24 июня 2016 г.

Сем белых лебедзяў



Pauline Johnson
The Legend of the Seven White Swans         

 Паўлін Джонсан


Гэта было летась, дваццаць пятага лістапада. Пачуўшы над галавой лёгкі посьвіст, я глянула ўвысь ды ўбачыла зграбную чараду з сямёх лебедзяў, што крыляла ў вырай міма гораду.
Я дакладна памятаю тую дату, бо тады былі выбары ва ўрад правінцыі, і я дазволіла сабе зрабіць жарты з палітыкаў, пацікавіўшыся, што гэтая чарада можа нам наваражыць. Потым усе выбарчыя спрэчкі забыліся, бо тая карціна з прыгожымі белапёрымі лебедзямі, што плылі ў небе ў краіну сонца й цяпла настолькі запанавала ў маіх думках, што адсунула ўбок меньш прыемныя рэчы.
Я магла б намаляваць іх, як яны, уцякаючы ад зімы, нясьпешна лунаюць да нейкай далёкай паўднёвай лагуны, дзе будуць марнавацца доўгімі трапічнымі тыднямі ў чаканьні поклічу з поўначы раньняй красавіцкай парой. Покліч з поўначы будзе азначаць час для параваньня, а яшчэ – доўгае салодкае лета на дальніх берагах верхняга Ціхаакіянскага Ўзьбярэжжа. Я сачыла за імі, іхныя даўгія, тонкія шыі выцягнуліся з той жа прагнасьцю асягнуць паўдзённага сонца, якую выяўляе скакавы конь на фінішным пралёце. Велічныя крылы ўзьнімалі іх у высокі палёт бы ветразі зь белага шоўку, надзьмутыя брызам, на імклівым чоўне. Я магла нават вызначыць рыскі іхных чырвоных лапак. Іхная абыякавасьць да гораду, над якім яны праляталі; іхны просты, нібы абдуманы, кірунак; іхная беззаганная бель здаваліся мімалётным відзежам нечага далёкага, дасканалага, да чаго мы сваімі тужліва выцягнутымі рукамі ніколі не зможам нават паспадзявацца даткнуцца. Яны адляталі ўсё далей і далей, усё слабеў і слабеў іхны крык, аж пакуль іх не захутала шаль празрыста-шызага воблака – і яны зьніклі.

Наступным днём да мяне зайшоў мой госьць, Правадыр, і першае, аб чым я яму расказала, былі лебедзі, што ляцелі ў вырай. Ягоны твар асьвятліўся хітравата-ўдаванай усьмешкай:
-- Ты бачыла палёт сямі лебедзяў? О! Гэта вельмі добры знак!
-- І што ён можа значыць для мяне? – адказала я, вяртаючы яму такую ж усьмешку.
-- Ён гаворыць табе... Як гэта гавораць белыя?.. Каханы? Ага... Твой каханы вельмі шчыры з табой, ён не двудушны; ён не мае адну душу для цябе, калі вы разам, і другую – калі ён далёка. О! Пэўна што ён цалкам шчыры.
Я засьмяялася ўголас.
-- Каханы ніколі ня шчыры са сваёй каханай, але каханая – заўсёды, -- заўважыла я з цынізмам, народжаным багатым назіраньнем і некаторым асабістым досьведам.
Ягоны твар перамяніўся.
-- Ты занадта добра пазнала вялікі сьвет. А таму я не раскажу табе легенду аб лебедзях.
Я воміг прыбрала свае кпіны й адагнала недаверы:
-- О, Правадыр, я абяцаю ня ведаць больш вялікага сьвету і нічога з таго, што яго тычыцца, толькі раскажы мне аб іх! – узмалілася я.
-- Але... Ты бачыла іх. Гэта добра, іх убачыць. Бадай, раскажу... -- гэтак ён разважаў, але я цалкам упэўнена, што, калі б мне не давялося пабачыць тых прыгажуноў, што крылялі над горадам, я б так і ня выцягнула зь яго гэтай цікавай скваміскай* гісторыі.
Правадыр рэдка карыстаўся табакай, але сёньня ён запаліў цыгарэту – і водар “Егіпцяніна” цяпер заўсёды вяртае мяне ў той дзень, і я заўсёды бачу не струменьчык шызага дыму, а тое тоненькае покрыва куродыму, зь якога выплываюць засмужаныя абрысы імклівых, прагных выраю птушак, і мой стары Цілікам зноў распавядае мне...

Легенда аб сямёх лебедзях 

             Хіба ты бачыла такую матку, каб не любіла зьнявечанае дзіця больш за іншых сваіх дзяцей? Гэтак было заўсёды: белыя маткі, індзейскія маткі – усе аднолькавыя.
             Гэтая дзяўчынка была кульгавай. Калі яна навучылася хадзіць, адна нага крыху падцягвалася за другой; ейнае калецтва не было заўважным, постаць не была крывой, проста адна нага была слабейшая. Але маці любіла яе той ахоўнай любоў’ю, якой усе маткі адорваюць сваіх слабейшых дзяцей. Яна назвала яе “Бе-бе” – гэтым словам Чынукі** песьцяць малых дзетак, і Бе-бе расла ў дзяўчыну, потым у жанчыну, агорнутая усёй любоў’ю мацярынскага сэрца.
             Бе-бе была прыгожанькай, яшчэ прыгажэйшай была душа, і толькі ейная крывая нага стаяла паміж ёй і ўсімі прывабамі дасканалага дзявоцтва. Тымчасам шмат малайцоў хацелі яе за жонку, бо яна была вясёлай, добрай, лагоднай. Пальцы ў яе былі жвавымі й гнуткімі, каб ткаць ды плесьці кошыкі, яна любіла дзяцей, як і ейная маці.

          І вось аднойчы прыйшоў адзін малады, зухаваты паляўнічы – лёгкі на ногі, востры на вока, рукі на ўсе штукі. Ягоныя стрэлы ніколі не давалі пудла, а хата была поўная мяккага, цёплага футра дзікіх жывёл, што ляжалі нямымі сьведкамі ягонага ўмельства.
          -- Маёй моцы хопіць на дваіх, -- сказаў ён, калі яна паабяцала пайсьці за яго.
          Але як яна апусьціла вочы ды ўзгадала пра крывую нагу, па ейным твары прабег цень.
          -- Аж я ніколі не змагу выбегчы табе на дапамогу, як ты будзеш вяртацца зь лесу з аленем на плячах, ці з бабром у руках, – уздыхнула яна. – Я не змагу танцаваць для цябе на вялікіх фэстах, як гэта робяць іншыя маладзіцы. Мне давядзецца сядзець сярод старых – адной. Са старымі ды брыдкімі – адной.
          -- Ты ніколі не будзеш старай, ніколі не будзеш брыдкай, – запэўніў ён. – Твой твар, твая душа ды вясёлае сэрца – яны заўсёды будуць маладымі. Я буду танцаваць за нас дваіх. Хадзем!.. Пойдзеш са мной?
           І яна па-жаноцку паверыла ды пайшла зь ім, пакінуўшы свой бацькоўскі дом.
Маці часта прыходзіла да яе, усё яшэ клікала “Бе-бе”, “Бе-бе”, быццам яна ўсё яшэ была малой – як усе маткі са зьнявечанымі дзецьмі.
          Прайшлі гады. Бе-бе нарадзіла свайму мужу шэсьць прыгожанькіх дзетак, і ніводзін зь іх ня быў крываножкай, але ніводны ня быў падобны да сваёй усьмешлівай маці. Яна не састарэла, ейны твар быў прыўкраснай кветачкай, калі яна сядзела сярод старых ды брыдкіх падчас фэстаў, у той час, як хлопцы зь дзяўчатамі танцавалі ды гаманілі, ды танцавалі ізноў. Як часта ёй хацелася далучыцца да іх, хто ведае. Але ні боль, ні туга ніколі не гасьцілі ў ейным вечна маладым сэрцы.
          Аж пакуль аднойчы не зьявілася стрыечная сястра мужа – дзяўчына высокая, пругкая, моцная, бы сама паляўнічая; яна танцавала, што той сонечны зайчык на сініх водах Ціхага. У вачах паляўнічага бліснуў дзіўны агеньчык, як ён назіраў за ёй, сачыў, як яна завіхалася, бы гнуткія галінкі ялін з Дугласа падчас навальніцы; сачыў за ейнымі спрытнымі нагамі, за жвавымі, лёгкімі крокамі, павабнымі рухамі. Гэтая сястрычка магла скакаць бяз стомы гадзіны ды гадзіны, і ўсе гэтыя гадзіны ён глядзеў на яе, і калі яна спынілася, малайцы, а зь імі разам і муж Бе-бе, абкружылі яе з падарункамі з ракавінкавых пацерак ды палымянымі прамовамі.
          Бе-бе глянула на сваю крывую нагу – і сьмех загас у ейных вачах.
          Удома, са сваімі шасьцю дзеткамі разам, яна чакала яго шмат дзён, шмат тыдняў, але муж-паляўнічы так і не вярнуўся, сышоў недзе з той, у каторай не было крывой нагі, якая б вымушала яе сядзець сярод старых ды брыдкіх.

          Шмат малайцоў прыходзілі да Бе-бе.
          -- Ідзі за мяне, -- казаў кожны. – Ён ня вернецца да цябе.
          Але яна адно, усьміхаючыся, хістала галавой ды заварочвалася да сваіх дзетак з распасьцёртымі рукамі.
          Ейныя былыя сяброўкі ўжо пастарэлі, памаршчынелі; супляменьнікі саслабелі ды зьнядужылі з гадамі, але ў Бе-бе твар ўсё яшчэ быў такі ж малады ды прыгожы, як тады, калі яна пакахалася з тым дужым паляўнічым, што кінуў яе шмат-шмат поўняў таму.
          А недзе далёка ў сваёй хаце састарэў ды саслабеў і сам паляўнічы, ягоная рука ўжо часта падманвала яго, вочы згубілі былую пільнасьць, і побач зь ім сядзела ягоная сястра – тая самая, што некалі была такая лёгкая на ногі, такая гарэзьлівая ў танцах, такая моцная ды страмкая ды гнуткая, але гады ляглі цяжарам на ейныя некалі хуткія ногі, ды зморшчылі твар, згорбілі плечы, зцьвердзілі рукі. Старая ды брыдкая, яна коўзалася па коўдры, бо загусьцела кроў у ейных венах – больш яна не танцавала.
          І праз усе гэтыя гады Бе-бе сядзела на фэстах з тварам, бы кветка сярод зімовых шэрых, голых галін.
          І аднойчы ён вярнуўся. Вярнуўся, каб убачыць ейную прыгажосьць, пачуць ейны сьмех ды даведацца, што сапраўднае жаночае каханьне назаўсёды робіць жанчыну маладой ды прыгожай, як кветка. Рыдаючы, ён укленчыў перад ёй, і хаця ён быў стары, згорблены, брыдкі – яна працягнула яму свае рукі.
          Але тут зь нябёсаў загаварыў Сагалі Тайі***, а Ягонае слова ёсьць законам для ўсіх людзей, усіх народаў.
          -- Яна больш ня будзе тваёй, о, паляўнічы! – прамовіў голас. Нявернасьць ня можа параваць зь вернасьцю. Я адпраўлю яе зь дзецьмі туды, дзе іхная маладосьць, іхная прыгажосьць, іхны сьмех будуць вечным дакорам твайму няшчаснаму крывому сэрцу. Яны ніколі не састарэюць, ня згубяць свай прыгажосьці, і яна са сваёй крывой нагой абернецца ў самую прыўкрасную істоту, якую Я, Сагалі Тайі, калісь стварыў. Раніцай паглядзі ў неба, о, паляўнічы з двума тварамі, двума сэрцамі, і там, у першым промні ўзыходзячага сонца, ты ўбачыш красу, зграбнасьць, смех, маладосьць, вернасьць, каханьне, шчырасьць – бо сам ты пазбаўлены гэтых сямі вялікіх якасьцяў, што некалі адпхнуў.

            Раніцай на фоне золата ўзыходзячага сонца ўзьнялася чарада зь сямёх бялютка-белых лебедзяў. На кароткі момант яны прыпыніліся над старым паляўнічым – і тады пакрылялі сваім шляхам у вырай. Ён прасачыў з пакутлівай тугой за іхным лётам, а потым абшукаў хату Бе-бе – там нікога не было. Яшчэ раз сваімі старымі вачыма пашукаў у небе, дзе ён яшчэ змог распазнаць сем прыгожых птушак з крыламі велічнымі, як шаўковыя ветразі, з лапкамі, што засмужанай чырваньню крывіліся на фоне блакінага неба. Ён схіліў галаву, бо зразумеў, што гэныя зграбна закрыўленыя лапкі былі тым адзіным Бе-беіным заганам – і гэткім чынам услаўленыя.

            Спалілася дашчэнту правадырава цыгарэта. Над ягонай высакароднай галавой яшчэ курыўся шызы дымок, нібы тое воблачка, што захутала маю чараду белых красунь учарашнім вечарам.
          -- А што, у лебедзінай чарадзе заўсёды сем лебедзяў? – спытался я.
          -- Не заўсёды. Але часта. Вось чаму я сказаў, што ты маеш і добры знак, і вернага каханага, калі пабачыш сем.
          -- Я мяркую ты хацеў сказаць, цілікам, што падобнае спараджае падобнае, і шчырасьць і вернасьць прыносяць шчырасьць і вернасьць – так?
          -- Так. Хіба Сагалі Тайі не сказаў, што Вернасьць ня можа паравацца зь Нявернасьцю? – адказаў ён вельмі мякка.  

-------------------------------------------------------------

*Скваміскі – ад Сквамішы – племя індзейцаў, што жыве на Заходнім Узьбярэжжы Канады.

**Чынукі – племя індзейцаў, што жыве на Заходнім Узьбярэжжы Канады.

***Сагалі Тайі – у перакладзе зь індзейскага – Вяршынны Правадыр. Гатак яны называюць найвышэйшага бога.



Пераклала Ірына Варабей
2009

Комментариев нет:

Отправить комментарий