэных яек выйдуць Індзейцы. Я ўзгадаў гэтую гісторыю. У гэных яйках сядзяць Індзейцы, якіх шукае Каёт.
Не, кажу я. Ну ты, Каёт, чыста ёлуп. З качкіных яек могуць вылупіцца адно качаняты. Сядзі, ня ёрзай, кажу я. А то павалісься ды паб’есься. Гарбату маю разальеш. Звалісься зараз на маю гісторыю ды паплюшчыш яе. 
А дзе Індзейцы? кажа Каёт. Ты абяцаў гісторыю пра Каёта, што знайшоў Індзейцаў. Хіба яны ня ў яйках разам з качанятамі, гэнымі?
Не, кажу я. Нічога ў гэных яйках няма, акрамя качанят. Чакай, зараз будуць Індзейцы. Не вылузвайся са скуры.
Дык вось.
Калі качкі, гэныя, пабачылі, што павылазіла з тых яек, яны кажуць, ай-я-а-й, нешта мы ня тое зрабілі. Трэба ўсё па-новай. І яны пачалі ўсё спачатку. Скочуць у гэным, у танцы. Сьпяваюць гэную, песьню. Яйкі раскалываюцца, і адтуль выходзяць яшчэ качаняты. Сем разоў яны пачынаюць нанова, і кожага разу атрымліваюцца качаняты.
Далібог, кажуць гэныя, чатыры качкі. У нас ужо качанят гэных болей, чым трэба. Здаецца, мы самі мусім зрабіцца Індзейцамі. Сказалі – зрабілі. Перш чым Каёт ці тая вялікая памылка змаглі нешта наблытаць, тыя качкі ўзялі ды абярнуліся Індзейцамі, два мужчыны, дзьве жанкі. Ды гожыя такія, Індзейцы. Нічога ад качак у іх не засталося.
Але гэныя, чатыры качкі-Індзейцы, нешта засмучоныя. Паглядзелі адзін на аднаго ды заплакалі. Якая агіда, кажуць яны. Гэная брыдкая скура. Нейкія косткі голыя тырчаць. Валасы чорныя, паскудныя. Дзе нашыя гладзенькія, мяканькія пёркі? Дзе прыгожанькія лапкі? Куды падзеліся такія цудоўныя крылы? Усё Каёт гэны вінаваты, заблытаў нам танцы. І гэныя чатыры качкі-Індзейцы наваліліся на Каёта ды затапталі яго нагамі, аж пакуль ён зноў не зрабіўся пляскатым. А тады сышлі прэч. І тая вялікая памылка сышла.
А гэны Каёт, ён пачаў прыдумываць гаючую песьню.
Бзззд. Бзззд.
Ну, вось і ўсё, кажу я. Тут і казцы канец.
Дык а што сталася з Каётам? кажа Каёт. Такі герой – і застаўся пляскатым.
Ну, часам байкі бываюць плоскімі, кажу я. Гэтак здараеца, калі нехта маніцца правіць гэты сьвет. Гэты сьвет цалкам добры сам па сабе. Лепей яго не чапаць. Ня блытай яго – не заблытаесься.
Я бадай пайду, кажа Каёт. Раскажу Крумкачу тваю цудоўную гісторыю. І мы наладзім гэты сьвет, будзь пэўны. Мы ведаем цяпер. І ведаем, як.
Тады Каёт дапівае маю гарбату, і гэны ідзе сваёй дарогай. А я больш не магу размаўляць, бо мушу назіраць неба. Мушу пільнавацца рэчаў, што пасыпяцца зь неба ды нагрувазьдзяцца ў горы на гэтай зямлі.
Калі гэны Каёт бадзяецца тут ды шукае, што б яму направіць, ніхто ў гэтым сьвеце не засьцярожаны.



--------------------------------------
Томас Кінг (Thomas King), н. 1943 г. – празаік, прадстаўнік сучаснае канадыйскае індзейскае літаратуры. Зьяўляецца нашчадкам культуры племені Чырокі. Цяперашнім часам жыве ў Канадзе, працуе ва Унівэрсітэце г. Гуэлфа, дзе выкладае індзейскую літаратуру ды прыгожае пісьменьства. Піша тэксты для індзейскага радыё, у прыватнасьці для радыёперадачы “The Dead Dog Cafè Comedy Hour”, у якой і сам прымае ўдзел. Ягоны літаратурны здабытак ствараюць раманы “Медысын Рывэр” (“Medicine River”), “Зялёная трава, шпаркая вада” (“Green Grass, Running Water”), зборнік апавяданьняў “Вось добрая байка, гэная во” (“One Good Story, That One”), ды дзіцячыя кніжкі “Прыгоды Каёта Каламбуся” (“A Coyote Columbus Story”), “Каёт спявае на поўню” (“Coyote Sings to the Moon”). 
------------------------------------------------------------

 (с) Thomas King
(с) Ірына Варабей, пераклад
2009

Комментариев нет:

Отправить комментарий