Паўлін Джонсан
з кнігі ''Легенды Ванкувера''
Доўга мы стаялі моўчкі, абапершыся на заходнія парэнчы моста, назіралі
суклоньне за прыгожым стаўком вады, вядомым як Вугальная Прыстань. Мяне заўсёды
абурала гэтая лапезная, недарэчная назва; шмат гадоў таму, налягаючы на вясло
праз ваўнарэз лёгкага чоўна ці проста бавячы час у ім, я называла гэтую
затуленую бухтачку Страчанай Лагунай.
Гэта цешыла маю фантазію, бо падчас таго цудоўнага летняга месяцу нястомныя
адлівы пакідалі гавань зусім без вады ў мой улюбёны час для веславаньня, і маё
любімае месца для баўленьня часу гублялася на многія дні – таму ў думках я
наракла яе Страчанай Лагунай. Але Правадыр, па-індзейску, умомант прыняў назву,
прынамсі, калі гаварыў мне аб гэтым месцы. І цяпер, калі мы наглядалі за
сонцам, што садзілася за край елак, ён выказаў жаданьне, каб ягоны човен, які ляжыць на беразе недзе ў дальнім кутку парка, быў цяпер тут.
-- Калі б човен быў тут, мы б з табой правеславалі ўздож берага вакол тваёй
Страчанай Лагуны, прайшлі б палову круга ды вярнуліся б па цэнтру. Тады – пад
мост у пратоку між Выспай Мёртвых ды лесам. Потым пабылі б,
дзе гармата б’е час а дзевятай гадзіне. І тады перасяклі Рукаў да індзейскага
боку Затокі.
Я завярнулася на ўсход прасачыць за курсам, які ён абрысаваў. Вада была
ціхай, нерухомай, як сьлед надыходзячага сутоньня, і, адпачываючы на ейнай
пурпуровай роўнядзі, плавала Выспа Мёртвых, бы вялікі пук воскавага моху.
-- Ты калі-небудзь была там? – спытаўся ён, злавіўшы мой пагляд, нацэлены
на няроўныя абрысы соснаў на ёй.
-- Я абкружляла яе ўздож і поперак. Забралася на кожную скалу на тых
берагах, блукала ў кожным зарасьніку, дасьледавала кожную сьцежку і ня раз амаль
была згубіўшыся ў еных нетрах.
-- А то, -- пасьміхнуўся ён. – Яна ж зусім дзікая, нічога там добрага.
-- А мне здавалася, яна чымсьці вартая. Людзі судзяцца за яе, нават зараз
нехта б’ецца.
-- О, гэта заўсёды было, -- сказаў ён, бы аб нечым звычайным. – Вечна
б’юцца за гэтае месца. А вось сотні гадоў таму біліся на ёй. Індзейцы. І
кажуць, сотні год яшчэ будуць біцца – так і ня вызначыўшы, чым гэтае месца
ёсьць, каму яно належыць, хто мае на яго права. Не, ня вызначацца. Выспа
Мёртвых заўсёды будзе бойкай для некага.
-- Што, індзейцы біліся міжсобку за яе? – заўважыла я знарок бясхітрасна,
хаця мае вушы ўжо трымцелі прадчуваньнем надыходзячай, я ведала, легенды.
-- Біліся, як рысі, твар у твар. Біліся, забіваліся, аж пакуль выспа не
набрыняла крывавай чырваньню, большай за гэтае суклоньне, а вада ў моры вакол
яе заплямілася колерам полымя – і тады, кажуць у нас, уздож берагу і вырасьлі
тыя пунсовыя агонь-кветкі... Прыгожы колер у агонь-кветак. Яны маюць быць
дасканалага колеру, бо нарадзіліся й расьлі з сэрцаў дасканалых людзей –
высакародных супляменьнікаў, -- падкрэсьліў ён.
Мы перайшлі да ўсходніх парэнчаў маста ды стаялі, наглядаючы, як ціхія,
глыбокія цені павольна зьбіраліся на высьпе. Я мала калі бачыла што, больш
міратворнае.
Правадыр уздыхнуў:
-- Цяпер няма ў нас такіх людзей, такіх змагароў, як былі тыя. Няма такіх
сэрцаў, такой мужнасьці, як тады. Вось я распавяду табе гісторыю, тады ты
зразумееш. Цяпер тут так ціха, сёньня тут усе добрыя цілікамы*, нават дýшы
памерлых болей не змагаюцца, хаця доўга яшчэ пасьля тых падзей яны ўсё біліся.
-- Ну, дык легенда? – адважылася я.
-- О, так... – ён быццам вярнуўся ў цяперашняе з далёкае краіны ў спратах
часу. – Індзейцы, яны называюць яе “Легендай Выспы Мёртвых”.
Вайна была ўсьцяж. Шалёныя плямёны з паўночнага ўзьбярэжжа, дзікія плямёны
з поўдня – усе сутыкнуліся тут ды рабілі набегі ды біліся, палілі ды паланілі,
катавалі ды забівалі ворагаў. Лес насыціўся дымам вогнішчаў, Затока была бітком
набіта ваеннымі чоўнамі, і Сагалі Тайі – Той, хто ёсьць чалавекам міру –
адвярнуў Свой твар ад Сваіх дзяцей-індзейцаў.
Была вялікая спрэчка ды змаганьне за гэтую выспу. Шаманы з поўначы
заяўлялі, што гэта іхная малітоўная зямля. Шаманы з поўдня высоўвалі такія ж
дамаганьні што да яе. Усе хацелі валодаць ёю як цытадэльлю дзеля свайго
чараўніцтва й магіі.
Вялікія групоўкі гэтых шаманаў сустрэліся ў вадным месцы ды сілай сваіх
чараў намагаліся прагнаць сваіх супернікаў. Ведуны з поўначы разьбілі лягер на
паўночным краі выспы, тыя ж з поўдня размясьціліся на паўднёвым беразе, тварам
да таго, што сёньня ёсьць горадам Ванкуверам. На абаіх баках скакалі вакол
вогнішчаў, пяялі, палілі свае чарадзейныя парашкі, білі ў чароўныя бубны, але
ніхто з супраціўнікаў так і не зьнядужыў, і ніхто не перамог. А вакол іх, на
водах, на зямлі, лютавала вайна паміж іхнымі плямёнамі – відавочна Сагалі Тайі
забыўся на Сваіх дзяцей-індзейцаў.
Праз шмат месяцаў змаганьня, воі абаіх бакоў зьнясілелі. Яны сказалі, што
заклінаньні супéрных шаманаў зачаравалі іх, зрабілі іхныя сэрцы кволымі бы
дзіцячыя, а рукі млявымі бы жаночыя. Тады сябры ды ворагі пасталі як адзін ды
выгналі шаманаў з Выспы, пагналі іх уздож Затокі ды загналі ў мора, дзе яны
знайшлі паратунак на адной са зьнешніх выспаў. А тады плямёны зноў кінуліся ў
бойку супраць адно аднаго.
Ваяўнічая кроў поўначы заўсёды пераможа. Яны мацнейшыя, сьмялейшыя,
спрытнейшыя. Сьнег ды лёд іхнае краіны шпарчэй ганяе кроў, чым млявае сонца
поўдня. У іх цьвёрдыя цагліцы, целы загартаваныя. Так, паўночныя плямёны
заўсёды будуць пераможцамі. Але хітрасьць ды падступства паўдзённых – таксама
не абы якая рэч, каб лёгка яе пераадолець.
Пакуль паўночныя перасьледавалі шаманаў далёка ў мора, каб пераканацца ў
іхным поўным выгнаньні, паўдзённыя пад покрывам ночы вярнуліся ды вызвалілі
сваіх палонных з чужога лягеру, тады захапілі чужых жанчын ды дзяцей ды старых
і пераправілі іх усіх на Выспу ды трымалі іх там у палоне. Іхныя ваенныя чаўны,
абкружыўшы Выспу, пасталі бы ўмацаваньні, праз якія даносіліся галашэньні
палонных жанчын, лямант старых, плач малых.
Раз за разам нападалі паўночныя на тое кола чоўнаў, але зноў і зноў былі
адкінутыя. Паветра набрыняла атручанымі стрэламі, вада заплямілася крывёй. Але
дзень за днём кола чоўнаў рабілася танейшым ды танейшым, а стрэлы паўночных усё
сьпявалі ды траплялі ў цэль. Паўсюль плавалі чоўны, пустыя, ці яшчэ горай,
нерухомыя, экіпаваныя аднымі мерцьвякамі.
Найлепшая частка паўдзённых вояў ужо загінула, калі іхны галоўны Правадыр
умацаваў вялікі камень на паўдзённым беразе. Сьмела, не зважаючы на тысячы
срэлаў пацэляных яму ў сэрца, ён узьняў рукі з адкрытымі далонямі – знак
нарады. Адразу ж усе паўночныя лукі апусьціліся, і кожнае паўночнае вуха
прыслухалася да ягоных словаў.
-- О, людзі верхняга ўзьбярэжжа! – загаварыў ён. – Вас значна большая
колькасьць тут, вашае племя шмтлікае, вашая загартаванасьць лепшая. Мы
згаладалі, мы губляем людзей. Нашых палонных – вашых жанчын, дзецей ды старых –
таксама паменела: запасы харчу заканчваюцца. Калі вы ня прыміце нашыя ўмовы, мы
будзем змагацца да скону. Заўтра мы заб’ем усіх палонных у вас на вачах, бо мы
болей ня можам іх карміць. Або вы можаце вярнуць сваіх жонак, матак, бацькоў,
дзяцей, калі за кожнага зь іх аддасьцё нам па аднаму вашаму найлепшаму маладому
вою, таму, хто пагодзіцца пайсьці на сьмерць замест іх. Гаварыце! Гэта ваш
выбар.
У паўночных чоўнах паўскоквалі на ногі сотні й сотні маладых вояў.
Навакольле напоўніналася радаснымі крыкамі з узьнёслымі воклічамі. Быццам увесь
сьвет загудзеў галасамі тых маладзёнаў, што крычалі гучна з пачэснай мужнасьцю:
-- Вазьміце мяне, але вярніце майго старога бацьку!
-- Вазьміце мяне, але адпусьціце дадому маю малую сястру!
-- Вазьміце мяне, але выслабаніце маю жонку й сына-немаўлятку!
Гэтак, дамова была зроблена. Дзьве сотні геройскіх, высакародных маладых
вояў павеславалі да Выспы, парушыўшы шыхты ўмацаваньня з чоўнаў, ды ступілі на
бераг. Як арлы апярэньнем, гэтак і яны выхваляліся сваёй мужнасьцю, бы маладыя
багі. Распраўленыя плечы, цьвёрды крок, моцны дух. У свае чоўны яны ўсадзілі
дзьве сотні палонных.
Зноў загаласілі жанкі, залямантавалі старыя, заплакалі дзеці, але тыя
маладыя брунатнаскурыя багі нават не завагаліся, не пахіснуліся. Іхныя слабыя й
нядужыя сваякі былі ўратаваныя. Што значыць для іх такая дробязь, як сьмерць?
Вызваленых палонных адразу ж абкружылі свае людзі, але цьвет іхнага
цудоўнага народу знаходзіўся ў руках ворагаў, тая мужная моладзь, якая ня
думаючы аб сьмерці, паклала свае жыцьці дабраахвотна, з радасьцю, каб ратаваць
сваіх дарагіх і любімых. Сярод іх былі і загартаваныя воі, што перамаглі ў
тузінах баёў, і зусім юныя, што толькі падрасьлі для бітваў ды ўпершыню
нацягнулі цеціву лука; але іхныя сэрцы, іхная мужнасьць, іхная ахвяра была адна
на ўсіх.
Яны стаялі ў адзін шыхт перад паўдзённымі воямі. З узьнятымі тварамі, з
выклікам у вачах, з голымі грудзямі. Яны ўсе нахіліліся ды паклалі ля ног сваю
зброю, тады сталі проста, з пустымі рукамі ды засьмяяліся ў твар сьмерці.
Тысячы стрэлаў працялі паветра, з дзьвюх сотняў высакародных паўночных глотак
вырваўся сьмяротны вокліч, трыюмфальны, як перамога каралёў – і тады дзьве
сотні бясстрашных паўночных сэрцаў спынілі сваё біцьцё.
А назаўтра паўдзённікі ўбачылі, што на месцы, дзе ўчора загінулі воі,
вырасла мора палымяных агонь-кветак. Страшэнны жах абуяў іх. Яны пакінулі
Выспу, і калі ноч зноў ахінула іх, яны ўжо гналі прэч свае чоўны і, бясшумна
прасьлізнуўшы праз Затоку, накіраваліся на поўдзень, і на гэтай частцы
Ўзьбярэжжа іх болей ня бачылі.
-- Якія высакародныя мужчыны! – паўшэптам сказала я, калі правадыр скончыў
гэтую дзіўную легенду.
-- Так, мужчыны! – адазваўся ён рэхам. – Белыя называюць яе Выспай Мёртвых.
Гэта па-іхнаму. Але мы, Сквамішы**, завем яе Выспа Загінулых Мужчын.
Грэбень соснаў ды абрысы Выспы былі ўжо зусім цёмнымі й неразборлівымі.
Спакой, спакой ляжаў на водах, пурпур летняга сутоньня распусьціўся ў шэрань,
але я ведала, што там, у нетрах Выспы Мёртвых цьвітуць кветкі палымянай
прыгажосьці; іхныя колеры хавае надыходзячая ноч, але недзе ў самай сьвятыні
іхных пялёсткаў пульсуе кроў з сэрцаў адважных мужчын.
*цілікам – сябар
**Сквамішы –
індыянскае племя, што жыве на Заходнім Узьбярэжжы Канады.
Пераклала Ірына Варабей
2009
Комментариев нет:
Отправить комментарий