8 июля 2018 г.

Віндыго


Я чытаю індзейцаў.
Не-не, я не прапусьціла прыназоўнік: я чытаю не “пра індзейцаў”, я чытаю іх саміх. То бок тое, што індзейцы самі склалі праз тысячагодзьдзі і тое, што пішуць цяпер. Спраўдзілася дзіцячая мара, вартая маёй эміграцыі. Збольшага, я стараюся знайсьці і прачытаць тыя творы, якія расказваюць аб той зямлі, па якой я цяпер хаджу.
Уражвае разнастайнасьць ды шматграннасць жанраў і стыляў індзейскага фальклору. Зрэшты, і з сучасных твораў лепшымі атрымліваюцца тыя, што не адрываюцца далёка ад фальклорных вобразаў і фантазій. Ёсьць тут прывычны нам жанр рамантычных паданьняў, і гераічных балад, і філасофскія казкі аб стварэньні ды існаваньні сьвету, і такі незвычайны жанр як шаманскія прароцтвы (у спраўджваньні якіх мы праз стагодзьдзі маем магчымасьць пераканацца), зрэшты, ёсьць і цэлыя трактаты аб такой зьяве як шаманская сіла. 
Тут і плеяда народных любімцаў-герояў, пачынаючы ад Нанабуша (таго, што дапамагаў Стваральніку ў стварэньні гэтага сьвету) і заканчваючы валацугам і махляром Мудрагелем, у ролі якога часьцей за ўсё зьяўляецца круцель Каёт. Дарэчы, усьцешвае, што з гумарам, гіроніяй і сатырай ў індзейцаў  усё ў парадку. Гумар тонкі, дасьціпны і – цалкам зразумелы нам праз стагодзьдзі і акіяны.
Я насалоджваюся індзейскай літаратурай. Але да гэтага часу мне ўсё падавалася, што нечага там не хапала для поўнай палітры жанраў і стыляў...
Вось, урэшце я знайшла яго. Віндыго. Ну, вядома! – “байкі са склепу”. Як жа ж бяз іх прыстойнай бібліятэцы народных жанраў!
Віндыго – пачвара з пачвар, што наводзіць жах у засьнежаных лясах майго ўлюбёнага Антарыё.
Дык вось, мае дарагія чытачы (з тых, што, як і я, ужо пасьпелі заразіцца індзейскай літаратурай), 
сёньня у нас – 
Віндыго 
або Канада ў фантастычных апавяданьнях.  

Ірына Варабей, перакладчыца
2011




Віндыго*
Анталогія дакументальнай і фантастычнай літаратуры

Прадмова
(Паводле Дж. Р. Каломба)

Віндыго – самая грозная і жахлівая з усіх вядомых казачных істот гэтага сьвету. Ён ёсьць сымбалем самага страшнага стану, вядомага чалавецтву, – канібалізму.
Віндыго – гэта плод фантазіі й досьведу народаў Алгонкін, у якія ўваходзяць тры чвэрці канадыйскіх індзейскіх этнасаў. Ад Атлантычнага акіяну да Арктыкі, і далей на захад да Скалістых гор – па лясах і тундры гэтага рэгіёну ходзіць пачвара Віндыго, якая ўважаецца тут за увасабленьне фізічнага і духоўнага голаду.
Віндыго можа прымаць розныя формы. Гэта можа быць звышнатуральны д’ябал або дэман лесу. А можа ўспрымацца як хвароба або расстройства асобы, якая выяўляецца ў вар’яцкіх учынках ды актах канібалізму. Яго можна разглядаць і як істоту з легенд, і як жывую рэальнасьць, чые дзеяньні задакументаваны ў справаводзтве і апісаны ў мастацкай літаратуры.
Віндыго апісваецца як прывід голаду, які валацугаецца па лясах поўначы ў пошуках адзінокіх індзейцаў, метысаў або белых, каб насыціцца. Ён можа прыняць аблічча індзейца-канібала з вогненным дыханьнем. Або абярнуцца духам з ледзяным сэрцам, які будзе лётаць у начным небе ў пошуках ахвяры, якая задаволіць ягоную прагу да людзкой плоці. Як вампір, ён харчуцецца плоцьцю і кроўю. Як ваўкалак, ён зьмяняе аблічча па сваёй воле. Як Мядуза, ён можа напужаць сваю ахвяру да сьмерці. Або ўвагнаўшы ў ейнае сэрца жаху, віндыго можа даць ёй уцячы жывой ... але ў гэтай сутычцы чалавек зьменіцца, трансфармуецца, пазбавіцца сваёй асобы.
Віндыго пакінуў свой сьлед і ў псіхіятрычнай літаратуры. Тэрмін “псіхоз віндыго” ужываецца ў псіхіятрычнай навуцы для апісаньня расстройства, аб якім паведамляюць час ад часу ў рэгіоне, дзе жывуць народнасьці аджыбўа ды кры.
Слова, якім называюць гэтую істоту, ня ёсьць ейным сапраўдным імем, бо ў яе няма імя. Ніхто ня можа даведацца яго і потым застацца ў жывых, каб паведаміць аб ім, таму віндыго мусіць заставацца безыменным. Віндыго мог быць некалі мужчынам ці жанчынай, але аднойчы ператварыўшыся ў шалёнага дэмана, навек застаецца бясполым.
Ператварыцца ў віндыго можна з розных прычынаў. Адзіная сустрэча з гэтым канібалам можа спусьціць курок трансфармацыі, настолькі заразным ёсьць гэты дух. Быць пакусаным – гэта дакладна заразіцца. Убачыць віндыго ў сьне – абярнуцца ў віндыго. Шаман таксама можа зачараваць здаровага чалавека ў крыважэрную пачвару.
Шмат монстраў гуляе па паўночных лясах Канады, але ніводзін не выклікае столькі жаху ў індзейцаў, як віндыго – увасабленьне зімы, холаду і зьмерзлага людскага сэрца. Гора самотнаму падарожнаму, хто ў далечыні ад хатняга ачага пад месячным сьвятлом кіруе праз лес ці паўночную тундру і раптам трапляе ў валадарствы віндыго. Страшна зьгінуць у зубах шалёнага канібала, але куды горш апынуцца ў кіпцях вялізнай пачвары, ахопленым шыпеньнем ды сьвістам, а пасьля кінутым жывым – бо монстар можа адпусьціць сваю здабычу – і выйсьці з лесу – але цяпер ужо людажэрнай істотай, цалкам пазбаўленай сваёй асобы, субарктычным ці лясным зомбі.
Няшмат існуе расказаў тых, хто перажыў сустрэчу з віндыго. Яны рэдка супадаюць у падрабязнасьцях, але сыходзяцца ў галоўным. Віндыго, у бальшыні выпадкаў, такі вялізны – большы за жыцьцё, з пукатай галавой, гіганцкімі зубамі ды перакручаным ротам. З пакусаных вуснаў шугае грамавы рык ды жудасны сьвіст. А ўнутры выродлівага цела ляжыць сэрца з чыстага ільду. Канечнасьці й сківіцы надзелены неверагоднай моцай ды звышпрыроднай сілай. Пачвара рухаецца з такой імклівасьцю, занадта хуткай для звычайнага вока, каб упільнаваць яго. А як трапіш на ягонае, памерам з пацерку, вока – ні паратунку, ні літасьці ня будзе...

 










Паданьні аб Віндыго*
Паводле Джэймса Р. Стывенса

Дух Віндыго
Жахлівы віндыго ёсьць самай жудаснай істотай у краіне індзейцаў Кры ды Аджыбуа. Нішто больш не выклікае такога страху ў сэрцах Анішынабекаў, чым думкі аб Віндыго. 
Людаеды-віндыго прыходзяць з поўначы падчас доўгіх пяці месяцаў зімы ды бясстомна прачэсваюць нашыя землі ў паляваньні за чалавечым харчам настолькі далёка, наколькі асягае сьнегавы пояс.
Віндыго некалі быў звычайным чалавекам, але аднойчы ім авалодаў дзікунскі людаедскі дух. Калі чалавек захоплены духам віндыго, ягонае цела зьмярзае ўнутры ў лядышку, а на твары, на руках і нагах вырастае калмацьце валасоў і адзіным ягоным пачуцьцём робіцца ненажэрная прага чалавечай плоці.
Гэтая выродлівая пачвара ня мае ніякае літасьці. Монстар будзе забіваць і пажыраць нават сваю сям’ю, каб задаволіць прагу да людзкай плоці. Віндыго – гэта нелюдзь, бо ў ягоным целе жыве магутная сіла людажэрства і разбурэньня. Пасьля таго, як Віндыго зьнішчае ўсіх сваякоў і суседзяў, ён выпраўляецца напрасткі праз лес і шыбуе да тае пары, пакуль ня знойдзе наступную групу сваіх ахвяраў. Звычайна ягоныя перасоўваньні акаляе страшэнны вецер і завея. Кажуць, што крык Віндыго паралізуе чалавека, і ён ня можа нічога зрабіць, каб абараніць сябе. Але часам напад віндыго можа быць адбіты моцным шаманам.
І вось як гэта аднойчы было. 



Віндыго ля ракі Бэранс.
Магутная рака Бэранс цячэ на захад з краю Балотнага Кры да возера Віньніпега. “Віньніпег” на нашай мове азначае “брудная вада”. Даўней рака Бэранс была важным шляхам для пушнога гандлю. Нашы людзі веславалі ўніз па рацэ ў сваіх кану, заладаваных цэнным футрам, якое яны выменьвалі ў факторыях кампаніі “Гадсан Бэй”, што стаялі на вусьце ракі Бэранс.
Амаль сто гадоў таму ля адной такой факторыі знаходзілася індзейскае паселішча. Адзін індзеец з гэтага паселішча пайшоў у лес з жонкай ды дзецьмі на паляваньне. Праз некалькі дзён людзі ў паселішчы пачулі з лесу крыкі ды роў таго паляўнічага. І яны зразумелі з нейкага свайго дзіўнага пачуцьця, што гэтта ж паляўнічы абярнуўся ў віндыго.
Адзін індзеец з вёскі пайшоў паглядзець на тое мейсца, дзе паляўнічы ставіў свае ловы, і знайшоў там целы ягонай жонкі і дзяцей, напалову сажраныя.
Як жыхары вёскі пачулі, што здарылася ў лесе, страшэнна перапужаліся. Бо ня дай рады вось-вось заявіцца віндыго ды накінецца на іхную вёску. Трэба тэрмінова нешта рабіць.
Людзі сабраліся разам, паселі радным колам, і пагаманіўшы, выбралі самага магутнага шамана, “ма-мандовін-нініг”, якога звалі Гнілой Корч, каб ён зьнішчыў віндыго.
– Дзеля такой справы, – адказаў перапалоханым аднавяскоўцам Гнілы Корч, – мне спатрэбіцца памагаты. І гэта мусіць быць мужчына бяз калева страху.
Пасьля доўгага маўчаньня з раднага кола падняўся мужчына. Гэта быў метыс, або “ўісса-ко-дэй-ўінініг”, якога некалі прынялі ў племя.
– Вось я – той, хто ня мае страху перад гэтым зьверам, – сказаў спакойна метыс.
Вялікая рада разышлася, а Гнілы Корч з метысам засталіся самі, каб вырашыць, як яны будуць перамагаць віндыго. Пасьля доўгіх абмеркаваньняў яны пастанавілі злавіць віндыго жывым.
Метыс абышоў усю вёску і налавіў восем самых вялікіх і моцных сабак, якіх змог знайсьці, ды вярнуўся зь імі да шамана, які за гэты час ужо змайстраваў вялізны драўляны табаган (сані). Разам яны запрэглі гыркаючых сабак у табаган і заладавалі яго маткамі тоўстых, сплеценых у косы, вяровак ды іншым начыньнем, што зможа ім спатрэбіцца ў гэтым паходзе.
Восем лютых сабак з воем панесьлі двух сьмельчакоў у вымерзлы, засьнежаны лес да прыстанка людажэрнага віндыго.
Падарожныя праехалі праз вялікае возера, тады праз валок да берагу меншага. Тут яны спыніліся на начлег, бо пачынала зьмяркацца. Яны разьвялі вялізнае вогнішча са здаравенных, паўтарамятровых бярвеняў, каб трымаць вялікае полымя. З двух бакоў вогнішча злажылі сабе з зялёных сасновых галін мяккія ляжанкі на сьнезе. Уначы ў вымерзлым небе снавалі цені “тыбікігісіс” – “ахоўных птушак”, а двое саснулых вандроўнікаў ціснуліся бліжэй да агню...
Раніцай метыс выйшаў на лёд і праклаў на лёдзе сьцежку з галін праз усё возера, каб заманіць віндыго да іхняга прыстанка. Скончыўшы справу, абодва інзейцы селі па-за вогнішчам і пачалі з хваляваньнем чакаць.
– Нічога ня бойся, – сказаў сябру Гнілы Корч, – да той пары, пакуль бачыш, што і я не баюся.
Яны падкінулі яшчэ паленьняў ў вагонь, бо яны пачыналі дубець на марозе.
І тады, на другім беразе возера яны ўбачылі, як віндыго імпэтна крочыць па галінавай сьцежцы да іх. Калі валасатая пачвара наблізілася, яны заўважылі, што гэтае страшыдла нават сжавала сабе вусны. Агідны твар, на вуснах і дзяснах запеклая кроў. Нават пальцаў не было: гэтая істота паабгрызла іх, каб задаволіць сваю прагу да жывой плоці.
Віндыго ўсеўся насупраць двух бездыханных мужчын ля вогнішча. Ён сядзеў ды нешта мармытаў, гледзячы ім у вочы праз полымя агню. Раптам як скокнуў праз полымя і накінуўся на Гнілога Карча. Паваліў яго, намагаючыся перагразьці яму глотку, але шаман паклікаў свайго ахоўнага духа – вялікую чарапаху “міс-ква-дэй-сіх” – на дапамогу. Чарапаха індзейца не падвяла – яна дала яму звышпрыродную сілу і фізічную моц перамачы віндыго.
Гнілы Корч з метысам зьвязалі накрэпка людажэра і закацілі на табаган. Сабакі пацягнулі апантанага зьвера назад у паселішча. Зацяжкая гэта была задача па такім глыбокім сьнезе для жывёл, бо магутная, важкая пачвара яшчэ й дрыгалася ды брыкалася, равучы на ўвесь лес. І зноў шаман паклікаў свайго ахоўнага духа “міс-ква-дэй-сіх”, і вялікая чарапаха зноў дала яму моцы штурхаць заладаваны табаган. Вялізныя сабакі намагаліся з усяе сілы, але табаган некалькі разоў спыняўся, але кожнага разу сьвяшчэнная чарапаха давала ім моцы працягваць сваю цяжкую работу. Урэшце, яны дабраліся да вёскі, што на беразе ракі Бэранс, са сваім урэшт звар’яцелым віндыго.
У вёсцы жыхары замкнулі віндыго ў вялізным будынку, тады разьвялі вялікае вогнішча, каб расплавіць лёд у ягоным целе. Праседзеўшы некалікі гадзінаў ля гарачага агню, віндыго ўрэшце пачаў пацець, і з потам выцякаў расталы лёд зь ягонага цела. Потым яго званітавала. Наўпрост перад ім, у ягоных ванітах ляжалі вочы й валасы ягоных дзяцей і жонкі.
Але гэты віндыго так і не ачуняў да свайго чалавечага стану і памёр ў вёсцы. А жыхары спалілі ягонае цела, каб цалкам зьнішчыць дух віндыго, што быў у ім.


*З кнігі: “Віндыго. Анталогія дакументальнай і фантастычнай літаратуры” пад рэд. Джона Робэрта Каломба (Windigo. An Antology of Fact and Fantastic Fiction, ed. by John Robert Colombo). Прадмова пададзена ў скарачэньні.

–––––––––––––––––––––- 


Там, адкуль прыходзіць трасца**
Паданьні і казкі народа Кры аб Віндыго

Індзейцы Кры, што жывуць сярод субарктычных канадыйскіх балот, зазнаюць ня толькі холад і падступствы надвор’я, але яшчэ адной магутнай зласьлівай істоты з ледзяным сэрцам – Віндыго.
Віндыго – адзін з многіх духаў, што вандруюць па краіне Кры са старажытных (незапамятных) часоў. Гэта знакавы персанаж ў багатай вуснай творчасьці індзейцаў Кры. Астатнія персанажы – такія, як Ваўчыца, Выдра, Дзікабраз ды Сава – яднаюцца з чалавекам, каб бараніцца разам ад крыважэрных нападаў Віндыго.

Віндыго і наслушны матыль
Аднойчы нехта Пайсю (“Рысь”) ішоў па лесе ды цягнуў заладаваную лясёнку, якая выклікала вялікую цікаўнасьць.
І нехта Міскю’сэ (“Вялікія Капыты”) спытаўся яго:
– Што гэта ты там такое цягнеш, завернутае?
– Крыху аляніны, – адказаў Пайсю. – Нясу дахаты. У сваё паселішча.
Міскю’сэ нічога на гэта не сказаў. Яны размінуліся і пайшлі кожны сваёй дарогай.  Калі Міскю’сэ прыйшоў да сябе ў паселішча, сказаў вяскоўцам:
– Я бачыў дарогай Пайсю.
На што адзін мужчына адказаў:
– Я таксама з ім сутыкнуўся. Ці цягнуў ён цэлы мех бабрынага мяса?
– Гэта ён табе так сказаў, што ён нясе? – зьдзівіўся Міскю’сэ
– Так, – адказаў чалавек.
– А мне ён сказаў, што ягоны мех заладаваны алянінай.
– Хіба вымяняў у каго, – сказаў чалавек.
Зацікаўлены Міскю’сэ пайшоў да старэйшыны сваёй вёскі.
– Паслухай, – спытаўся ў яго Міскю’сэ, – я сёньня дарогай сустрэў Пайсю…
– Я таксама яго бачыў, – кажа старэйшына, – сёньня, але раней. Ён цягнуў сваю лясёнку.
– А ты пытаўся ў яго, што там было?
– Так, пытаўся. Ён сказаў, што гэта была вязанка курапатак, што ён напаляваў.
І тады Міскю’сэ зноў накіраваўся з вёскі ў лес. Доўга ён хадзіў па лесе, шукаў Пайсю. Урэшце ён натрапіў на чыйсьці прыстанак з вогнішчам.  Агледзеўся вакола. І тут заўважыў тую самую лясёнку, што насіў Пайсю. Тады ён заглянуў, што там унутры, ажно там – чалавечыя косьці!
Пачынала зьмяркацца, і тады Міскю’сэ распаліў вялікае вогнішча, і сеў чакаць на Пайсю.
А пакуль ён так сядзеў, вось што здарылася: ажно чуе – матыль гудзіць. Міскю’сэ зірнуў уверх і бача – там матыль завіс наводдаль і гудзіць, і гудзіць. А сам трымае гаршчок. Той гаршчок звісаў з ягонай шыі.
Ніколі Міскю’сэ ня чуў, каб матылі гэтак гудзелі! Яны заўсёды ціха лётаюць. Але Міскю’сэ прыслухаўся лепей. І пачуў ён нейкі знаёмы гук, але ня мог даць сабе рады, ці гэта матыль так гукае. А тут матыль і кажа: “Чччуфф, ччуффф, пф-пффф”. Аж гэткія гукі, Міскю’сэ ведае, могуць робіць адно алені. Ён быў цалкам зьбянтэжаны. Хваціў лыжку ды плюхнуў у матыля тым булёнам, што варыў у сваім гаршчаку, але прамазаў. А матыль як заверашчыць, што тая перапалоханая курапатка ў траве ды яшчэ бы крыламі гучна заляскаў. Але чуе Міскю’сэ … ажно тыя крылы заляскалі ў яго ў самым сэрцы! Ён вазьмі ды яшчэ плюхні таго булёну ў матыля, але той зноў увярнуўся!
Тады той матыль прымусіў Міскю’сэ завярнуцца, бо выдаў нейкі іншы гук з другога боку прыстанка! Бачыць: матыль носіцца там з тым сваім гаршчком туды-сюды. А тады выдаў такі грукат, як робяць бабры сваімі хвастамі, ляпаючы па вадзе! Міскю’сэ зноў быў збянтэжаны, што матыль можа вырабляць такія гукі! І ён зноў шпурнуў у яго булёнам … і зноў ня трапіў.
Праз час матыль зьявіўся зноў ды кажа:
– У цябе ўжо супа не засталося. Будзеш галодны.
Міскю’сэ быў ў поўным недаўменьні ад гэтага шматгалосага матыля.
– Навошта ты вырабляеш са мной такое? – спытаўся ён.
І раптам Міскю’сэ пазнаў матыляў голас… Гэта быў ягоны собскі голас! Матыль загаварыў ягоным, Міскю’совым, голасам!
– А ну, вярніся да мяне! – закрычаў ён свайму голасу. – Выходзь з таго матыля!
А матыль у вадказ паўтарае наслухам:
– Вярніся да мяне! Выходзь з таго матыля!
Міскю’сэ зрабілася так самотна з гэтымі двума галасамі. І яшчэ – вельмі страшна.
А тут вось што зрабілася. Міскю’сэ цалкам агаладаўся, бо нічога з таго булёну ў яго не засталося. І з гэтым наслушным матылём ён ужо стаміўся. І ён паспрабаваў легчы паспаць.
А тут вяртаецца Пайсю! І тады зрабілася Міскю’сэ відавочным, дзеля каго гэты матыль тут вырабляўся! Зразумела, што гэта быў Пайсюковы матыль, і што ён прымусіў яго галадаць. І зрабілася Міскю’сэ відавочным, што Пайсю – гэта Віндыго. І усё гэта – прытулак Віндыго!
Усё, што Міскю’сэ мог зараз, гэта абярнуць чарамі свой гаршчок у востры кій, што ён і зрабіў. Ён сунуў кій у вагонь, накаліў яго да чырвані. А тады ўвапхнуў яго ў Пайсю! – аж пачуў, як зашыпела Пайсюкова сэрца! Ледзяное сэрца!
Гэтак Міскю’сэ забіў Віндыго.
А пасьля ён ператварыў кій назад у гаршчок.
Раніцай Міскю’сэ знайшоў усё мяса ад курапатак, аленя, баброў у сваім гаршчку. Ён сабраў усё і панёс да сваёй вёскі. Па дарозе амаль нічога з таго ня зьеў.


**З кнігі: Там, адкуль прыходзіць трасца. Паданьні і казкі народа Кры аб Віндыго. Сабраныя і перакладеныя Говардам Норманам” (Where The Chill Came From. Cree Windigo Tales and Jorneys. Gathered and Translated by Howard Norman)

(с) Пераклад Ірыны Варабей
2011, Таронта

Комментариев нет:

Отправить комментарий