Показаны сообщения с ярлыком Томас Кінг. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Томас Кінг. Показать все сообщения

20 февраля 2018 г.

Сарокі

З кнігі:
“Вось добрая байка, гэная во”
One Good Story, That One
Томас Кінг
(Thomas King, "Magpies")

А гэтая пра Грэні. Пра тое, што здарылася ў рэзэрвацыі. Дык гэтую гісторыю кожны ведае. Вільма ведае. Эмбраз ведае. Мой сябра Нап’ёя. Лайонэл Джэймс. І нават Білі Франк яе ведае. Білі Франк пачуў яе аж у Калгары. Ён чуў яе тры разы. А можа, і шэсьць. От жа ж, кажа ён, тую гісторыю ўсё яшчэ расказваюць ды расказваюць.
Часам галоўнай гераіняй у гэтай гісторыі бывае Вільма. Некаторыя расказваюць гэтак, што Эмбраз ёсьць прысутным паўсюль. Але я расказваю так і няйнакш і заўсёды гэтак кажу.
Часам я спачатку кажу пра тых сарок. З тымі дзюбамі. А чаго, неблагія дзюбы. Тыя ж сарокі стракочуць без упынку, вы ж ведаеце. Пляткаркі гэныя. Ха-ха-ха. Жартую. Вось з гэтага я звычайна і пачынаю.     
Ото ж. Дык вось тая гісторыя ад пачатку.

Грэні ўпала ды пашкодзіла нагу. Гэтак, што тая нага аж чырвоная. А тады зрабілася сіняя. Часам нават чорная. Потым усё жоўтая, жоўтая. Тая нага. Грэніна нага.
Глядзіць Грэні на сваю нагу і думае – паміраю. І кажа ўсім – я памру. І як яна пачынае гаварыць пра сьмерць, Вільма кажа – не, не, не. Гэта ж толькі сіняк. Жоўты сіняк. Нічога страшнага.
Але Грэні расказвае кожнаму, маўляў, чую, што паміраю. Я памру, кажа яна мне. І я кажу, так, чаму ж не. Старыя людзі адчуваюць такое. Гэтак бывае. Пэўна нешта ў крыві. Мо, цыгарэты. Мо, тое пітво.
Але Грэні нават падабаецца разважаць аб сьмерці. Завялася – памру і памру. Вельмі хутка, кажа. Згнію, і ніхто не заўважыць. А тыя сарокі балбоняць міжсобку й рагочуць.
Глянь ты на тых птушак, кажа старая Эмбразу. Бачыш іх?
Вядома, бачу, кажа Эмбраз.
Ад іх цягне сьмерцю, кажа яна. Хіба не?
Так, кажу я, сапраўды.
Гэныя спачатку выдзёўбваюць вочы, кажа яна, тое, што мяккае. Гэта яны любяць – маленькае нешта, кругленькае. Сьвежанькае. Таму, сынок, ты крэпка іх заматаеш.
Як мае быць, кажу я.
Ты чуеш мяне, Эмбраз? Старая Грэні трасе Эмбраза так, што ён прачынаецца. Ад іх ідзе пах сьмерці, ад тых птушак, як ад ворыва з воўчых ягад. Як я памру, яны накінуцца на мяне.
Можаш мне верыць, кажа Эмбраз.
Тады можна й паміраць, кажа мне Грэні. А я кажу, ну так.

Але тады Вільма вазьмі забяры тую старую ў шпіталь паказаць двум, ці пяці белым лекарам. Паглядзелі яны на тую нагу. Зноў паглядзелі. Яшчэ колькі паглядзелі. Гмм, гмм, гмм. Гэтак вось. Ротам. Ня танчаць. Не сьпяваюць. Яны гэтак размаўляюць з Грэні. Гмм, гмм, гмм.
А пакуль Грэні кажа да мяне, ёсьць жа добрыя мейсцы, дзе памерці чалавеку. Вось ля ракі – цудоўна. У прэрыях – добра. Ці ў гарах. Але ёсьць і кепскія. Гастраном. Гандлёвы цэнтар. Кінатэатар. Шпіталь.
І гэты шпіталь – кепскае мейсца, дзе паміраць. Сі-па-аг-лу. 
“Сі-па-аг-лу” – гэта кшталту ямы. У зямлі. “Сі-па-аг-лу” – гэта старое слова. Тое, куды скідаюць аб’едкі. Куды скідаюць транты ды ламачча. Куды скідаюць сьмярдзючую старызну. Шклянкі ад піва. Сьпітую каву. Рыбі трыбух. Пакеты ад малака. Газэты. Машынны алей. Усё непатрэбнае – далей ад людзкіх вачэй. Усё – туды. “Сі-па-аг-лу”. 
Тады ўсё гэта закопваецца. І можна перасоўвацца ў іншае мейсца.
Шпіталь.
Дактары размаўляюць з Грэні – гмм, гмм, гмм. Можа, вам застацца тут. На адзін дзень. На чатыры. Можа, мы тады ўбачым нешта. Гмм, гмм, гмм.
Эмбраз кажа, белыя ідуць у гэны шпіталь, каб атрымаць новы нос. Новыя прыгожыя грудзі. Паправіць старыя сьцёгны. Павыцягваць з цела непатрэбнае. Гэта Эмбраз мне так кажа. Наладзіць самога сябе. Як машыну. Каб працавала лепей. Гмм, гмм, гмм.
Але тыя не надурылі Грэні. Я табе кажу.
Грэні паківала галавой. Паглядзела на падлогу. На дзьверы. Паджыгала нагамі. Як у карагодным танцы. Ох, ужо ж тыя танцы, яны не пра “Сі-па-аг-лу”.
Не хачу я ў тую яму, кажа яна.
Бог любіць цябе, Грэні, кажа Вільма. Добрая жанчына, тая Вільма. Любіць Грэні. Гатуе ёй. Мые. Але, Вільма – зацятая каталічка. Ужо ж яна ведае пра сьмерць. Чытае ўсе тыя газеты з цэркваў.
Калі Бог цябе забярэ, мама, ты пачуесься шчасьлівай. Гэтак Вільма расказвае. Сьмерць – гэта ня страшна, кажа Вільма. Гэты братка Бог чакае на цябе. Прывітаньне! Як маесься?
Не кладзі мяне ў магілу! У тую “сі-па-аг-лу”, кажа Грэні дачцэ.
Сьмецьцевая яма.
Шпіталь.  
Гэта ж адное слова. Разумееш?
Дык жа, кажа Вільма, гэтак цяпер робяць. Табе патрэбен сьвятар. Ён асьвеціць усё.
У яме холадна, кажа Грэні.
Бог цябе сагрэе, кажа Вільма.
Тады Грэні зьвятраецца да Эмбраза.
Эмбраз – мажны мужчына. Шырокія грудзі. Моцныя ногі. Вялікая галава. Ён лагодны, той Эмбраз. Заўсёды жартуе, расказвае байкі. Ён руплівы. Тое падладзіць, гэтае направіць. Грэні зьвяртаецца да Эмбраза. Сынок, улагодзь мне гэтую справу! Ну, вядома, мама, кажа той. Я ўсё зраблю. Можаш мне верыць.
І Грэні з сынам прыходзяць да мяне. Го, кажу я, і твой вялікі хлопчык з табой. Так, кажа яна, прыйшлі пагаварыць з табой. Сядай, кажу я. Вось кава. І гарбата. Сядай, падсілкуйся.
Ты мусіш пагаварыць з маім хлопчыкам, кажа Грэні. Раскажы яму, як трэба зрабіць. Пакажы яму ўсё. Слухай гэтага старога, кажа Грэні.
Можаш мне верыць, кажа Эмбраз.
Грэні прыжмурыла вочы. Будзь тут, калі я памру. Скажаш Вільме, як і што зрабіць. Паклапаціся пра мяне, паслужы мне, сынок.
Можаш мне верыць.

Дык тая нага паправілася. Грэніна нага. Але яна ўсё роўна памерла. Пазьней. Не тады. Праз два, ці чатыры гады. Можа, і болей. Проста памерла.
А Эмбраза не было, калі яна памерла. Казалі, ён быў у Эдмантане на нейкай бяседзе. Іншыя казалі, маўляў, не, ён быў у Таронта. Нехта нават казаў, што ён быў за мяжой. Вільма пашмыгала носам і так, і гэтак. Ня будзем жа мы чакаць, калі той Эмбраз, можа, зьявіцца, можа, не. Мы і самі ўсё зробім, як трэба, сказала Вільма. Зараз усё і зробім.
І тады яны паклікалі сьвятара.
І тады яны ўпхнулі Грэні ў скрыню.
І тады яны зацягнулі Грэні ў царкву.
І тады яны скінулі Грэні ў яму.
Вось так. Даволі хутка. Яны ссунулі яе ў яму, перш чым вярнуўся Эмбраз. Усе стаяць тут. Гэх, гэх, гэх. Усім не падабаецца, што Грэні ў той яме. І Вільма плача. Тады пляскае ў далоні дый кажа, цяпер усё добра. Усё зроблена, як мае быць. Скончана.
Аох-каўі...
Вось і ўся гісторыя.

Не, не. Я пажартаваў.
Ёсьць працяг.
Чакай яшчэ.
Дык вось. Вяртаецца Эмбраз. Усе па-рознаму расказваюць гэтую частку.
Вяртаецца Эмбраз. ...І ня трэба усьмешак. І бяз жартаў.
Мама ўжо з Богам, кажа яму Вільма. Яна шчасьлівая цяпер. Табе нічога ня трэба рабіць.
Я ж паабяцаў ёй, кажа Эмбраз. І я кажу, сапраўды. 
Трымай свае абяцанкі ў кішэні, кажа Вільма. Не патрэбны маме твае абяцаньні. Усё зроблена цудоўна. Яна цяпер з Богам.
Бог не жыве ў яме, кажа Эмбраз.
Бог усюды, кажа Вільма.
Гэтак яны абое размаўляюць. Дзень, можа два, тры тыдні. Гавораць пра Бога. Гавораць пра абяцаньні. Ты шмат чаго абяцаеш, кажа Вільма. Вельмі лёгка раздаваць абяцанкі. Плюесься імі на ўсе бакі. Усе ўжо маюць па тры-чатыры тваіх абяцанак.
І тое праўда. Я табе кажу. Эмбраз шчодры на такія рэчы. На тыя абяцаньні. Ой, я дапамагу табе пакалоць дровы на зіму, кажа Эмбраз майму сябру Напі’ёа. Ой, я налажу табе машыну, кажа ён Білі Франку. Выкапаю табе тую канаву, кажа свайму дзядзьку.
Можаш мне верыць.
Трымай сваё абяцанье ў кішэні, кажа тая Вільма.
Эмбраз прыходзіць да мяне. Гэй, кажа, давай паправім тваё вакно. Ну, так, кажу я, яно пабілася. Можа, тады я прынясу інструменты. На наступным тыдні, кажа ён. Добра, кажу.
І гэны Эмбраз садзіцца і пачынае плакаць. Ууу, ууу, ууу. Вось гэтак. Гэты вялікі хлопчык вось гэтак плача. Пасядзі тут, кажу я. Зараз будзе гарбата.
Ты мусіш мне дапамагчы, кажа ён. Вядома, кажу я. Я дапамагу.
Грэні ляжыць у той яме, кажа ён. Яна мусіць вярнуцца. Ты дапаможаш мне. Мусім дастаць яе адтуль і зрабіць усё, як мае быць. Пакласьці яе ў тое дрэва. Тое дрэва, што ў Хэвішылдзе. У гарах. Так, як яна прасіла.
Авохці, кажу я, столькі работы! Яны ж закапалі яе так глыбока. Немаведама, як. Разам з тым хлопцам, з Богам.
Я змагу яе выкапаць, кажа Эмбраз. А табе ня трэба нічога рабіць. Я выкапаю яе, а ты мне толькі раскажаш, што і як рабіць тады. Я мушу выканаць абяцаньне.
Добра, кажу я.
Ну, дык вось...
Эмбраз сабраў усё, што патрэбна. А Вільма сочыць за ім ды шмыгае носам. Сёньня ноччу ўсё і зраблю, кажа Эмбраз.
Але не зрабіў. Кажа, шыны лысыя.
Зраблю сёньня ноччу, кажа гэны. І ня робіць. Нямесячна ноч.
Сёньня ноччу. Гэны хлапчына мае добрую заначку ў галаве. Але ня робіць. Захварэў на грып.
Тады дастаў нейкі кавалак скуры й трымае яго ў кузаве свайго грузавіка. Зялёнага. Рассьмярдзіцца, думаю я. А мо й не. А тыя сарокі ўжо таўкуцца вакол грузавіка. Што ў цябе там, у грузавіку, кажа Вільма. Нічога, кажа Эмбраз. Так, усякая ўсячына.
Але ты ведаеш, ён такі зрабіў гэта! Гэны хлопец зьявіўся да мяне рана ранкам. Разам са сваім грузавіком. З той скурай. З Грэні, зашытай у тую скуру. Менавіта так, як я казаў яму. Го, кажу я, ты ўсё ж дастаў Грэні! Так, кажа Эмбраз, я выкапаў яе прошлай ноччу. Цяпер мы можам зрабіць усё, як трэба.
І мы робім. Эмбраз вядзе свой грузавік з Грэні, зашытай у скуру, да хаты ў Хэвішылдзе, і гэны хлапчына караскаецца на тое дрэва, і гэны самы валачэ на тое дрэва Грэні разам з вяроўкай. Высока. На тыя голыя галіны. Бліжэй да сонца. І там ён яе пакідае. Тады злазіць долу. Ну вось, кажа ён, і пляскае ў далоні. Ён зрабіў гэта!
Я прыгатаваў гарбаты. Эмбраз сядзіць на зямлі, глядзіць на Грэні на дрэве. І, задаволены, даволі хутка засынае.
А ты глядзі, што атрымалася!
Вось... Даволі хутка зьявіліся сарокі й давай пільнаваць тое дрэва. Тут яны зьлятаюцца на яго. І сядзяць на ім. Балбочуць. Сядзяць на той скуры, дзе схавана Грэні, і гамоняць да яе. Прывітаньне. Добры дзень.

А тым часам сонца села ніжэй. У тое дрэва. З тымі птушкамі. З Грэні. Го, кажа тое сонца, што гэта ў нас тут зьявілася? Грэні ды свора сарок. Ну, як і мае быць, кажу я.
І тут – на табе! Цэльны клуб пылу ўвальваецца сюды, да хаты. У нашае мейсьцейка ў Хэвішылдзе. Укаціліся на двор.
Выходзіць Вільма.
Тады выходзіць Каралеўская паліцыя.
А тады й Бэні Гудранэр, паліцыянт нашага племені. Выходзіць.
Усе з таго клуба пылу.
Халера, тыя птушкі занадта хуткія пляткаркі.
Дзе Грэні, кажа Вільма. Дзе Эмбраз? Гэта яна пытаецца таксама. Дзе знаходзіцца Эмбраз-Здаровы Бык, пытаецца Каралеўская паліцыя. А Бэні нічога не гаворыць. Проста стаіць тут. Выглядае зьбянтэжаным.
Прачынаецца Эмбраз. Цяпер Вільма яго заўважыла. Вось ён, кажа яна. Вось гэны крымінальнік. Вось ён, варуга. І тады яна ўжывае слова, якое я не разумею.
Эмбраз стаіць смірна. Я толькі зрабіў тое, што прасіла мяне Грэні. Што тут кепскага.
Гэная Каралеўская паліцыя аж выперла свае грудзі ў бліскучым мундыры. Крадзеж цела – гэта парушэньне закону, кажа ён.
Гэта – зямля рэзэрвацыі, кажа Эмбраз.
Бэні зараз зарэстуе цябе, Эмбраз, кажа Вільма. І пасадзіць у вастрог за тое, што ты выкапаў Грэні.
О, колькі сарок сабралося на дрэве! Слухаюць уважліва. Ва ўсе вушы.
Вільма глянула на дрэва. Бачыць, сарокі. Бачыць, сонца. Бачыць, кавалак скуры. Ён зацягнуў яе на тое дрэва, кажа. Трэба зьняць яе адтуль!
Каралеўскі паліцыянт глянуў на Вільму, глянуў на Бэні. І Вільма глядзіць на Бэні. І Эмбраз глядзіць на Бэні. Хлопцы, можа, вам гарбаты, кажу я. Такі цудоўны вечар. Можа, прысядзеце, вып’еце гарбаты?
Няма часу на гарбату, стары, кажа Вільма на нашай мове. Мая маці на тым дрэве! Трэба здымаць зараз.
Дык вось. Гэтта ж Бэні. Мусіць лезьці на тое дрэва. І ўсё такое... Ну, пайшоў. Тыя птушкі спыніліся таптацца па Грэні дый сочаць за Бэні. Эмбраз сочыць за Бэні. Вільма сочыць за Бэні. Каралеўская паліцыя сочыць за Бэні. А той Бэні – ён жа хлопец з радэа, сядлае там быкоў. Моцныя ногі, у яго там. Залазіць на самы верх да Грэні. Садзіцца там. На суку, што тыя птушкі. Гэй, крычыць ён, я бачу раку. Цудоўны від адсюль!
Глядзі Грэні, крычыць Вільма.
Пакінь ты яе ў спакоі, кажа Эмбраз.
Глянь, а тыя сарокі скочуць па ўсім дрэве. Танцуюць! Спяваюць. Жартуюць.
І тут ляціць з дрэва пакет з-пад малака.
Абрыкосавыя косткі ляцяць з дрэва.
Бутэлька з-пад алею ляціць уніз. Пустая.
Карбюратар.
Часопіс.
Гэй, крычыць Бэні. Грэні тут няма. Няма яе ў гэтай скуры. Зьнікла. Нічога, акрамя сьмецьця. І Бэні спускаецца з дрэва.
Усе глядзяць на Эмбраза.
Дзівосы нейкія, кажа Эмбраз, ідзе ў хату й зачыняе дзьверы.
Вільма стаіць ды глядзіць на Каралеўскую паліцыю. У Бэні ўся ўніформа запэцканая. А каралеўскі паліцыянт чысьценькі такі. Там нічога, акрамя сьмецьця, на тым дрэве, кажа Бэні. Ладна, кажа Вільма. І вяртаецца ў машыну. І Бэні, і Каралеўская паліцыя вяртаюцца ў машыну.
Гэх, як цікава!
А тое сонца садзіцца ўжо за гару. Эмбраз выйшаў з хаты, кажа, паехалі ўжо ўсе? Так, кажу я. А добрая атрымалася падманка, кажа ён. Так, кажу я. Бо гэны ж і мяне падмануў. У мяне зламалася рыдлёўка, кажа Эмбраз. Выкапаю яе сёньня ноччу. Ніхто й не заўважыць на гэты раз. Я б выкапаў яе тады, але ў мяне зламалася рыдлёўка. У цябе ёсьць рыдлёўка пазычыць мне? Вядома, кажу я, можаш узяць маю.
Глядзі, кажа Эмбраз. Гэта была такая задумка. Бэні ўжо пабачыў той мех са сьмецьцем. Так што зараз я магу забраць Грэні й пакласьці яе туды. Забраць тое сьмецьце, а Грэні пакласьці на тым дрэве, як я ёй абяцаў. Ніхто больш туды не палезе глядзець. Вось такі хітрык.
Цудоўная задумка, кажу я. Ты абвёў іх вакол пальца. І добра, што ты прыбраў трохі таго сьмецьця зь зямлі.
Ту мусіш паабяцаць мне, што нікому не раскажаш пра мой хітрык, кажа Эмбраз. А ты бачыш тых сарок, кажу я. Гэта ж яны наплялі Вільме пра твой мех са сьмецьцем, клянуся. У іх добрыя вушы, у гэных. Табе трэба сьпяваць такую песьню, каб яны нічога не пачулі. Тады яны і не запомняць. Ведаеш тую песьню?
Не, кажа Эмбраз. Тады паслухай яе, кажу я. Інакш тыя сарокі разнясуць усім пра твой хітрык. І я прасьпяваў Эмбразу тую песьню, і Эмбарз паўтарыў яе даволі добра, гэны хлопец. І ён пазычыў маю рыдлёўку. Маю добрую рыдлёўку. І ад тае пары я доўга яго ня бачыў. І Вільму ня бачыў таксама. І я нікому не расказваю пра Эмбразавы хітрык.
Але я ведаю, як усё было насамрэч.
Але не магу расказаць.
Бо я паабяцаў.
Можаш мне паверыць. 



(с) Thomas King
(с) Ірына Варабей, пераклад, 2012

 --------------------------------------
Томас Кінг (Thomas King), н. 1943 г. – празаік, прадстаўнік сучаснае канадыйскае індзейскае літаратуры. Зьяўляецца нашчадкам культуры племені Чырокі. Цяперашнім часам жыве ў Канадзе, працуе ва Унівэрсітэце г. Гуэлфа, дзе выкладае індзейскую літаратуру ды прыгожае пісьменьства. Піша тэксты для індзейскага радыё, у прыватнасьці для радыёперадачы “The Dead Dog Cafè Comedy Hour”, у якой і сам прымае ўдзел. Ягоны літаратурны здабытак ствараюць раманы “Медысын Рывэр” (“Medicine River”), “Зялёная трава, шпаркая вада” (“Green GrassRunning Water”), зборнік апавяданьняў “Вось добрая байка, гэная во” (“One Good Story, That One”), ды дзіцячыя кніжкі “Прыгоды Каёта Каламбуся” (“A Coyote Columbus Story”), “Каёт спявае на поўню” (“Coyote Sings to the Moon”). 
------------------------------------------------------------

22 марта 2016 г.

Межы


З кнігі:
“Вось добрая байка, гэная во”
One Good Story, That One

Томас Кінг
Thomas King, "Borders"


Мне было дванаццать, ці трынаццаць, калі мама абвесьціла, што мы едзем у Солт-Лэйк-Сіці ў госьці да маёй сястры, якая пакінула рэзервацыю, паехала за мяжу і знайшла работу там. Лаціша пайшла з хаты без матчынага дабраславеньня, але з цягам часу мама пачала ганарыцца тым фактам, што Лаціша ўсяго дамаглася сама.
            -- Яна – малайчына, -- казала заўсёды мама.
            Зрэшты, у Лацішыным учынку былі свае станоўчыя моманты. Яна ж не пацягнулася туды, як мама любіла казаць місіс Мэніфінгерс, за нейкім хлопцам, што той паветраны балёнчык на вяроўцы. І яна не высьлізнула цішком з хаты, не папёрлася ў той Ванкувер, ці Эдмантан, ці Таронта ганяцца за вясёлкай па алеях. І цяжарнай яна не была.
            -- Яна, сапраўды, малайчына!
            Мне было сем, ці восем гадоў, калі Лаціша пайшла з дому. Ёй было тады сямнаццаць. А наш бацька быў з гарадка Рокі-Бой, што на амерыканскім баку.
            -- Наш тата – амерыканец, -- сказала Лаціша маме, -- значыць і я змагу там патрапіць.
            -- Дашлеш нам паштоўку.
            Лаціша сабрала рэчы, і мы праводзілі яе да мяжы. Ужо пасьля Мілк-Рывера Лаціша сказала, каб мы пільнавалі воданапорную вежу.
            -- Як убачыце яе, гэта – там. Яе першай бачна з далягляду.
            -- І ў нас ёсьць воданапорная вежа ў рэзэрвацыі, -- сказала мама. – І ў Летбрыджы яшчэ адна, вялікая.
            -- Яшчэ можна заўважыць вяршыні флягштокаў. Яны стаяць на самай мяжы.
            Мы даехалі да Кутса, тады мама спынілася ля дарожнай крамы і купіла сабе й Лацішы па кубку кавы. Мне дасталіся памаранчавыя ледзяшы.
            -- Якая паскудная кава.
            -- Ты проста злуесься, што я хачу пабачыць сьвет.
            -- Гэта з-за вады. Адсюль і далей у іх там вада паскудная.
            -- Я яшчэ пасьпею злавіць аўтобус да Сўітграса. Як пальцам шчоўкнуць.
            -- Будзеш купляць ваду ў бутэльках для сваёй кавы.
            Крыху воддаль стаяў драўляны будынак, перад ім высокая шыльда з надпісам “Музей”. Амаль уся страха на ім была падраная. Мама сказала, каб я пайшоў і паглядзеў расклад ягонай працы. Вокны й дзьверы былі закалочаныя дыхтаю. Відавочна было, што ён закрыты, і я сказаў гэта маме, але яна прымусіла мяне пайсьці ды паглядзець. Мама з Лацішай стаялі ля аўта і нават ня рухаліся. Я ўсеўся на прыступках музея і глядзеў на іх, і нават ня ведаю, ці гаварылі яны што-небудзь наагул. Урэшце Лаціша выцягнула сваю валізку з машыны ды абняла маму.
            Я вярнуўся да аўта. Падняўся вецер і шпурнуў валасы Лацішы на твар. Мама пацягнулася і адхінула ёй валасы з вачэй, і Лаціша дазволіла ёй гэта.
            -- Адсюль усё яшчэ можна бачыць горы, -- сказала мама Лацішы на мове Блакфут*.
            -- У Солт-Лэйк-Сіці шмат гор, -- адказала тая па-ангельску.
            -- Музей закрыты, -- сказаў я. – Я ж казаў табе.
            Лаціша сабрала валасы пад вятроўку ды пацягнула валізку па дарозе да цаглянага будынка з амерыканскім сьцягам, што матляўся на жардзіне. Дайшоўшы да мейсца, дзе чакалі памежнікі, яна завярнулася, паставіла валізку долу ды памахала нам. Мы таксама памахалі. Тады мама завярнула машыну, і мы паехалі дахаты.
            Паштоўкі Лаціша дасылала рэгулярна і, калі ня вешала нам лапшы на вушы, жыла там шчасьліва. Знайшла добрую працу й зьняла кватэру ў доме з басейнам.
            -- Яна ж і плаваць ня ўмее, -- казала мама місіс Мэніфінгерс.
            У бальшыні паштовак яна запрашала нас прыехаць, паглядзець горад, але як толькі я заікаўся пра тое, мама аж сьцепалася.
            Як жа я быў зьдзіўлены, калі яна купіла два новых кола для аўта ды надзела сваю блакітную блюзку з зялёнымі ды жоўтымі кветкамі. Я мусіў убрацца таксама, бо мама не хацела, каб мы выглядалі, як амерыканцы, калі будзем перасякаць мяжу. Мы нагатавалі бутэрбродаў і запіхнулі іх у вялікую скрыню з кукурузнымі й бульбянымі чыпсамі, узялі яблыкаў й бананаў і вялікі слоік вады.
            -- А мы маглі б зайсьці ў які-небудзь рэстаран па дарозе, а?
            -- Пэўна, варта ўзяць пару коўдраў, можа ты захочаш паспаць.
            -- Дак мы можам зайсьці ў які-небудзь рэстаран па дарозе, а?
            Насамрэч, мяжа праходзіла паміж двух мястэчкаў, хаця ніводзін з іх не цягнуў на нешта прыстойнае. Кутс быў на канадыйскім баку і складаўся з невялічкай дарожнай крамы ды бензакалёнкі, ды яшчэ з музея, што быў вечна закрыты, і матэля. Сўітграс быў на амерыканскім баку, і ўсё што можна было ў ім заўважыць, гэта – пешаходны мост, што навісаў над гайвэем і зьнікаў недзе ў прэрыі. Гэтта ж, пачуўшы назву “Сўітграсссс” – такое цудоўнае слова, гучыць нібы яно стасуецца з іншымі назвамі, як “Медысын-Гат”, ці “Мус-Джаў”, ці “Кікінг-Горс-Пас”** -- можна падумаць, што ён знаходзцца на канадыйскім баку; а гэны Кутс, які гучыць абрывіста й груба, мусіць быць на амерыканскім. Але, бач, усё наадварот.
            Між двума прапускнымі пунктамі знаходзілася бязмытная крама, дзе можна купіць цыгарэты, сьпіртное ці сьцяг. Ды ўсякае такое.
            Раніцай мы выехалі з рэзервацыі й не спыняліся, пакуль не дабраліся да Кутса.
            -- Тады мы спыняліся тут, -- сказала мама. – Ты дастаў памаранчавыя ледзяшы. Памятаеш?
            -- Дакладна. Гэта калі Лаціша выйшла ўжо з машыны.
            -- Хочаш зноў памаранчавых ледзяшоў?
            -- Што, гэта значыць мы ня зойдзем у рэстаран, так?
            Мама купіла кавы ў той жа дарожнай краме, і мы стаялі, узіраючыся ў прэрыі, што плавалі ў празрыстым сонечным зьзяньні. Тады зноў селі ў машыну.
Мама напружана пагладзіла-выпрастала сукенку на сьцёгнах, навалілася на стырно ды пакіравала да бліжэйшага памежнага прапускніка павольна, нібы намагалася разгледзець нешта праз начную завіруху або нібыта ехала па страшэннай галалёдзіцы.
            Памежнік быў немаладым мужчынам. Як ён падыходзіў да машыны, куляўся з бока ў бок, ставячы ногі шырока. Справа на сьцягне матлялася кабура. Ён усунуўся ў вакно, паглядзеў на задняе сядзеньне, потым на маму, тады на мяне.
            -- Добрай раніцы, мэм.
            -- Добрай раніцы.
            -- Куды едзеце?
            -- Солт-Лэйк-Сіці.
            -- Мэта візіту?
            -- У госьці да дачкі.
            -- Грамадзянства?
            -- Блакфут.*
            -- Мэм?
            -- Блакфут, -- паўтарыла мама.
            -- Канадыйцы?
            -- Блакфут.
            Наколькі б было прасьцей, каб мама сказала “канадыйцы” – і ўсё на гэтым. Але я бачыў,  яна й ня думае. Памежнік не раззлаваўся, нічога такога. Ён усьміхнуўся й пастаяў, гледзячы у бок будынка. Тады завярнуўся й кіўнуў.  
            -- Добрай раніцы, мэм.
            -- Добрай раніцы.
            -- Агнявая зброя ці тытунёвыя вырабы?
            -- Не.
            -- Грамадзянства?
            -- Блакфут.
            Ён сказаў пасядзець нам ў машыне й пачакаць. Мы сядзелі. Недзе праз пяць хвілін выйшаў другі памежнік разам з першым. Яны размаўлялі, пакуль накіроўваліся да нас, і абое матляліся, нібы два каўбоі, што цягнуліся да піўнога бара.
            -- Добрай раніцы, мэм.
            -- Добрай раніцы.
            -- Сесіл кажа, што вы і ваш хлопчык – блакфуты.
            -- Так і ёсьць.
            -- Ну, я ведаю, што блакфуты жывуць на амерыкаскім баку. І на канадыйскім баку таксама жывуць блакфуты. Дык вось, каб зрабіць слушны запіс у дакументах, з якога боку вы едзеце?
            Я ўжо дакладна ведаў, што скажа мама, і я б мог адказаць ім, спытай яны мяне.
            -- З канадыйскага боку, ці з амерыканскага? – пытаецца памежнік.
            -- З боку блакфут, -- кажа мама.
            Я вам скажу, згубіць пачуцьцё гумару ім доўга не заняло. Усьмешка зьнікла з твару першага памежніка, і ён наказаў нам прыпаркавацца збоку будынка і выйсьці.
            Мы сядзелі на драўлянай лаўцы, можа, з гадзіну, пакуль нехта падышоў да нас. Гэтым разам тое была жанчына. І ў яе таксама быў пісталет.
            -- Добры дзень. Я – інспектар Прат. Я так разумею, тут адбылося нейкае непаразуменьне.
            -- Я еду наведаць маю дачку ў Солт-Лэйк-Сіці. У нас няма ні зброі, ні піва.
            -- Гэта ўсяго юрыдычная працэдура, і ўсё.
            -- Мая дачка – таксама блакфут.
            Жанчына адчыніла партфель, вынула пару фармуляраў і пачала запаўняць адзін з іх.
            -- Кожны, хто пераходзіць мяжу, павінен задэкляраваць сваю грамадзянскую прыналежнасьць. Нават амерыканцы. Гэта дапамагае нам трымаць у парадку інфармацыю аб візіцёрах з розных краін.
            Гэтак яна бубнела хвілін пятнаццаць, і ўсё што яна нам расказвала, было надзвычай цікава.
            -- Я разумею, як вы чуецеся дзеля таго, што вымушаны паведаміць нам сваю грамадзянскую прыналежнасьць, і вось што я зараз зраблю. Вы мне гаворыце, а я так і быць не запішу ў паперы. Ніхто не даведаецца, адно – вы і я.
            Пісталет у яе быў серабрыстага колеру. На драўлянай дзяржалцы было некалькі плытачак, а на мэталёвай рулі надрапана імя “Stella”.
            Мы прабылі ў мытным офісе амаль што чатыры гадзіны і мелі размову амаль з кожным. Адзін з мужчынаў купіў мне кока-колы. Мама прынесла з машыны пару бутэрбродаў. Я прапанаваў частку з сваіх Стэле, але яна сказала, што не галодная.
            Я прызнаўся Стэле, што мы ёсьць і блакфуты, і канадыйцы, але яна сказала, што гэта ня лічыцца, бо я непаўналетні. Урэшце яна сказала, што калі мама не заявіць сваю грамадзянскую прыналежнасьць, нам прыдзецца вярнуцца, адкуль прыехалі. Мама паднялася й падзякавала Стэлле за патрачаны час. Тады мы селі назад у машыну й паехалі назад да канадыйскай мяжы, што знаходзілася ўсяго за сто метраў адсюль.
            Я быў у роспачы. Я ўжо так даўно ня бачыў Лацішы, а Солт-Лэйк-Сіці ня бачыў ніколі.

            Калі яна яшчэ была ўдома, яна шмат расказвала пра Солт-Лэйк-Сіці. Яна ніколі там не была, але ейны сябар Лестэр Толбул правёў цэлы год у Солт-Лэйке ў тэхнічнай вучэльні.
            -- Цудоўнае месца! – расказваў Лестэр. – Там адныя бляндынкі ва ўсім тым штаце.
            Кожнага разу, як ён такое казаў, ён даставаў ад Лацішы такую апялюху па шыі, што аж скаланаўся. У яго было колькі буклетаў пра горад і розных мапаў і час ад часу ён рассьцілаў іх на стале.
            -- Вось гэта – храм. У самым цэнтры. Трэба набываць квіток, каб туды трапіць.
            -- А Шарлота казала, туды кожны можа зайсьці й паглядзець.
            -- Калі тая Шарлота была ў Солт-Лэйке? Калі ў халеру была Шарлота ў Солт-Лэйке?
            -- Летась.
            -- А вось – Парк Свабоды. Там ёсьць заапарк. І там можна катацца на лыжах у гарах.
            -- У нас і тут цудоўныя лыжы, якія могуць быць, -- абзывалася мама. – Сюды, у Банф, едуць з усяго сьвету катацца на лыжах. А ў Кардстоне ёсьць храм, калі вам тое патрэбна.
            -- О, гэны такі вялізны! – адказваў Лестэр. – Там нават узброеная ахова ды усякае такое!
            -- Шарлота не расказвала такога...
            -- Што яна ведае, твая Шарлота!
            Лестэр і Лаціша разышліся потым, але мне здаецца, думка аб Солт-Лэйк-Сіці так і завісла ў ейнай галаве.

            Канадыйскім памежнікам аказалася маладая жанчына, і яна была шчасьлівая нас бачыць.
            -- Прывітаньне! Вам, сябры, выдаўся цудоўны дзень для паездкі. Адкуль едзеце?
            -- Стэндоф.
            -- Гэта ў Мантане?
            -- Не.
            -- Куды едзеце?
            -- Стэндоф.
            Жанчыну звалі Кэрал, і ня думаю, што яна была старэйшай за Лацішу.
            -- О-о, вы абое – канадыйцы?
            -- Блакфут.
            -- Праўда? У мяне ў школе быў сябар блакфут. Вы мо ведаеце – Майк Гарлей?
            -- Не.
            -- Ён хадзіў у школу ў Летбрыдж, але насамрэч ён быў з Броўнінга.
            Цудоўная была размова, за намі не было больш ніякіх машын, можна было не сьпяшацца.
            -- Вы ж не вязеце с сабой ніякага сьпіртнога?
            -- Не.
            -- Ні цыгарэт, ні расьлін, нічога такога?
            -- Не.
            -- Грамадзянства?
            -- Блакфут.
            -- Ведаю-ведаю. Я б таксама ганарылася, што я – блакфут, калі б я была блакфут. Але вы павінны быць або амерыканцамі, або канадыйцамі.
           
            Калі Лаціша разышлася з Лестэрам, той забраў з сабой усе буклеты з мапамі, таму Лаціша напісала некаму ў Солт-Лэйк-Сіці, і прыкладна праз месяц яна атрымала тоўсты пакет з усякімі паперамі. Мы селі за стол, параскрывалі ўсе буклеты, і Лаціша ўголас чытала адну за адной.
            -- Солт-Лэйк-Сіці – гэта брама да аднаго з найлепшых лыжных курортаў.
            -- Солт-Лэйк-Сіці – гэта радзіма аднаго з самых вядомых баскетбольных брэндаў – Юта Джаз.
            -- Вялікае возера Солт-Лэйк – адно з прыродных дзівосаў сьвету.
            Якое гэта было захапленьне – сядзець разам зь Лацішай за сталом, закіданым усімі тымі каляровымі буклетамі, і слухаць яе, як яна чытае аб тым, якое гэта найцудоўнейшае месца ва ўсім сьвеце – Солт-Лэйк-Сіці!..
            -- Гэны Солт-Лэйк-Сіці размаляваны занадта прыгожа, каб быць праўдай, -- сказала мама.
            -- Там ёсьць усё.
            -- У нас ёсьць усё тут. А жыхары Солт-Лэйк-Сіці, напэўна, зараз рассылаюць лісты з запросамі, каб ім прыслалі буклеты пра Калгары, ці Лэтбрыдж, ці вось пра Пінчэр-Крык.
            У рэшце рэшт, мама сказала, што Лацішы варта зьезьдзіць да Солт-Лэйк-Сіці ды паглядзець, а Лаціша ўзяла і адказала, што так і быць, паедзе.

            Мы прыпаркаваліся каля будынка, і Кэрал завяла нас у пакой на другім паверсе. Я ўтульна ўладкаваўся на канапе й забурыўся ў падшыўку “Saturday Night” і “Alberta Report”.
            Калі я прачнуўся, мама толькі-толькі выходзіла зь іншага кабінету. Не вымавіла ні слова. Я пацягнуўся за ёй уніз па лесьвіцы і да машыны. Быў падумаў, што мы ўжо едзем дахаты, але яна завярнула машыну ды пакіравала да амерыканскай мяжы, і я вырашыў, што мы ўсё ж едзем у госьці да Лацішы ў Солт-Лэйк-Сіці. Але яна павярнула на паркоўку пры бязмытнай краме й спынілася.
            -- Мы едзем да Лацішы?
            -- Не.
            -- Дадому?
            Ведаеце, гонар – цудоўная штука. У Лацішы шмат гонару, і ў мамы – таксама. Я вырашыў, што аднойчы і у мяне ён будзе таксама.
            -- Дык куды мы едзем?
            Амаль увесь той дзень мы бадзяліся па бязмытнай краме, не такой ужо і вялікай. У мэнэджэра крамы быў бэджык з малюткім амерыканскім сьцяжком з аднаго боку і малюткім канадыйскім – з другога. Зваўся ён Мэл. Пад вечар ён пачаў падказваць нам, што нам пара ўжо ў дарогу. Я сказаў, што нам няма куды ехаць: ні амерыканцы, ні канадыйцы нас не пускаюць да сябе. Ён парагатаў з гэтага, але сказаў, каб мы куплялі што-небудзь, або выбіраліся з крамы.
            У машыне было не так і выгодна, але мы зьелі ўсе нашыя харчы, а быў красавік, так што, калі б пайшоў сьнег, як гэта бывае ў красавіку, мы б ня зьмерзлі.
Наступным ранкам мама пакіравала да амерыканскай мяжы.
Тут ужо быў іншы памежнік, але пытаньні былі тыя ж самыя.
Мы не так шмат часу правялі ў офісе, як напярэдадні. Да палудня мы ўжо былі каля канадыйскай мяжы. Да двух гадзін папалудні – зноў на паркінге бязмытнай крамы.
Другая ноч у машыне не была ўжо такой забавай, як першая, але мама відавочна была ў добрым настроі; урэшце рэшт, прыгоды яўна пераважвалі ўсе невыгоды. У нас засталося няшмат ежы – і гэта была незадача, але было шмат вады: збоку ад бязмытнай крамы была калонка.

Аднойчы ў нядзелю мы з Лацішай глядзелі тэлевізар. Мама была ў місіс Мэніфінгерс. Раптам пасярод праграмы Лаціша вылучыла тэлевізар і сказала, што яна еддзе ў Солт-Лэйк-Сіці, што жыцьцё тут занадта нуднае. Мне хацелася даглядзець праграму, і мне было абыякава, паедзе Лаціша ў той Солт-Лэйк-Сіці, ці – не. Калі мама вярнулася, я паўтарыў ёй усё тое, што казала Лаціша.
Што мяне зьдзівіла, дык гэта тое, як Лаціша раззлавалася, калі дазналася, што я сказаў маме.
-- У цябе занадта даўгі язык!
-- Ты ж сама так сказала!
            -- Гэта не твая справа, што я сказала!
            -- А я нічога такога не сказаў.
            -- Добра. Цяпер я дакладна паеду.
            І ў тыя ж выходныя Лаціша сабрала валізку, і мы адвезьлі яе да мяжы.

            Мэл выявіўся добрым прыяцелем. Калі ён закрыўся на ноч і ўбачыў, што мы ўсё яшчэ прыпаркаваныя ля крамы, падышоў і спытаўся, ці не зламалася ў нас машына, ці што яшчэ. Мама падзякавала яму за клопат і сказала, што ўсё добра, што заўтра ўсё ўладкуецца.
            -- Жартуеце! – сказаў Мэл. – Вы думаеце, яны могуць што-колечы так проста вырашыць?
            -- У нас ёсьць яблыкі й бананы, -- сказаў я, -- але ў нас закончыліся бутэрброды.
            -- Ведаеце, калі чытаеш пра такія рэчы, то проста ня верыш, што такое бывае. Проста ня верыцца.
            -- Яшчэ лепей, каб гамбургеры. Бо яны даюць больш энэргіі.
            Мама спала на заднім сядзеньні. Я – на пярэднім, бо я меншы і змог уладкавацца пад стырном. Ужо позна ўначы пачуў, як мама адкрыла дзьверцы машыны. Я знайшоў яе, як яна сядзела на сваёй коўдры, адхінуўшыся на бампер.
            -- Бачыш, колькі зорак, -- сказала яна. – Калі я была маленькай, мая бабуля брала мяне з сястрой з сабой у прэрыі і расказвала нам гісторыі пра зоркі.
            -- Як ты думаеш, прынясе нам Мэл гамбургеры, ці не?
            -- Ён не сказаў “не”. ...Аднойчы каёт пайшоў на рыбалку. Заўсёды пачынаецца так...
            Мы сядзелі пад зоркамі той ноччу, і мама расказвала мне розныя гісторыі. Усё было так важна. Яна расказвала павольна, паўтараючы некаторыя рэчы, нібы яна чакала ад мяне, каб я іх запомніў.
            Рана ранкам пачалі падцягвацца тэлівізійцы. Хлопцы ў касьцюмах, жанчыны ў сукенках пачалі падбірацца да нас дробнай рысьсю, за імі валачыліся мікрафоны, камеры, лямпы. Каля адногэ вэна зьявіўся стол, сэрвіраваны наборам сокаў, бутэрбродаў, садавіны. Ён быў для брыгады, але калі я сказаў ім, што мы ўжо даўно ня елі, адна выпетралая бляндынка сказала, каб мы елі, колькі захочам.
            Яны збольшага гаварылі з мамай. Час ад часу адзін з рэпарцёраў падыходзіў да мяне й задаваў мне пытаньні кшталту, як гэта пачувацца індзейцам без сваёй краіны. Я адказваў, што ў нас ёсьць цудоўны дом у рэзэрвацыі, што ў маіх стрыечных братоў ёсць пара коней, і мы катаемся на іх, калі едзем на рыбалку. Некаторыя з тэлевізійцаў падыходзілі да амерыканскай мяжы, потым – да канадыйскай.
            Каля палудня на расфуфыранай машыне прыехаў ямкі мужчына ў цёмна-сінім касцюме з аранжавым гальштукам у маленькія качачкі. Ён крыху пагаманіў з мамай, і як яны закончылі размову, мама паклікала мяне, і мы селі ў машыну. Толькі мама завяла матор, падбег Мэл і сунуў нам мех з арахісавымі ледзяшамі і сказаў, што гэтай чортавай справядлівасьці цяжка дамагчыся, але мы ня мусім здавацца.
              Я бы аддаў перавагу лімоннаму дражэ, але ўсё роўна было прыемна за Мэла.
            -- Куды мы едзем цяпер?
            -- У госьці да Лацішы.
            У памежніка, што выйшаў да нашай машыны, была ўсьмешка да вушэй. Тэлевізійныя лямпы білі так моцна па вачах, што было нават балюча глядзець.
            -- Добры дзень, мэм.
            -- Добры дзень.
            -- Куды едзеце?
            -- Солт-Лэйк-Сіці.
            -- Мэта візіту?
            -- У госьці да дачкі.
            -- Тытунь, спіртное, агнявая зброя?
            -- Не палю.
            -- Расьліны, садавіна?
            -- Ужо нічога.
            -- Грамадзянства?
            -- Блакфут.
            Памежнік выцягнуўся ў струну з вялікімі пальцамі, запхнутымі пад рамень з пісталетам.
            -- Дзякуй! – сказаў ён, ляпаючы пальцамі па рэвальверы. – Прыемнай дарогі!
            Наша машына рушыла наперад, і тэлевізійцы павыкарабківаліся на дарогу. Яны беглі побач з машынай, пакуль мы перасякалі мяжу, і калі ўжо не маглі бегчы далей, пасталі пасярод гасьцінца і махалі, махалі, махалі...
            У Солт-Лэйк-Сіці прыехалі наступным днём. Лаціша так была рада нам, што ў першы ж вечар павяла нас у рэстаран, дзе гатавалі вельмі смачныя супы. Пералік пірагоў быў на цэлую старонку. Я ўзяў з чарэшняй. Мама – шакаладны. Лаціша сказала, што бачыла нас па тэлевізары ўчора ўвечары, і напрацягу ўсей вячэры прымушала нас расказваць усе нашыя прыгоды зноў і зноў.
            Лаціша вадзіла нас усюды. Мы зьезьдзілі на цудоўны лыжны курорт. Наведалі Храм. Хадзілі за пакупкамі ў вялікія гандлёвыя цэнтры, але не такія вялікія, як той, што ў Эдмонтоне, мама так сказала.
            Праз тыдзень, ці болей, я ўжо занудзіўся і зусім не засмуціўся, калі мама сказала, што пара дадому. Лаціша хацела, каб мы пагасьцілі яшчэ, але мама адмовілася, бо ў яе было шмат справаў удома, і запрасіла Лацішу цяпер наведаць родны дом. Лаціша сказала, што яна падумвае вярнуцца зусім дадому, мама узрадавалася, і Лаціша паабяцала, што прыедзе.
            Па дарозе дадому мы спыніліся ля бязмытнай крамы, і мама падарыла Мэлу зялёны брыль з надпісам “Солт-Лэйк” наперадзе. Мэл быў такі сьмешны: ён узяў брыль, усхліпнуў, высмаркаўся ў насоўку і сказаў маме, што яна натхняе нас усіх. Ён зноў даў нам арахісавых ледзяшоў, потым выйшаў з крамы і махаў нам усю дарогу да канадыйскай мяжы.
            Была ўжо амаль ноч, калі мы выехалі з Кутса. Я глядзеў на мяжу праз заднее шкло, аж пакуль бачнымі засталіся адно вяршынкі флагштокаў і воданапорнай вежы, якія таксама зьбеглі за гару й зьніклі.  


*блакфут - індзейскае племя, якое пражывае ў канадыйскай Альберце і ў амерыканскай Мантане

**Сўітграсс – Sweetgrass (англ.) – “салодкая трава”
Медысын-Хат – Medicine Hat (англ.) – “шаманскі капялюш”
Мус-Джаў – Moose Jaw (англ.) – “ласіная ськівіца”
Кіккінг-Хорс-Пас – Kicking Horse Pass (англ.) – “след брыклівага каня”
Усё гэта – назвы населеных пунктаў.



Пераклала  ангельскай
Ірына Варабей
2013


 --------------------------------------
Томас Кінг (Thomas King), н. 1943 г. – празаік, прадстаўнік сучаснае канадыйскае індзейскае літаратуры. Зьяўляецца нашчадкам культуры племені Чырокі. Цяперашнім часам жыве ў Канадзе, працуе ва Унівэрсітэце г. Гуэлфа, дзе выкладае індзейскую літаратуру ды прыгожае пісьменьства. Піша тэксты для індзейскага радыё, у прыватнасьці для радыёперадачы “The Dead Dog Cafè Comedy Hour”, у якой і сам прымае ўдзел. Ягоны літаратурны здабытак ствараюць раманы “Медысын Рывэр” (“Medicine River”), “Зялёная трава, шпаркая вада” (“Green Grass, Running Water”), зборнік апавяданьняў “Вось добрая байка, гэная во” (“One Good Story, That One”), ды дзіцячыя кніжкі “Прыгоды Каёта Каламбуся” (“A Coyote Columbus Story”), “Каёт спявае на поўню” (“Coyote Sings to the Moon”). 
------------------------------------------------------------

(с) Thomas King
(с) Ірына Варабей, пераклад

2009