8 июля 2018 г.

Дзева туманоў. Легенда Ніягарскіх вадаспадаў


у пераказе
Вяронікі Мартэнавай-Чарлз
(Veronika Martenova Charles

Аўтарскія заўвагі аб паходжаньні легенды

Усе  сакральныя мясьціны на зямлі маюць свае легенды. Гісторыя Дзевы Туманоў зьяўляецца часткай міталёгіі Ніягарскіх вадаспадаў больш за 150 гадоў. Але тут заўсёды існавалі сумненьні наконт ейнага паходжаньня. Шмат хто з сёняшніх дасьледчыкаў лічаць гэтую казку вынаходніцтвам мясцовых гідаў для заманьваньня турыстаў.
Мяне ж гэтая гісторыя прыцягнула сваёй глыбокай казачнасьцю, і я пачала пошукі ейных каранёў. Я знайшла, што гэтая гісторыя ёсьць замесам дзьвюх культур: эўрапейскага пераказу іракезкай легенды.
У іракезкай версіі дзяўчына з племені Сенека бярэ свой лёс у свае рукі, намагаючыся пазьбегнуць нежаданага замужжа. Ейны човен выпадкова трапляе ў воды вадаспада, але яе выратоўвае Гайну – дух навальніцы. Ён навучае яе, як дапамагчы ейнаму народу пазбавіцца хваробы, якую на іх наслаў пачварны змей. Тая гісторыя сфакусаваная на канфлікце паміж рагатым змеем і духам навальніцы. У выніку перамогі дабра над злом узьнікаюць Ніягарскія вадаспады такімі, як мы іх ведаем цяпер.
У эўрапейскай версіі найбольшая ўвага прыпадае на дзяўчыну, што праходзіць праз вадаспад. Такая падзея адлюстроўвае настроі грамадзкасьці таго часу: дзяўчына выступае як пассіўная асоба, якая мае няшмат управы на свой лёс.
У сваім пераказе я наблізіла гісторыю да іракезкай версіі з ейным моцным гераічным пачаткам. Дзяўчына – не ахвяра; для яе паход праз вадаспад ёсьць актам добрай волі, мужнасьці й міласэрнасьці.
Я мушу падзякваць Інзе Сачкоўскі (Inge Saczkowski), супрацоўнцы бібліятэкі Наягра Фолс, за дапамогу ў маіх дасьледаваньнях і за знаходкі самых раньніх публікацыяў у бібліятэчным склепе. Трыманьне ў руках дакумента 150-гадовай даўніны было найвышэйшым эмацыйным узрушаньнем у працэсьсе стварэньня гэтай кнігі.
А гэтак жа Том Гіл (Tom Hill), з народу Сенека, дырэктар Музэя і культурнага цэнтру Вудлэнд у рэзервацыі Шасьці народаў, што ў Брантфордзе (Антарыё) мусіць быць узгаданы. Я вельмі ўдзячна яму за цярплівыя парады наконт іракезкай культуры ў даўнейшыя часы і за добрую крытыку маіх малюнкаў да кнігі.


Дзева туманоў
Легенда Ніягарскіх вадаспадаў 

Даўным даўно на берагах ракі Ніягара, непадалёк уверх па рэчышчу ад вялікіх вадаспадаў, жыло племя Сенека. У жыцьцядайнай рацэ тады было поўна рыбы, палі набрынялі ўраджаем кукурузы, а ў лугах пястрэла покрыва салодкіх ягад. Наколькі Лелавала магла прыгадаць старыя часы – жыцьцё тады было цудоўным.
Але аднойчы ўлетку ўсё зьмянілася: прыйшла нейкая хвароба, і шмат людзей памерла ад яе. Адной зь іх была й жонка правадыра – Лелаваліна маці.
Народ быў перапалоханы.
-- Напэўна, Гайну – Дух Навальніцы – раззлаваўся на нас, -- казалі яны.
Гайну быў магутнай істотай, што жыла ў пячоры за вялікім вадаспадам. Гайну валодаў дажджамі і грымотамі, але ён звычайна ахоўваў людзей, забіваючы падводных змеяў, што пагражалі ім.
-- Мы мусім палагодзіцца з Гайну, -- раілі старэйшыны. – Можа тады ён зьніме з нас праклён.
І тады людзі заладавалі цэлыя чоўны падарункамі для яго: ежай і кветкамі – ды пусьцілі іх уніз па рацэ, да вадаспадаў. Але нічога не адбылося – дзень за днём хвароба ўсе гэтак жа забірала і маладых, і старых.
Аднойчы ўвечары да правадыра прыйшоў вясковы шаман.
-- Не спадабаліся Гайну нашыя падарункі, -- сказаў ён. – Мы мусім адправіць яму нешта куды больш каштоўнае. Нешта маладое ды гожае.
А Лелавала, прыхаваўшыся ў вечаровым змроку, пачула гэтую размову. Яна усё яшчэ гаравала аб памерлай маці ды аб іншых добрых людзях, якіх забрала хвароба. Ёй балела за свайго няшчаснага бацьку, і яна баялася за ўсіх тых, хто яшчэ заставаўся жывы. І Лелавала вырашыла.
Наступным ранкам Лелавала апранулася ў сваю найлепшую сукенку і падышла да бацькі.
-- Я чула вашую размову ўчора ўвечары, -- сказала яна. -- Можа, гэтта я змагу выратаваць наш народ. Я пайду да ракі, да Гайну. Мне зусім ня страшна.
Бацька аслупянеў. Ён не змог вымавіць ані слова.
-- Ты павінен адпусьціць мяне, -- узмалілася Лелавала.
У апошні раз абняла яна свайго бацьку. Тады залезла ў човен. І нават ні разу не азірнуўшыся, накіравалася ўніз па рацэ.
Спачатку човен плыў павольна, але далей цячэньне забірала яго ўсё хутчэй і хутчэй. Далёка наперадзе з ракі вырастаў куродым туману, як быццам там гарэла й дымілася сама вада. І тады ў адзін момант Лелавалу панесла над вадаспадам, і рака заглынула яе ў свае нетры.
Гром над вадаспадам стаяў такі, нібыта гэта табун з тысячаў аленяў нёсься галопам па зямлі. Лелавалу ахутала пругкае воблака вільготнай імжы. Агаломшаную бясконцым гулам ды асьлепленую  вясёлкавымі пырскамі, яе выкінула з чоўна, працягнула над прорвай, нібыта яна важыла цяпер ня болей за птушынае пёрка.
Уніз... уніз... уніз... Яна ляцела долу ў вірлівую, бурклівую макрэць. Але страху ў яе не было ні калева. Лелавала была спакойная ды ўпэўненая, яна чулася, быццам нехта нёс яе ў сваіх далікатных далонях.
Потым туман расхінуўся раптам, і Лелавала ўбачыла, што яна апынулася ў пячоры. Нехта стаяў перад ёй на каленях.
-- Я – сын Гайну, -- сказаў юнак. – Заставайся тут, і прымі мяне як свайго мужа.
-- Я застануся тут толькі тады, калі ты скажаш мне, чаму твой бацька не дапаможа людзям? – адказала Лелавала. – Чаму ён злуецца на нас?
-- Мой бацька не злуецца. Ён проста баіцца, як яму будзе сорамна, калі людзі дазнаюцца, што ён не такі магутны, як яны думаюць. Там, у рацэ, жыве пачварны, рагаты зьмей, што атручвае ваду. Вось чаму вашыя людзі паміраюць. Гэтая зьмяя такая вялізная! Нават мой бацька з усімі маімі братамі ня могуць яе забіць.
Наступнай ноччу Лелавала думала пра свайго бацьку і апынулася ў ягоным сьне.
-- Не гаруй па мне, тата, – сказала яна яму – бо са мной усё добра, я ў небесьпецы. Паслухай мяне і зрабі так, як я табе скажу. Я ведаю, чаму наш народ хварэе.
І тады яна расказала яму аб зьмяі-пачвары і аб тым, як яе знайcьці.
На працягу двух месяцаў правадыр зь іншымі воямі чакалі на беразе рацы. І калі ўрэшце рагаты зьмей вырас раптоўна з вады, яны напалі на яго з усіх сваіх чоўнаў.
Пачалася лютая бойка, і як яна адбывалася, разьзявілася неба, грымелі маланкі й дождж ліўся як з вядра.
Маланкавыя стрэлы сыпаліся на пачвару. Гайну з сынамі таксама далучыліся да бітвы. Урэшце рэшт, зьмей быў сьмяротна паранены. Магутная рака зьмяла ягонае вялізнае цела да вадаспадаў.
Змардаванае цела монстра захрасла між валуноў на самым грэбні вадаспада. Ягоная галава матлялася на адным беразе ракі, а хвост – на іншым. Камні не вытрымалі вагі дрыготкай пачвары ды абваліліся долу, зрабіўшы вадаспады падобнымі формай да сагнутага лука.
Усю наступную ноч людзі сьпявалі й танчылі – сьвяткавалі перамогу. Больш ня будзе хваробы! Той лад жыцьця, які яны памяталі, урэшце вернецца да іх!
Але шмат каго ўжо не было на гэтым сьвяце жыцьця...
Міжчасам як народ гуляў, правадыр паціху адлучыўся і пайшоў краем ракі да вадаспада. Там ён прысеў, у думках узгадваючы тых, хто не вярнуўся. Яшчэ ён думаў пра сваю дачку, якім яно будзе, ейнае новае жыцьцё. Ён намагаўся пачуць ейны голас сярод грымотаў вадаспада. І ён пачуў яго.
І нават сёньня, калі табе давядзецца стаяць ля вадаспадаў Ніягары, прыслухайся ўважліва. Ты цалкам можаш пачуць голас Лелавалы і ейных дзяцей, што аклікваюць адзін аднаго па-за магутнай заслонай грымотнай вады, за якой хаваецца іхны дом.

(с) Пераклад Ірыны Варабей, 
2016, Таронта

--------------------------------------------
Вероніка Мартэнава-Чарлз нарадзілася ў Празе і напрацягу свайго жыцьця шмат вандравала ў якасьці спявачкі і зьбіральніцы фальклёру, дызайнеркі і пісьменьніцы. Падчас вандровак сабрала шмат народных паданьняў, займалася дасьледаваньнямі гісторый іх паходжаньня, вынікам чаго зьявіліся на сьвет некалькі ілюстраваных кніжак для дзяцей. Жыве з сям’ёй у Таронта, Канада. 

Комментариев нет:

Отправить комментарий