30 сентября 2017 г.

Страчаныя ловы

 Паўлін Джонсан


Добрыя сёлета былі ловы. Парá ружовага сальмана1 ўжо заканчвалася, і я дзівілася, чаму мая старая сяброўка, індыянка-клучмэн2, так ні разу й не вывела на рыбалку свой човен. Заўзятая рыбачка, яна не саступала свайму мужу ў майстэрстве, і цягам цэлага году ні аб чым больш не гаварыла, як аб надыходзячых ловах. Але сёлета не было яе бачна сярод такіх жа ахвотнікаў. Ні сярод рыбакоў на чоўнах, ні сярод абіральнікаў на беразе нічога ня ведалі аб ёй, а калі я спыталася ейных супляменьнікаў, яны адказалі без тлумачэньняў:
– Яна сёлета ня быць тут.
Але адным іржавым верасьнёўскім палуднем я знайшла яе. Гуляючы па сьцяжыне ад лебядзінага возера, што ў парку Стэнлі, да ляснога ўзьбярэжжа Затокі, я заўважыла, як ейны зграбны, з высокім носам човен кіраваў да пясчанага берагу, дзе звычайна прычальвалі ўсе цілікамы зь Місіі3.
Човен зьявіўся нібы зь цянётаў, бо вада была зусім ціхай, і ўсюды далікатным цюлем навісала блакітная смуга, бо на выспе Лулу цэлымі днямі цьмеў торф, і ягоны пікантны водар ды шэра-блакітны дым ператваралі мора, берагі ды неба ў чароўную казку.
Я пасьпяшала на бераг, аклікаючы яе на мове Чынук, і, пачуўшы мяне, яна па-індзейску павіталася са мной, узьняўшы вясло над галавой.
Калі яна прычаліла, я горача павітала яе, прагна выцягнуўшы рукі, каб дапамагчы сысьці на бераг – клучмэн старэе, дарма што можа веславаць супраць прыліву, што той юны падлетак.
– Не, – сказала яна, калі я прапанавала ёй выйсьці з лодкі. – Я не чакаць. Я тут забраць Маарду. Яна ў горадзе, зараз прыйдзе, хутка.
Але тут жа забыўшыся на сваю “дзелавітасьць”, яна села, як школьніца, падкурчыўшы ногі, на носе лодкі, склаўшы рукі на вясло, якое яна паклала ўпоперак бартоў.
– Я так сумавала па табе, клучмэн. Ты не заходзіш да мяне ў госьці ўжо тры поўні, не прыехала на рыбныя ловы, – заўважыла я.
– Не. Я ўдома гэты год.
Тады, нахіліўшыся да мяне, зь вялікай паважнасьцю ў голасе, у вачах яна дадала:
– У мяне ўнук. Нарадзіўся ў ліпені, у першы тыдзень. Таму я сядзець дома.
Вось чаму яе не было! Вядома, я выказала ўсе свае віншаваньні з такой нагоды, ды распытала ўсе падрабязнасьці такой важнай справы, бо гэта быў ейны першы ўнук, і зьяўленьне маленькага чалавечка – гэта такая радасьць!
– І ты хочаш зрабіць яго рыбаком? – спыталася я.
– Не, не. Не хлопчык. Гэта дзяўчынка, – адказала яна з такой гарэзьлівай інтанацыяй, па якой я зразумела, як яна задаволена гэтым.
– Ты рада, што гэта дзяўчынка? – зьдзівілася я.
– Вельмі рада, – падкрэсьліла яна. – Гэта шчасьце – мець дзяўчынку першай унучкай. Наша племя не як вашае. Мы хочам першай дзяўчынку. Не заўсёды хочам мець хлопчыка – адно для бітваў. Ваш народ, вы адно на шляху вайны. А наш народ міралюбны. Вельмі добры знак, калі першы ўнук – дзяўчынка. Я скажу табе, чаму. Дзяўчынка некалі будзе маткай сама. Быць маткай – вялікая справа.
Здаецца, я зразумела схаваны сэнс ейных словаў. Яна радавалася таму, што ейная ўнучка некалі будзе адной з матак ейнага народу.
Мы яшчэ пагаварылі пра гэтае, і яна з нагоды падзялілася са мной некалькімі жартаўлівымі кпінамі аб маім народзе, маўляў, з чаго гэта ён заклапочаны ня столькі мяцярынствам, як ейны, а ўсё больш войнамі ды бойнямі. Тады размова перайшла да ружовага сальмана ды да “гайіў чыкіміна”4, якога індзейцы могуць атрымаць за свой улоў.
– Але, гайіў чыкімін, – паўтарыла яна задаволена. – Заўсёды. І яшчэ гайіў мак-а-мак5, калі ідзе вялікі сальман. Хай больш ня будзе кепскага году, як таго, калі рыба была не прыйшла.
– Калі гэта было?
– Яшчэ да таго, як ты нарадзілася. Ці я. Ці... – махнуўшы ў бок лесу, за якім хаваўся горад Ванкувер, што дыхаў багацьцем ды прыгажосьцю пад верасьнёўскім небам, – ...да таго, як зьявіўся гэны. Да таго, як сюды прыйшоў белы чалавек. О, шмат да таго.
Даражэнькая мая, старая клучмэн! Я бачу па тваіх сумных вачах, што ты вяртаесься ў сваю Краіну Легендаў і што мая скарбонка індзейскіх гісторый хутка папоўніцца.
Яна сядзела, усё гэтак жа абапершыся на вясло; прыжмураныя вочы замёрлі, гледзячы ўдалячынь, дзе за роўнядзьдзю засмужанай затокі шэралі абрысы выспаў.
Мне мо й ня варта далей паўтараць ейную ламаную ангельскую, бо яна ёсьць адно ценем ейнага аповеду, але й бяз гэтай самавітасьці легенда будзе кветкай без колеру й паху.
Яна назвала гэта “Легендай аб страчаных ловах”.
___________________________

Жонка Вялікага Тайі6 была яшчэ зусім маладзенькай, але, ... дык увесь сьвет тады быў яшчэ маладым, нават рака Фрэзар была маладой, не такой магутнай, як цяпер; але ружовы сальман тоўпіўся на нераст у ейным вусьці гэтак жа, як і ў нашыя дні, а цілікамы лавілі іх ды салілі й вэндзілі, гэтак жа, як і сёньня, гэтак жа, як будуць рабіць надалей.
А была яшчэ зіма, дык ішлі дажджы, стаялі туманы, гэта калі жонка Вялікага Тайі падышла да яго ды сказала:
– Перш чым пойдзе сальман, я прынясу табе вялікі падарунак. Скажы, як ты больш ушануеш мяне, калі я падару табе хлопчыка ці дзяўчынку?
 Вялікі Тайі любіў сваю жонку. Ён быў суворы са сваім народам, цьвёрды з супляменьнікамі, на нарадных вогнішчах панавала ягоная каменная воля. Ягоны шаман казаў, што ў ягоным целе не было чалавечага сэрца; ягоныя воі казалі, што ў ягоных венах не было чалавечай крыві. Але гэтым разам ён далікатна ўзяў жончыны рукі ў свае, і ягоныя вочы, ягоныя вусны, голас былі такімі ж пяшчотнымі, як і ейныя:
– Падары мне дзяўчынку! Маленькую дзяўчынку – каб яна магла вырасьці такой жа, як ты, і ў сваю чаргу, падарыць дзяцей свайму мужу.
Але калі супляменьнікі пачулі ягоны выбар, як яны ўзлаваліся! Абураныя, яны атачылі яго натоўпам.
– Ты – раб гэтай жанчыны! – заявілі яны. – А зараз хочаш яшчэ зрабіцца рабом дзяўчынкі! Мы жадаем нашчадка! Хлопца, які вырасьце нашым Вялікім Тайі! Калі ты састарэеш ды ня зможаш кіраваць, калі будзеш адно сядзець, захутаны ў цёплую коўдру на летняй спёцы, бо твая кроў зробіцца старой ды вадкай – што яна, гэтая дзяўчынка, зробіць для цябе ці для нас? Хто тады будзе нашым Вялікім Тайі?
Ён стаяў у цэнтры разьюшанага кола спакойна, з падабранымі на грудзях рукамі, узьнятай галавой, вачамі цьвёрдымі, што крэмень. Цьвёрдым, як камень, голасам ён адказаў:
– Магчыма, мая жонка і падорыць вам гэткага хлопца, і калі гэтак адбудзецца – дзіця вашае. Ён будзе вашым, не маім. Ён будзе належаць народу. Але калі народзіцца дзяўчынка – яна будзе належаць мне – яна будзе маёй. Вы не аднімеце яе ў мяне, як аднялі мяне ад маці ды прымусілі мяне забыць майго старога бацьку дзеля служэньня нашаму племені. Яна будзе належыць мне, яна зробіцца маткай майго ўнука, а ейны муж будзе мне сынам.
– Ты не думаеш аб усім племені! Адно аб сабе думаеш, робіш, што хочаш! – пратэставалі яны. – А калі сальманаў прыйдзе мала, ловы будуць бедныя, у нас ня будзе ежы; а калі ня будзе хлопца – у нас ня будзе Вялікага Тайі, каб павесьці нас здабыць ежу ад іншых плямёнаў – і мы што, згаладаем?  
 – У вашых чорных сэрцах няма крыві! – раўкнуў Вялікі Тайі, разьюшана завярнуўшыся да іх. – І вашыя вочы сасьлеплі! Вы хочаце, каб племя забылася на тое, якім важным ёсьць дзіця, што анойчы зробіцца маткай ды падорыць вашым дзецям ды ўнукам Вялікага Тайі? Хіба будзе народ жыць, квітнець, расьці, мацнець, калі ня будзе жанчын-матак, што народзяць новых сыноў ды дачок? Вы згубілі розум, з глузду зьехалі! Але ж нават нягледзячы на вашую цямноту вы – мой народ, і я мушу клапаціцца аб вас ды лічыцца з вашымі жаданьнямі. Я склікаю ўсіх шаманаў, чарадзеяў, знахараў. Няхай яны вырашаць, якога закона мы мусім слухацца. Што скажаце вы, о, магутныя мужы?
Ва ўсе бакі па ўзьбярэжжы, па рацэ Фрэзар, па горных далінах да ўсіх кланаў, паселішчаў былі разасланыя вестуны, што заклікалі ўсіх шаманаў, якіх маглі знайсьці. Ніколі яшчэ не зьбіралася на нараду столькі шаманаў. Яны парасклалі вогнішчы ды шмат дзён скакалі ды пяялі вакол іх. Яны размаўлялі з багамі гор, з багамі мора, і тады да іх прыйшла мудрасьць рашэньня. Яны расьселіся перад людзьмі племені, і найстарэйшы шаман ва ўсім узьбярэжным краі падняўся ды сказаў ім сваё слова:
– Людзям племені не дазволена мець усё адразу. Яны хочуць хлопчыка. І добрых рыбных ловаў яны таксама хочуць. Яны ня могуць мець і тое, і другое. Сагалі Тайі2, найвялікшы з чарадзеяў, адкрыў нам, што займеўшы і тое, і другое, людзі зробяцца пыхлівымі ды сябелюбнымі. Яны мусяць выбраць нешта адно.
– Ну, выбірайце, вы, цёмныя людзі! – скамандаваў Вялікі Тайі. – Наймудрэшыя нашага краю сказалі, што дзяўчынка, якая аднойчы народзіць сваіх дзяцей, прынясе яшчэ і ўдосыць сальмана сваім нараджэньнем. А хлопчык прынясе вам аднаго сябе. 
– А ну іх, сальманаў! – закрычалі людзі. – Дай нам будучыню, Вялікі Тайі! Дай нам хлопчыка!
І калі дзіця нарадзілася, гэта быў хлопчык.
– Ой, гора будзе, гора! – узвыў Вялікі Тайі. – Вы прынізілі жанчыну-маці! Будзе вам бяда ды голад, разор ды галеча, ох, вы, дурні! А чаму ж вы не дадумаліся, якім паважным ёсьць нараджэньне дзяўчынкі!
Надышло лета, і людзі з усіх паселішчаў сабраліся да ракі Фрэзар да гону сальмана. Многія прыйшлі здалёк: з гор, з дальніх азёраў, нават з прэрыяў. Але ніводнай рыбіны не ўвайшло ў рэкі, што выходзяць да Ціхага акіяну.
Людзі ж былі зрабілі свой выбар. Яны забыліся, якую пашану мусілі былі аддаць маладой маці, што збіралася адарыць іх, за гэта й былі пазбаўленыя ежы. І давялося ім спазнаць галечу. Усю наступную зіму яны галадалі, перабіваючыся з прогаладзі ў посьніцу. Ад таго часу ў нашым народзе заўсёды рады нараджэньню дзяўчынкі – мы баімся страціць наш улоў.
___________________________

Прамаўляючы апошнія словы, клучмэн узьняла рукі ад вясла. Яна адвяла пагляд ад засмужаных абрысаў далёкіх гор ды вярнулася ў цяперашні дабраславённы год – ейная Краіна Легендаў растала ў тумане.
– Ну, – дадала яна, – цяпер ты бадай зразумела, чаму я рада, што ў мяне нарадзілася ўнучка: гэта азначае добрыя сальманавыя ловы налета.
– Якая прыгожая гісторыя, клучмэн! Але я адчуваю нейкае ўтрапёнае задавальненьне з таго, што вашыя ведуны гэтак пакаралі людзей за іхны няслушны выбар.
– Гэта таму, што ты сама – дзяўчынка! – засьмяялася яна.
Ззаду пачуўся слабы шоргат крокаў. Я завярнулася ды ўбачыла Маарду рыхтык ля свайго пляча. Надыходзячы прыліў падняў зь берагу човен, і, калі Маарда зайшла ў яго, пасунуўшы клучмэн да кармы, ён выправіўся ў дарогу.
– Кла-хаў-я! Бывай! – кіўнула клучмэн, апускаючы сваё вясло ў ваду зь бязгучнай дасканаласьцю.    
– Кла-хаў-я! – усьміхнулася Маарда.
– Кла-хаў-я, цілікамы8! – адказала я, і доўга яшчэ глядзела ім наўздагон, пакуль іхны човен ня зьнік у дымнай далячыні.



1Сальман — рыба сямейства ласосевых
2 Клучмэн (інд.) — кабета.
3Місія — мясцовая суполка, дзе жылі індзейцы, што прынялі хрысціянства.
4Гайіў чыкімін (інд.) — вялікія грошы.
5Гайіў мак-а-мак (інд.) — шмат ежы.
6Тайі — правадыр.
7Чынукі — індзейскае племя, што жыве на Ціхаакіянскім Узбярэжжы.
8Цілікам - сябар

пераклад ©Ірына Варабей

6 января 2017 г.

Лятучы човен

Кўэбэкскае народнае паданьне
у пераказе Роша Кар'е
(Roch Carrier, "The Flying Canoe'')

Аўтарскія заўвагі
Уявіце сабе... Набліжаецца навагодняя ноч. А вы намагаецеся сагрэцца ў золкай каладзянай хаціне ў глухім лесе недзе ля ракі Гаціню...
Адным з паданьняў, якія мусяць жыць у вяках, ёсьць гісторыя вандроўнікаў, што зрабілі дамову з д’яблам. Гэтую гісторыю расказвалі ды пераказвалі праз гады. Бадай, самая знакамітая ейная версія была запісана Анарэ Буграндам, які апублікаваў яе ў часопісе “The Century” ў жнівені 1892 г.
Легенда гэтая бярэ свае карані ў эўрапейскіх казках, у якіх удзельнічаюць усяга кшталту лятучыя судны. Калі французы перасеклі акіян, яны прывезьлі з сабой адну з такіх казак. Яна пераплялася з паданьнямі аб лятучым канý, якія пачулі ад індзейцаў, і вынікам зьявілася гэтая  ўнікальная перліна ў фальклорным палатне французкай Канады.
Кожны хлопчык і дзяўчынка майго веку слухаў паданьні “лятучага чоўна”, што пераносіў вандроўнікаў па паветры праз вялікія адлегласьці задоўга да таго, як зьявіўся аэраплан. У кожнай сям’і  быў ці то дзядзька, ці то дзед, хто лятаў на ім. Гадамі пазьней, калі я выпраўляўся на чоўне на рыбалку, я марыў, што ён панясе мяне ў далёкія краіны.
У “лятучага чоўна” існуе шмат версіяў. Зараз я раскажу вам свой варыянт гэтай неўміручай гісторыі, як я яе пачуў ад сваёй бабулі.
---------------------------------

  Дык што, вы сапраўды мяркуеце, што бяроставы човен ня можа лётаць? Як казала мая бабуля: “Крык, крак, крок, малеча! Цілі, цела, целум! Слухайце цяпер уважна, што я вам раскажу. Вось такая гісторыя”.
Гэта было даўным-даўно, яшчэ да таго, як зьявілася тэлебачаньне, ці аўта, ці самалёты. Так даўно, калі Канада яшчэ толькі пачыналася. Гэтыя гайвэі-гасцінцы яшчэ не былі збудаваныя. Дарогамі служілі рэкі.
Для будаваньня дамоў, склепаў, лодак было патрэбна шмат драўніны. І вось, увосень, калі ўвесь ураджай ужо быў сабраны, мужчыны пакідалі наш Бос* ды кіраваліся на працу ў лес. Вяслуючы ў чоўнах, яны сплаўляліся па рэках, пераадольвалі парогі, валаклі лодкі з возера ў возера – гэтак дабіраліся да сваіх бярвенчатых хацін у глухім лесе. Назад яны вярталіся адно, калі сыходзіў сьнег вясной і таяў лёд на рэках ды азёрах.
Напрацягу тых доўгіх мясяцаў восені й зімы дрывасекі жылі разам у будане з цэльных бярвеняў, заткнутых мохам. Раніцамі яны часам мусілі разьбіваць лёд у цэбры, каб умыцца.
Дасьвецьця, як толькі сонца давала першае сьвятло, яны ўжо браліся за першае дрэва. Секлі, ссякалі долу ўсе галіны, пілавалі, складалі бярвеньне дацямна. Тады, ня чуючы ні рук ні ног, вярталіся ў будан. Але перш чым яны засыналі на сваіх лежаках з яловых лапак, яны летуценьнілі аб тых, аб кім мы заўсёды думаем, калі мы за сотні міляў ад дому, – аб тых, каго мы любім.
У той год Батыст – прадзед маёй бабулі – у першы раз адправіўся ў такія заробкі ў лясную глухамань. Было яму тады адзінаццаць гадоў. 
Замест таго каб хадзіць у школу, ён абіраў бульбу, смажыў бліны, мыў посуд ды падмятаў падлогу. У яго было шмат малодшых брацікаў і сястрычак, і ён ганарыўся, што зможа дапамагчы сваім бацькам, якія былі вельмі беднымі. Але ён быў ячшэ проста малым хлопчыкам. Па начах, калі мужчыны моцна храплі, ён почасту хлюпаў носам у падушку.
Час цягнуўся так марудна! Кастрычнік... лістапад... і нарэшце, дзень за днём, надышоў сьнежань. Дрывасекі да гэтага часу ўжо былі цалкам спрацаваныя. Яны настолькі былі стомленыя, што ня мелі нават сіл думаць пра тых, каго пакінулі ў Босе.
І тады прыйшоў той доўгачаканы вечар перад Новым годам. На вячэру старэйшына выставіў на стол невялікі бачонак таго, што яны называлі “жамэйка”. Батысту чаркі не паставілі. Адзінаццаць – ня той узрост, каб піць ром.
У гэтых мужчын было не шмат словаў у запасе. Нехта зь іх паспрабаваў сказаць нейкі жарт – ніхто не засьмяяўся. У глухіх лясах у вярхоўях ракі Отавы, яны пачуваліся закінутымі далёка, далёка ад свайго дому ў Босе.
Старэйшына добра набраўся таго рому. Ён ужо ляжаў галавой на стале ды хроп.
Том Карыбу ўзяў сваю скрыпку. Ці-Туан Пельша – свой акардэон, а Анарэ Бугран – губны гармонік. У іхнай музыцы было столькі тугі па дому, якую словамі яны ніколі не змаглі б выказаць.
Батыст думаў пра сваіх брацікаў і сястрычак. Яны ўсе былі ўдома, у той час як ён – недзе далёка ў глухамані ў кампаніі самых лепшых дрывасекаў Канады.
Том Карыбу – найстарэйшы з усіх – працаваў у Злучаных Штатах столькі ж, сколькі ў Канадзе. Мужчыны паважалі яго.
-- Нешта тут надта горача ля печы... Пайду на двор прагуляюся, -- раптам сказаў ён. І тады шматзначна падміргнуў, -- Можа, яшчэ нехта хоча са мною? Самы час!
Нацягнуў на галаву футраную шапку, надзеў кажух, падпярэзаўся чырвоным поясам ды выйшаў на двор.  Павольна, бяз сьпешкі, астатнія пяць ці шэсьць мужыкоў пачалі апранацца – метадычна, так, як апранаюцца, калі стаіць зіма, а маюць быць на двары вельмі доўгі час. Хаця Батысту было ўсяго адзінаццаць, але ён зразумеў, што нешта такое зараз мае адбыцца. Хуценька нацягнуўшы швэдар, што яму зьвязала мама, і кажух, пазычаны ў бацькі, ён выскачыў за мужчынамі.
Высока ў небе сьвяціла поўня – круглая, прыгожая, як апельсін.
А чаго гэта Том Карыбу выцягвае човен з-пад ніжніх галін яліны? Азёры ды рэкі ўсе замёрзлыя пад таўшчэзным слоем ільду. А ён вось дастае вёслы ды раздае іншым мужыкам.
-- Усе па сваіх мейсцах! Сядаем! – скамандаваў Том.
І тут ён заўважыў дзеда маёй бабулі, што назіраў за імі ва ўсе вочы. У ягоным голасе не прагучала ні кпіна, ні жарту:
-- Пойдзеш з намі, Батыст? Ты ж таксама даўно ня бачыўся з мамкай?..
 Хлопец схапіў вясло, якое яму сунуў Том, ды ўсеўся ў човен да мужыкоў. О, гэныя не баяліся ні Бога, ні д’ябла! Яны хадзілі бяз страху хоць у завею, хоць на мядзьведзя, хоць на ваўка! Але зараз... Яны маюць выправіцца некуды ў чоўне, зробленым з бярозавай кары, як тыя, што вырабляюць індзейцы. Яны што, паляцяць у ім над лесам, над гарамі, палямі, гарадамі ды вёскамі? О, яны зьбіраюцца зрабіць самы д’ябальскі палёт – палёт на “лятучым чоўне”!
Як жа можа човен паляцець па небе, ён жа што тая вялізная, але бяскрылая птушка? Некаторыя кажуць, што гэтае чарадзейства ад д’ябла! Іншыя – што гэта цуд, які творыцца самім Богам!
Гэтыя вандроўнікі са сваёй грубай мовай не насьмельваліся вымавіць ні слова. Ва ўсіх ад хваляваньня зьлёгку закалаціліся сэрцы. Некаторыя адчулі ў патыліцах дыханьне самога Госпада. Іншыя – выскал д’ябла. І яны прыгатаваліся ўкрочыць ў невядомасьць бясконцай ночы.
У гэтую навагоднюю ноч ці ня варта паспытаць крыху страху дзеля таго, каб пацалаваць сваю маці, паціснуць руку бацьку, пасядзець за сталом са сваёй сям’ёй, патанчыць рыгадон**, і можа нават, прыцінуць да сябе сваю каханую?
Адзіны сярод гэтых барадатых мужчын, Батыст, у якога не было яшчэ ні адзінай валасінкі на шчоках, стараўся выглядаць малайцом.
-- Ну, трымайцеся ямчэй! – скаманаваў Том Карыбу. – Зараз буду казаць чароўныя словы!
Акабры, акабра, акабрум!
Човен, нясі нас праз горы й долы!
Берасьцяны човен, з васьмю веславальнікамі на борце, падхапіўся з зямлі, нібы галінка ў віхуры. Са страху ўсе заплюшчылі вочы. Калі яны іх расплюшчылі – яны ўжо плылі ў акіяне зорак. Зямля пад імі зьнікла.
-- Хачу назад, у будан! – захныкаў Батыст.
-- То скачы ўніз! – пажартаваў Том Карыбу.
Човен быў цяпер добрую сотню метраў над зямлёй. Том Карыбу адстырнаваў яго на ўсход, у кірнку да Босу. Вецер шкроб мужчынам шчокі ды прычосваў мех іхных футраў ды каптуроў. Мароз упіваўся ім у бароды й ператвараў іхнае дыханьне ў лёд. Яны веславалі ў рытм з усяе сілы сваіх мускулістых рук. Човен імчаўся ў ноч.
Агні ў вокнах першай вёскі нагадалі рассыпаныя жарынкі вогнішча. Пасьля доўгіх месяцаў у лесе дрывасекі захапіліся гэтым знаёмым відовішчам хат, сабраных вакол царквы.
А там, унізе, адзінокі вясковец на вуліцы вырашыў, што ён трызьніць: на тле вялізнай поўні ён распазнаў цень чоўна з веславальнікамі, які імчаў праз неба, пакідаючы за сабой хвост блёсткаў, нібы камета.
Батыста грызла трывога. Так высака ў небе гэтта ж трымаў човен у сваіх руках хто – Бог ці д’ябал? Але калі табе адзінаццаць, ты будзеш хаваць свае страхі, як мужчына. І хлопчык налягаў на вясло, як мог.
На зямлі ляжаў белы сьнег, а рака Сэнт-Лорэнс, нерухомая пад сьнежаньскім ільдом, што сьвяціўся пад поўняй, служыла лятучаму экіпажу шляхам, якім яны і кіраваліся.
Батыст ужо пашкадаваў, што пайшоў за дрывасекамі. Але калі б не пайшоў – шкадаваў бы таксама! Урэшце рэшт, хлопчык мусіць камунікавацца з мужчынамі, калі ён хоча навучыцца быць мужчынам! Але так вусьцішна ляцець сярод зорак, калі ў цябе пад нагамі адна таненькая бяроста твайго чоўна! Але гэта так захапляльна – ляцець! І ён тымчасам навучаўся кіравацца ў паветры. Аднойчы ён пракаціць сваіх сяброў з Босу на сваім чоўне!
Пайшла дванаццатая гадзіна ночы, калі вандроўнікі праляталі над Манрэалем. Сьвятло ў вокнах дамоў стварала прыгожую вышыванку агнёў! Батыст ніколі ня быў у горадзе – столькі дамоў у адным мейсцы, столькі вуліц рукаюцца разам! У ягонай вёсцы адна вуліца. Ён ніколі б не знайшоў сваго дома ў такім вялікім горадзе!
-- А што як нам прызямліцца ды гульнуць крыху, -- прапанаваў Ці-Туан Пельша, якому ў горле перасохла.
Усе яны чулі пра таверну, дзе Жос Манфера, самы моцны чалавек у Канадзе, пакінуў  сьляды сваіх ботаў на столі. Вось гэта тое самае мейсца, дзе яны зараз хацелі перакуліць пару келіхаў “жамэйкі”. Але Том Карыбу моцна трымаў руку на сваім стырнавым вясле:
-- Спыняемся, адно як дабярэмся да Босу!
Том Карыбу быў ня тым, з кім можна паспрачацца.
Дрывасекі прыняліся зноў за работу, у думках уцякаючы да босаўскіх дзяўчат, жвавых бы фарэлі ў рацэ, і салодкіх, як кляновы сіроп.
Калі яны наблізіліся да Сабору Нотр Дам, найвышэйшага будынка ў Манрэалі, Том Карыбу моцна ўдарыў сваім вяслом. Човен панёсься проста на Сабор і праскочыў паміж дзьвюх вежаў, што выдаваліся, як дзьве страмкія скалы. Пасажыры жахнуліся!
Запаздалыя гулякі на вуліцах дзівіліся, ці гэта яны бачылі, як “лятучы човен” прамчаўся над галавой. Дык значыць, дзедаўскія легенды насамрэч былі праўдай?
Спалоханы, што яны зараз урэжуцца ў сабор, Батыст заплюшчыў вочы. Каб схаваць свой страх ён пачаў сьпяваць песьню пра вёслы, якія вынесьлі іх у неба.
Праз некалькі міляў човен урэзаўся, але не ў будынак, а ў густое воблака – у завіруху. Сьнег забіваў ім твары й вочы. Том Карыбу, бясстрашны кіроўца сярод гэтай лютай белай непраглядзі, упарта стырнаваў дахаты.
--  Ты не баісься, што мы згубіліся? – захваляўваўся ірландзец Джо.
-- Не, -- запэўніў яго Том. – Завіруха, ці буран – мы кіруемся напрасткі да Босу! Думайце пра жонак! Думайце пра сваіх каханак! Ды вяслуйце, вяслуйце!
Падхопленыя такімі словамі, дрывасекі яшчэ мацней налеглі на вёслы. Як яны рушылі наперад, завіруха сьціхала, сьнег усё слабеў, радзеў ды зрабіўся амаль незаўважным. Унізе паказаліся хаты, рассыпаныя па абаіх берагах Сэнт-Лорэнс.
У лагчыне, за гарой, распасьціраўся горад Кўэбэк, у якім сьвяціліся ўсе вокны. Хутка поўнач. І ўсе чакалі наступу Новага году.            
Падчас вандроўкі Батыст увесь час разважаў – ён рабіў падлікі. Каб паліць у печы, усім гэтым хатам патрэбны дровы. Калі яму споўніцца чатырнаццаць, ён ужо стане сапраўдным дрывасекам і будзе езьдзіць ў Кўэбэк прадаваць дровы. І ў Манрэаль таксама, дзе куды больш дамоў – там ён прадасьць яшчэ болей дроваў. Ён разбагацее. Ён дапаможа сваім бацькам, і ў яго таксама будзе каханка, што будзе чакаць яго ў Босе...
-- Давай выйдзем! – запрасіўся Люі Фрэшэт. – Так піць хочацца!
-- Маеш рацыю, -- пагадзіўся Том Карыбу. – Вы ўсе заслужылі глыток рому. Што да мяне, дык ёсьць тут у мяне адна кузына...
-- Дык і ў мяне ёсьць.., -- падхапіў Люі Фрэшэт.
-- І ў мяне! – азваўся ірландзец Джо па-ангельску.
-- І ў нас! --  гукнулі рэхам астатнія.
Парушыўшы правіла, усталяванае Томам Карыбу, човен загамаваў, высякаючы іскры, ледзь не загарэўся, прычэсваючы футравую шапку, што сядзела на лысай галаве ягамосьці спікера парламенту***. За купкай сосен човен мякка прызямліўся на сьнег. Веславальнікі выгрузіліся; нарэшце яны сталі нагамі на старую добрую цьвёрдую зямлю.
-- Чакай нас тут, Батыст, -- сказаў Том Карыбу. – Табе яшчэ няма чаго шляцца па кузынах на госьці.
-- Цяпнем адну чарку ... толькі адну! ... і вернемся адразу, -- паабяцаў Люі Фрэшэт.
-- І наступны прыпанак – Бос! І жанкі, і скрыпкі, і рыгадон.., -- прасьпяваў Ці-Тойн Пельша.
-- Адзін маленькі келіх ... і ўсё! – паўтарыў Анарэ Бугран. – І паедзем далей.
Яны накіраваліся да замка сьвятога Люіа. Барадатыя, у вялізных махнатых футрах яны былі падобныя больш на сям’ю рыклівых мядзьведзяў, чым на візіцёраў з вышэйшага грамадзтва.
Усё, што мог зрабіць зараз Батыст, гэта – чакаць. І ён чакаў. Цярпліва. Па сінім небе плылі аблокі. Ён пасачыў вачамі за імі. Хіба прайсьціся па горадзе, паглядець на яго? Але адзін ён, бадай, яшчэ згубіцца. Да таго ж ён адчуваў сваю адказнасьць за човен. Нельга адыходзіць ад яго далёка.
Мужчыны штосьці вельмі марудна пілі. Мароз кусаў Батысту ногі, хоць ён быў абуты ў цёплыя макасіны з чытырма парамі шкарпэтак. Зрэшты, ён ужо стаміўся. Бо звычайна ён падымаўся да сьвітаньня, каб пячы бліны дрывасекам.
Поўнач, напэўна, ужо мінула. Каб ня гэты прыпынак, яны б былі ўжо у Босе, і ён бы быў ужо з бацькамі, братамі й сястрычкамі ...і з суседскай дачкой Одлі, што так цудоўна грае на акардэоне. Ёй таксама адзінаццаць гадоў, як і яму. І нават у такім веку нельга не заўважыць, што ў гэтай дзяўчынкі самыя прыгожыя вочы ў Канадзе!
Батысту зрабілася шкада самога сябе. Ці не забыліся яны ўжо на яго, на гэты човен пад соснамі? Сам час замёрз, што тая вада ў рацэ. Спыніліся і аблокі. Ён ужо здранцьвеў ад холаду. Тады крыху задрамаў, і яму прымроілася, што човен паляцеў...
А што, калі ён прамовіць тыя ж словы, што казаў Том Карыбу?
Акабры, акабра, акабрум!
Човен, нясі мяне праз горы й долы!
Човен раптам ўсхапіўся на дыбкі ды скіраваўся на месяц, тады зрабіў адзін круг вакол Кўэбэк-сіці. Батыст быў ледзь прытомны ад марозу, але ён дакладна разумеў, што мусіць стрырнаваць свой човен як мужчына.
Знайсьці Бос ня цяжка – трэба проста кіравацца па рацэ.
Сьлёзы пацяклі з вачэй, калі ён урэшце падляцеў да роднай вёсцы, дзе ён нарадзіўся й вырас. Вецер прынёс знаёмы залаты пах круасанаў, напечаных для сьвяткаваньня Новага году. Тут і там даносіліся хвалі музыкі, што каціліся то ўверх да неба, то ўшыркі да ракі. Батыст быў амаль што дома. Дым з комінаў пахнуў салодкім кляновым сыропам.
Вуліца была пустая. Човен пранёсься па ёй на прыназемным лёце. Праз заінелыя шыбы Батыст мог распазнаць, як людзі танчаць, як сядзяць за сталом. Высякаючы іскры, човен прасьлізгаў, як камета, над засьнежанай вуліцай. У шмат якіх дамах закрычалі:
-- Клянуся, толькі што бачыў “лятучы човен”!
Але клятвы гэтыя адно выклікалі сьмех ды кпіны. “У такую марозную ноч нават д’ябал не высуне носа на двор!”
Урэшце рэшт, Батыст, дзед маёй бабулі, злавіў позіркам свой дом на краю вёскі.
-- Човен, гамуй!
А ў ягоных бацькоў былі цяпер госьці. Перад домам стаяла некалькі саняў. Коні білі капытамі зь нецярпеньня. На такім марозным паўночным ветры, нягледзячы, што яны былі накрытыя мядзьведжымі папонамі, ім падавалася, што гэтая вечарына надта зяцягнулася.
-- Човен, гамуй! – зноў скамандаваў Батыст.
Але човен пранёсься міма, як вогненны шар. Батыст паспрабаваў гамаваць сваім вяслом. Чаго ён толькі ўжо не спрабаваў!
-- Стой, човен! Спыніся ўжо к чарцям сабачым!

Човен быў глухім. Батыст ужо быў гатовы да крушэньня. Ён ня ведаў чароўнага закляцьця, як прышвартаваць той човен. Ён быў у адчаі.
Стапіты, стапіта, стапітам!
Стой, човен, не ляці за горы й долы!
Човен узбрыкнуў,  што той неўтаймаваны конь.
-- Ну, човен, як ня хочаш спыніцца, прынамсі прыгамуй хоць крыху! – папрасіўся Батыст.
Замест таго, каб паслухацца, човен пранёсься рыхтык над страхой.
Стук, грукат скалыхнулі ўсю хату. Як разьбітае шкло, абарвалася музыка. Навальніца пасярод зімы? Такога ніколі не было! Гэта, пэўна, праява Божага гневу – яны зашмат наеліся, напіліся, навесяліліся... Усе рынуліся на двор. Перапужаныя коні кідаліся ў бакі, як шалёныя.
Усе ўперыліся ў неба. Там, вакол поўні, усё было ціха й спакойна.
І раптам ...хлопчык, зацята махаючы вяслом, прыляцеў з неба ды ляснуўся на веранду.
-- Гэтта ж ці не малы Батыст зваліўся зь неба?
Човен, расшматаны на кавалкі, пасыпаўся на яго.
Батыст не мог падняцца на ногі, ён зламаў нагу. На шчасьце, Горас Пуля, самы лепшы кастапраў у Босе – што азначае, ва ўсёй Канадзе – быў якраз тут, каб яго залатаць. Одлі, юная бялявая суседка, прыклала снегу яму на лоб.
Батыст усьміхнуўся:
-- Я прыехаў на Новы год...
Пазьней, кожнага разу, як Батыст – дзед маёй бабулі – хадзіў у лес на сьнегаступах, жаліўся, што яму ломіць у назе. І заўсёды ён тлумачыў гэтую ламоту тым, што, калі яму было адзінаццаць, ён зрабіў ваяж на “лятучым чоўне”.


*Бос – назва рэгіёну ў Кўэбэку.
**рыгадон – танец, папулярны ў Правансалі.
***маецца на ўвазе помнік.
  


Рош Кар’е (Roch Carrier), нар. 1937 г. – вядомы ў Канадзе Кўэбэкскі пісьменьнік, аўтар шматлікіх класічных апавяданьняў для дзяцей і дарослых. Чатыры ягоныя апавяданьні – “Гакейны швэдар”, “Чэмпіён па боксу”, “Самы доўгі забег” ды “Баскетбольны гулец” – зрабіліся класікай канадыйскай літаратуры. Цытата зь ягонага апавяданьня “Гакейны швэдар” зьмешчана на канадыйскай пяцідаляравай купюры. Рош Кар’е ёсьць сябрам Каралеўскай грамады Канады (Royal Society of Canada), кавалерам “Ордэна Канады” (Order of Canada) ды лаўрэатам шматлікіх ганаровых узнагарод.

Пераклад зроблены з ангельскага перакладу
паводле Шэйлы Фішмэн (Sheila Fischman)
Ірынай Варабей
(с) 2016

30 ноября 2016 г.

Легенда сквамішаў пра Напалеона

 Паўлін Джонсан

Важкае месца сярод бальшыні дзівосных гісторый, што з пашанай захоўваюць узьбярэжныя плямёны, займае легенда пра марскога зьмея. Пачвара зьяўляецца зноў і зноў з амаль манатоннай частатой у сувязі зь гісторыяй, традыцыямі, легендамі й павер’ямі. Але бадай самая дзіўная роль, якую яна адыграла, была ў драме, што выконвалася на сцэне Эўропы, і дарэчы, усяго сьвету, падчас бурлівае эпохі першага Напалеона.
Па ўсёй Канадзе мне ніколі не бракавала магчымасьці знайсьці зьдзіўляльных ведаў пра Напалеона Банапарта сярод вельмі старых і “нецывілізаваных” індзейцаў. Магчыма яны й ня вельмі знаёмы зь іншымі гістарычнымі пэрсонамі ад часоў Адама, але кожны зь іх раскажа вам, што ён чуў пра “Вялікага Французкага Змагара”, як яны называюць выбітнога маленькага карсіканца.
Ці былі гэтыя веды здабытыя праз той факт, што першымі пасяленцамі тут былі французы, ці амаль чароўная змагарная кар’ера Напалеона гэтак захапіла розумы індзейцаў, што яна выціснула іншыя, менш пасьпяховыя, я так яшчэ й ня вырашыла. Але факт застаецца фактам, што індзейцы нашага пакаленьня не настолькі знаёмыя зь імем Банапарта, як іхныя бацькі ды дзяды. Ці то перавага англамоўных пасяленцаў, ці то зьмяншэньне старажытнае ваяўнічае крыві сучаснай цывілізацыяй ды спакойнымі часамі – мусіць быць адзін ці другі чыньнік таго, што маладзейшыя індзейцы ня ведаюць пра імпэратара Францыі.
Расказваючы мне легенду пра Згублены Талісман, мой добры цілікам*, апошні Правадыр Капілана, пачаў гісторыю з амаль здзіўляльнага пытаньня:
-- А ці чула ты калісь пра Напалеона Банапарта?
Я ледзь зразумела, што ён сказаў, бо ягоная ангельская, заўсёды прыемная й прыгожая, бывае часам крыху абрывістай; але калі ён паўтарыў іншым, тлумачальным чынам: “Ну, ты ж ведаеш. Вялікі змагар, француз. Ангельцы, яны пабілі яго ў вялікай бітве,” – я зараз жа зразумела, аб кім ён вядзе.
-- А што ты пра яго ведаеш? спыталася я.
Сьцішыўшы голас, быццам гэта вялікая тайна, ён прамовіў:
-- Я ведаю, як тое сталася, што ангельцы яго пабілі.
Я прачытала шмат гісторыкаў адносна гэтае падзеі, але пачуць версію ад сквамшаў** было інтрыгуючай навінкай.
-- Няўжо? – сказала я свой звычайны “пароль”, які мусіў прынадзіць яго ў рэчышча даўніны.
-- Так! – пацьвердзіў ён.
Тады, гэтак жа паўшэптам, ён паведаміў мне, што ўсё здарылася праз пасярэдніцтва адзінага пазванка з хрыбетніка марскога зьмея.
 Расказваючы мне гісторыю аднаго годнага хлопца з мыса Броктан, што забіў пачвару, ён быў крыху затрымаўся на факце, што кожны, хто падыходзіў блізка да гэтае істоты, былі паралізаваныя і фізічна, і розумам – заварожаны насамрэч такім чынам, што іхныя косьці боўталіся ў суставах, а мазгі не працавалі. Але сёньня ён так моцна зашчыраваўся на гэткіх падрабязнасьцях, што я вымушана была вярнуць яго да хлопца з мыса Броктан і запытацца, як жа хлопец ды ягоны мозг пазьбеглі такога няшчасьця.
-- Дык жа ён быў добры хлопец, ня сквапны. Таму меў загартаванасьць ад усякага ліха.
Я кіўнула з разуменьнем, а ён паведаміў мне, што ўсе пасьпяховыя індзейскія ваяры насілі недзе ў сабе пазванок марскога змея, што шаманы накідвалі на іх “сілу” так, што на іх саміх “чары” не ўплывалі, але  як толькі яны набліжаліся да ворага, на таго “чары” пачыналі дзейнічаць разбуральна, і ўладальніку талісмана была забясьпечана перамога.
Быў адзін адметны, асабліва моцны, пазванок, які цанілі й трымалі праз стагодзьдзе воі вялікага племені Сквамішаў. Гэтыя воі перамагалі ўсіх ворагаў, зь якімі ні сутыкаліся, аж да тае пары, пакуль талісман зрабіўся настолькі славутым, што нават быў перароблены татэмны слуп усяго іхнага клана, у якім скрыжаваньне мела выяву таго адзінага зьмяінага пазванка.
Блізу гэтага часу данесьліся праз акіян гісторыі аб першых Напалеонавых вялікіх перамогах. Так, не па зямлі - у гэтым і можа быць схаваным ключ да заходне-ўзьбярэжнае легенды, каторую могуць разгадаць тыя, хто ёсць спрытнейшымі  за мяне да росшукаў. Правадыр жа быў больш выразным наконт крыніцы індзейскіх ведаў аб Напалеоне. Калі я зазначыла:
-- Я мяркую, ты пачуў аб ім з Квэбэку, напэўна, ад французкіх сьвятароў, -- ён таропка запярэчыў:
-- Не, не. Не з Усходу. Мы пачулі тое праз Ціхі акіян, з таго месца, што завецца Расея.
Праўда, хто прынёс тыя весткі ды якім шляхам яны дайшлі -- далей прасьвятліць мяне ён ня здолеў. Але тым часам адбылася дзіўная гісторыя з адной скваміскай сям’ёй. Тады была вялікая крывавая бойка, і адзіным жывым зь сям’і застаўся стары вой, герой многіх бітваў, уладальнік талісмана. Ля ягонага сьмяротнага ложа сабраліся тры пакаленьні ягоных жанчын: жонка, сястра, дачка, унучка -- але ніводнага мужчыны, нават хлопчыка ягонае крыві не было побач, каб праводзіць дух воя да краіны спакою й дастатку.
-- Абярэг ня можа захоўвацца ў руках жанчыны, -- прашаптаў ён з амаль апошнім уздыхам. -- Жанчына ня можа ваяваць і біцца зь іншымі народамі й плямёнамі. Жанчына ёсьць адно дзеля спакойнага жытла ды дзеля выхаваньня малых. Яна мусіць трымаць дзіцячыя далонькі, навучаючы дзіця хадзіць. Не, абярэг ня можа быць з вамі, мае жанкі. Няма ў мяне ні брата, ні кузіна, ні сына, ні ўнука, але і абярэг ня можа трапіць да воя меншага за мяне. Ніхто ні з нашага племя, ні з племені на ўсім Узьбярэжжы ніколі не перамагаў мяне. Абярэг павінен адправіцца да такога ж непераможнага, якім быў я. Як я памру, адашліце яго празь вялікую салёную прорву, да пераможнага Француза, завецца ён Напалеон Банапарт, -- і гэта былі ягоныя апошнія словы.
Старэйшыя жанкі хацелі пахаваць талісман разам зь ім, але маладзейшыя, натхнёныя духам свайго пакаленьня, моцна наважваліся адправіць яго праз акіян.
-- У магіле ён будзе мёртвым, -- даводзілі яны. -- Няхай жа ён жыве надалей. Няхай дапамагае іншым змагарам за вялікасьць і перамогу.
Як быццам для пацьверджаня такога рашэньня, наступным днём у іхную затоку зайшоў невялікі рыбацкі вадаплаў. Усе мужчыны на судне гаварылі па-расейску, апрача двух танклявых, рухавых маракоў, што трымаліся адчужана да ўсёй каманды і размаўлялі на іншай мове. Гэныя двох сышлі на бераг і загаварылі па-французку з вандроўным трапёрам з “Гадсан Бэю”, які часьцяком жыў разам са сквамішамі. Таму жанчыны, якія ўсё яшчэ аплаквалі свайго памерлага воя, даведаліся, што тыя два чужынцы былі з тае краіны, дзе вялікі Француз ваяваў супраць усяго сьвету. 
Тут я перапыніла Правадыра:
-- А як французы трапілі на расейскі карабель?
-- Палонныя. Амаль рабы, ненавісныя сваім захопнікам, як бальшыня заўсёды ненавідзіць меншасьць.
Дык вось, жанкі адвялі двох французаў убок і расказалі ім гісторыю тае косткі ад марскога зьмея, спанукаючы іх завезьці яе назад у сваю краіну ды аддаць вялікаму Французу -- таму, хто ёсьць гэткім жа мужным і сьмелым, як іхны памерлы правадыр.
Французы вагаліся, маўляў, талісман можа пашкодзіць ім; можа сапсаваць ім мазгі так, што падчас іхнага шляху да Расеі ім збракуе кемлівасьці спланаваць уцёкі да собскае краіны; можа размацаваць іхныя целы так, што яны зробяцца слабымі, як дзеці. Але жанкі запэўнілі іх, што чары накіроўваюць сваю сілу адно на ворагаў талісманавага ўладальніка, што даўнія шаманы заваражылі яго менавіта такім чынам. То французы такі ўзялі яго й паабяцалі, што калі будзе магчыма, яны перададуць яго Імпэратару.
Калі яны падняліся на борт, жанчыны зь берага бачылі, як многіх матросаў пачало перакручваць; некаторые падалі на палубу, поўзалі, трэсліся ў канвульсіях; каторых скурчыла на момант, тады яны млява паваліліся, быццам без касьцей. Адно два французы стаялі ўрост, моцныя, здаровыя -- скваміскі талісман ужо перамог іхных ворагаў. Калі маленькі рыбацкі вадаплаў рушыў з затокі, кіраваньне на ім узяла каманда з двух французаў -- тых, што ўваходзілі ў яе як палонныя, а пакідалі як заваёўнікі. Спаралізаваныя расейцы былі горш за непрыдатных, і што зь імі сталася, правадыр паведаміць ня змог. Верагодна, іх выкінулі за борт, і ўрэшце капрызам лагоднага лёсу абое фрацузы дасяглі берагоў Францыі.
Легенда настольікі нявызначаная наконт іхнага падарожжа пасьля таго, як яны пакінулі Затоку, што нават адвечна ўзьнёслая ды багатая на фарбы фантазія сквамішаў так і не забясьпечыла падрабязнасьцямі гэтую па-дзіцячы прыгожую, і тымчасам дзівосную гістарычную казку. Але гукі труб вайны, бой барабанаў па ўсёй Эўропе даносілі да дзікіх лясоў Ціхаакіянскага Ўзьбярэжжа вестку аб тым, што вялікі “Талісман Сквамішаў” нарэшце дабраўся да Напалеона; што ад гэтага часу й надалей ягоная кар’ера была адной вялізнай перамогай, што ён выйграваў адну бітву за другой, заваёўваў краіну за краінай, і калі б ня тое страшэнннае няшчасьце, што можа толькі напаткаць ваяра, то мог бы зрабіцца валадаром усяго сьвету.
-- Якое то няшчасьце, Правадыр? -- спыталася я, захопленая ягонымі ведамі аб вялікім жаўнеру й стратэгу.
Правадыр зноў пацішыў голас да шэпту, твар ягоны быў засяроджана суворы:
-- Ён згубіў талісман Сквамішаў. Згубіў літаральна перад адной вялікай бітвай з ангельцамі.
Я паглядзела на яго сур’ёзна: ён распавёў мне самую дзівосную мешаніну зь гісторыі й забабонаў, кемлівасьці й невуцтва, выкшталцонага абсурду, і тымчасам уражлівую байку, якую я ніколі ня чула з вуснаў індзейцаў. 
-- Як называлася тая вялікая бітва, ты чуў калі-небудзь? -- мне цікава было як шмат ён ведае аб падзеях, што адбываліся на іншым баку сьвету стагогдзьдзе таму.
-- Так, -- адказаў ён уважна, задумліва. -- Я часам чую гэтую назву ў Лёндане, калі бываю там. Тамтэйшая чыгуначная станцыя … той жа назвы.
-- Ватэрлу? -- спыталася я.
Ён хутка кіўнуў, без ніякага ваганьня.
-- Яна, -- адказаў ён. -- Вось. Ватэрлу.

..............................................................................................


*Цілікам - сябар
**Сквамішы – індзейскае племя, што жыве на Ціхаакіянскім Узьбярэжжы



Пераклала Ірына Варабей
2008

11 ноября 2016 г.

Выспа мёртвых

 Паўлін Джонсан


Доўга мы стаялі моўчкі, абапершыся на заходнія парэнчы моста, назіралі суклоньне за прыгожым стаўком вады, вядомым як Вугальная Прыстань. Мяне заўсёды абурала гэтая лапезная, недарэчная назва; шмат гадоў таму, налягаючы на вясло праз ваўнарэз лёгкага чоўна ці проста бавячы час у ім, я называла гэтую затуленую бухтачку Страчанай Лагунай.

Гэта цешыла маю фантазію, бо падчас таго цудоўнага летняга месяцу нястомныя адлівы пакідалі гавань зусім без вады ў мой улюбёны час для веславаньня, і маё любімае месца для баўленьня часу гублялася на многія дні – таму ў думках я наракла яе Страчанай Лагунай. Але Правадыр, па-індзейску, умомант прыняў назву, прынамсі, калі гаварыў мне аб гэтым месцы. І цяпер, калі мы наглядалі за сонцам, што садзілася за край елак, ён выказаў жаданьне, каб ягоны човен, які ляжыць на беразе недзе ў дальнім кутку парка, быў цяпер тут. 

-- Калі б човен быў тут, мы б з табой правеславалі ўздож берага вакол тваёй Страчанай Лагуны, прайшлі б палову круга ды вярнуліся б па цэнтру. Тады – пад мост у пратоку між Выспай Мёртвых ды лесам. Потым пабылі б, дзе гармата б’е час а дзевятай гадзіне. І тады перасяклі Рукаў да індзейскага боку Затокі.

Я завярнулася на ўсход прасачыць за курсам, які ён абрысаваў. Вада была ціхай, нерухомай, як сьлед надыходзячага сутоньня, і, адпачываючы на ейнай пурпуровай роўнядзі, плавала Выспа Мёртвых, бы вялікі пук воскавага моху.

-- Ты калі-небудзь была там? – спытаўся ён, злавіўшы мой пагляд, нацэлены на няроўныя абрысы соснаў на ёй.
-- Я абкружляла яе ўздож і поперак. Забралася на кожную скалу на тых берагах, блукала ў кожным зарасьніку, дасьледавала кожную сьцежку і ня раз амаль была згубіўшыся ў еных нетрах.
-- А то, -- пасьміхнуўся ён. – Яна ж зусім дзікая, нічога там добрага.
-- А мне здавалася, яна чымсьці вартая. Людзі судзяцца за яе, нават зараз нехта б’ецца.
-- О, гэта заўсёды было, -- сказаў ён, бы аб нечым звычайным. – Вечна б’юцца за гэтае месца. А вось сотні гадоў таму біліся на ёй. Індзейцы. І кажуць, сотні год яшчэ будуць біцца – так і ня вызначыўшы, чым гэтае месца ёсьць, каму яно належыць, хто мае на яго права. Не, ня вызначацца. Выспа Мёртвых заўсёды будзе бойкай для некага.
-- Што, індзейцы біліся міжсобку за яе? – заўважыла я знарок бясхітрасна, хаця мае вушы ўжо трымцелі прадчуваньнем надыходзячай, я ведала, легенды.
-- Біліся, як рысі, твар у твар. Біліся, забіваліся, аж пакуль выспа не набрыняла крывавай чырваньню, большай за гэтае суклоньне, а вада ў моры вакол яе заплямілася колерам полымя – і тады, кажуць у нас, уздож берагу і вырасьлі тыя пунсовыя агонь-кветкі... Прыгожы колер у агонь-кветак. Яны маюць быць дасканалага колеру, бо нарадзіліся й расьлі з сэрцаў дасканалых людзей – высакародных супляменьнікаў, -- падкрэсьліў ён.
Мы перайшлі да ўсходніх парэнчаў маста ды стаялі, наглядаючы, як ціхія, глыбокія цені павольна зьбіраліся на высьпе. Я мала калі бачыла што, больш міратворнае.
Правадыр уздыхнуў:
-- Цяпер няма ў нас такіх людзей, такіх змагароў, як былі тыя. Няма такіх сэрцаў, такой мужнасьці, як тады. Вось я распавяду табе гісторыю, тады ты зразумееш. Цяпер тут так ціха, сёньня тут усе добрыя цілікамы*, нават дýшы памерлых болей не змагаюцца, хаця доўга яшчэ пасьля тых падзей яны ўсё біліся.
-- Ну, дык легенда? – адважылася я.
-- О, так... – ён быццам вярнуўся ў цяперашняе з далёкае краіны ў спратах часу. – Індзейцы, яны называюць яе “Легендай Выспы Мёртвых”.

Вайна была ўсьцяж. Шалёныя плямёны з паўночнага ўзьбярэжжа, дзікія плямёны з поўдня – усе сутыкнуліся тут ды рабілі набегі ды біліся, палілі ды паланілі, катавалі ды забівалі ворагаў. Лес насыціўся дымам вогнішчаў, Затока была бітком набіта ваеннымі чоўнамі, і Сагалі Тайі – Той, хто ёсьць чалавекам міру – адвярнуў Свой твар ад Сваіх дзяцей-індзейцаў.
Была вялікая спрэчка ды змаганьне за гэтую выспу. Шаманы з поўначы заяўлялі, што гэта іхная малітоўная зямля. Шаманы з поўдня высоўвалі такія ж дамаганьні што да яе. Усе хацелі валодаць ёю як цытадэльлю дзеля свайго чараўніцтва й магіі.
Вялікія групоўкі гэтых шаманаў сустрэліся ў вадным месцы ды сілай сваіх чараў намагаліся прагнаць сваіх супернікаў. Ведуны з поўначы разьбілі лягер на паўночным краі выспы, тыя ж з поўдня размясьціліся на паўднёвым беразе, тварам да таго, што сёньня ёсьць горадам Ванкуверам. На абаіх баках скакалі вакол вогнішчаў, пяялі, палілі свае чарадзейныя парашкі, білі ў чароўныя бубны, але ніхто з супраціўнікаў так і не зьнядужыў, і ніхто не перамог. А вакол іх, на водах, на зямлі, лютавала вайна паміж іхнымі плямёнамі – відавочна Сагалі Тайі забыўся на Сваіх дзяцей-індзейцаў.
Праз шмат месяцаў змаганьня, воі абаіх бакоў зьнясілелі. Яны сказалі, што заклінаньні супéрных шаманаў зачаравалі іх, зрабілі іхныя сэрцы кволымі бы дзіцячыя, а рукі млявымі бы жаночыя. Тады сябры ды ворагі пасталі як адзін ды выгналі шаманаў з Выспы, пагналі іх уздож Затокі ды загналі ў мора, дзе яны знайшлі паратунак на адной са зьнешніх выспаў. А тады плямёны зноў кінуліся ў бойку супраць адно аднаго.
Ваяўнічая кроў поўначы заўсёды пераможа. Яны мацнейшыя, сьмялейшыя, спрытнейшыя. Сьнег ды лёд іхнае краіны шпарчэй ганяе кроў, чым млявае сонца поўдня. У іх цьвёрдыя цагліцы, целы загартаваныя. Так, паўночныя плямёны заўсёды будуць пераможцамі. Але хітрасьць ды падступства паўдзённых – таксама не абы якая рэч, каб лёгка яе пераадолець.
Пакуль паўночныя перасьледавалі шаманаў далёка ў мора, каб пераканацца ў іхным поўным выгнаньні, паўдзённыя пад покрывам ночы вярнуліся ды вызвалілі сваіх палонных з чужога лягеру, тады захапілі чужых жанчын ды дзяцей ды старых і пераправілі іх усіх на Выспу ды трымалі іх там у палоне. Іхныя ваенныя чаўны, абкружыўшы Выспу, пасталі бы ўмацаваньні, праз якія даносіліся галашэньні палонных жанчын, лямант старых, плач малых.
Раз за разам нападалі паўночныя на тое кола чоўнаў, але зноў і зноў былі адкінутыя. Паветра набрыняла атручанымі стрэламі, вада заплямілася крывёй. Але дзень за днём кола чоўнаў рабілася танейшым ды танейшым, а стрэлы паўночных усё сьпявалі ды траплялі ў цэль. Паўсюль плавалі чоўны, пустыя, ці яшчэ горай, нерухомыя, экіпаваныя аднымі мерцьвякамі.
Найлепшая частка паўдзённых вояў ужо загінула, калі іхны галоўны Правадыр умацаваў вялікі камень на паўдзённым беразе. Сьмела, не зважаючы на тысячы срэлаў пацэляных яму ў сэрца, ён узьняў рукі з адкрытымі далонямі – знак нарады. Адразу ж усе паўночныя лукі апусьціліся, і кожнае паўночнае вуха прыслухалася да ягоных словаў.
-- О, людзі верхняга ўзьбярэжжа! – загаварыў ён. – Вас значна большая колькасьць тут, вашае племя шмтлікае, вашая загартаванасьць лепшая. Мы згаладалі, мы губляем людзей. Нашых палонных – вашых жанчын, дзецей ды старых – таксама паменела: запасы харчу заканчваюцца. Калі вы ня прыміце нашыя ўмовы, мы будзем змагацца да скону. Заўтра мы заб’ем усіх палонных у вас на вачах, бо мы болей ня можам іх карміць. Або вы можаце вярнуць сваіх жонак, матак, бацькоў, дзяцей, калі за кожнага зь іх аддасьцё нам па аднаму вашаму найлепшаму маладому вою, таму, хто пагодзіцца пайсьці на сьмерць замест іх. Гаварыце! Гэта ваш выбар. 
У паўночных чоўнах паўскоквалі на ногі сотні й сотні маладых вояў. Навакольле напоўніналася радаснымі крыкамі з узьнёслымі воклічамі. Быццам увесь сьвет загудзеў галасамі тых маладзёнаў, што крычалі гучна з пачэснай мужнасьцю:
-- Вазьміце мяне, але вярніце майго старога бацьку!
-- Вазьміце мяне, але адпусьціце дадому маю малую сястру!
-- Вазьміце мяне, але выслабаніце маю жонку й сына-немаўлятку!
Гэтак, дамова была зроблена. Дзьве сотні геройскіх, высакародных маладых вояў павеславалі да Выспы, парушыўшы шыхты ўмацаваньня з чоўнаў, ды ступілі на бераг. Як арлы апярэньнем, гэтак і яны выхваляліся сваёй мужнасьцю, бы маладыя багі. Распраўленыя плечы, цьвёрды крок, моцны дух. У свае чоўны яны ўсадзілі дзьве сотні палонных.
Зноў загаласілі жанкі, залямантавалі старыя, заплакалі дзеці, але тыя маладыя брунатнаскурыя багі нават не завагаліся, не пахіснуліся. Іхныя слабыя й нядужыя сваякі былі ўратаваныя. Што значыць для іх такая дробязь, як сьмерць?
Вызваленых палонных адразу ж абкружылі свае людзі, але цьвет іхнага цудоўнага народу знаходзіўся ў руках ворагаў, тая мужная моладзь, якая ня думаючы аб сьмерці, паклала свае жыцьці дабраахвотна, з радасьцю, каб ратаваць сваіх дарагіх і любімых. Сярод іх былі і загартаваныя воі, што перамаглі ў тузінах баёў, і зусім юныя, што толькі падрасьлі для бітваў ды ўпершыню нацягнулі цеціву лука; але іхныя сэрцы, іхная мужнасьць, іхная ахвяра была адна на ўсіх.
Яны стаялі ў адзін шыхт перад паўдзённымі воямі. З узьнятымі тварамі, з выклікам у вачах, з голымі грудзямі. Яны ўсе нахіліліся ды паклалі ля ног сваю зброю, тады сталі проста, з пустымі рукамі ды засьмяяліся ў твар сьмерці. Тысячы стрэлаў працялі паветра, з дзьвюх сотняў высакародных паўночных глотак вырваўся сьмяротны вокліч, трыюмфальны, як перамога каралёў – і тады дзьве сотні бясстрашных паўночных сэрцаў спынілі сваё біцьцё.
А назаўтра паўдзённікі ўбачылі, што на месцы, дзе ўчора загінулі воі, вырасла мора палымяных агонь-кветак. Страшэнны жах абуяў іх. Яны пакінулі Выспу, і калі ноч зноў ахінула іх, яны ўжо гналі прэч свае чоўны і, бясшумна прасьлізнуўшы праз Затоку, накіраваліся на поўдзень, і на гэтай частцы Ўзьбярэжжа іх болей ня бачылі.

-- Якія высакародныя мужчыны! – паўшэптам сказала я, калі правадыр скончыў гэтую дзіўную легенду.
-- Так, мужчыны! – адазваўся ён рэхам. – Белыя называюць яе Выспай Мёртвых. Гэта па-іхнаму. Але мы, Сквамішы**, завем яе Выспа Загінулых Мужчын.
Грэбень соснаў ды абрысы Выспы былі ўжо зусім цёмнымі й неразборлівымі. Спакой, спакой ляжаў на водах, пурпур летняга сутоньня распусьціўся ў шэрань, але я ведала, што там, у нетрах Выспы Мёртвых цьвітуць кветкі палымянай прыгажосьці; іхныя колеры хавае надыходзячая ноч, але недзе ў самай сьвятыні іхных пялёсткаў пульсуе кроў з сэрцаў адважных мужчын. 



*цілікам – сябар
**Сквамішы – індыянскае племя, што жыве на Заходнім Узьбярэжжы Канады.


Пераклала Ірына Варабей
2009