28 января 2016 г.

Прароцтва

Basil H. Johnston
The Prophecy

Бэсіл. Г. Джонстан

            -- Сёньня я раскажу вам цалкам незвычайную гісторыю. ...Не зусім гісторыю, таму што яна яшчэ ня здарылася. Але яна здарыцца -- таксама, як здараліся ўсе падзеі ў мінулым.
Дайбеджымут спыніўся, каб набіць сваю піпку.
-- І нават тое, што маю вам расказаць, яшчэ не надышло – але гэта чыстая праўда, такая ж, як і ўсё тое, што ўжо адбылося, бо аўтысуканук расказаў мне яе ў сьне.
Усе: мужчыны, жанкі, дзеці з навакольных хат – сядзелі сьцішана ля вогнішча й чакалі, калі Дайбеджымут ужо пачне. Дарослыя даўно ўжо не верылі гэтаму казальніку. Але ж прышлі, як рабілі праз усе гады, каб усьцешыцца той дзіцячай асалодай і верай, аб якой нехта са старых сказаў: “Слухаючы яго, я зноў адчуваю сябе дзіцёнкам на каленках у свайго дзеда”. Але ўв адрозьненьне ад дзяцей, што безумоўна верылі Дайбеджымуту, дарослыя гаварылі аб ім хоць і паблажліва, але не без захапленьня. “В’заўмаўджымух!” (перабольшвае ўсё) – казалі пра яго. Але не было ніводнага мужчыны, кабеты, ці дзіцяці ў вёсцы, хто б не ўзбагаціўся, розумам ці найлепш духам, хаця б аднойчы паслухаўшы Дайбеджымута.
-- Сёньня я раскажу вам пра белых людзей.
Быў нейкі момант цішыні, зьбянтэжанай цішыні – і тады раптам выбух рогату, як да слухачоў дайшла ўся недарэчнасць сказанага. Альбіносы алені, ці бабры – то так! Але людзі – альбіносы? Хто калі чуў пра Белых Людзей? Зарагатаў нават Дайбеджымут. Рогат насілу, але пакрысе спыніўся.
-- Гэта што, як мемегаўншукі (маленькія стварэньні, кшталту гномаў ці эльфаў)? – гігікнуў адзін.
-- Хіба ўіндыгосы? – пытаньне адной старой узьняло новую хвалю рогату.
Старыя рагаталі з гэтае апялюхі, малыя рагаталі з таго, як дарослыя гігікалі, хрукалі, раўлі, захлёбваліся, як яны корчылі рожы, выкручваючы рты ды шчокі. Акрамя таго малыя са зьдзіўленьнем дазналіся, якія яшчэ стварэньні, акрамя ўіндыгосаў, мемегаўншукоў, гавеншукаў, пагіншукаў ды ўсякіх заўвубікумукаў бадзяліся па лесе ды шныпарылі тут па начах.
-- Ну, і як яны выглядаюць, тыя Белыя Людзі? – усьцёршы вочы ад сьлёз запытался другая старая.
            -- І кабеты, і мужчыны, аб якіх я кажу, цалкам белыя: твар, целы, рукі, далоні, ногі – усё бледнага колеру, як трусы ўзімку. І... гэта... яны валасатыя... валасы растуць на руках, нагах, грудзях, сьпінах, пад пахамі... а ў некаторых мужчын валасы растуць вакол вуснаў, зьвісаюць са шчок, як барада ў ласей.
 Дайбеджымут зноў мусіў спыніць свой аповед, бо чарговы выбух нэрвовагу гогату ды няўцямнага кудахтаньня заглушыў ягоны голас. Дзеці каталіся покатам, душыліся сьмехам, уяўляючы сабе, як было б гуляцца з такімі казлабародымі ласямі.
-- А яшчэ што адрознага, гэта -- колер іхных валасоў; у некаторых жоўтыя, што той доньнік; некаторыя – рудыя, як журавіны, але ёсьць і як нашыя – чорныя. Калі яны старэюць, валасы ў іх робяцца белымі. А ў некаторых мужчын валасы наагул выпадаюць, і тады галовы ў іх гладкія ды бліскучыя, як гарбузы. ... І вочы ў іх не такія, як нашыя. Круглыя... зусім круглыя ... як у янотаў ... і яны сінія, што тыя буякі.
Зноў – рогат, але цяпер усе ўжо аберагалі свае надарваныя жываты ды пабітыя бакі.
-- А вопратка ў іх яшчэ сьмяшнейшая, чым яны самі. На нейкую халеру яны ўкутваюць сваё цела цалкам, і ў дзень, і ўноч, узімку і ў лета, адно твары бачныя. На галовах нешта намотана, носяць гэтае і ў хаце, і на дварэ, пад сонцам і пад дажджом. Мужчыны і хлопчыкі носяць уласьцівую вопратку – адным кавалкам на плячах і на сьцёгнах, але яно такое цеснае, што тыя ходзяць, як тое куранё. Шторазы, як аправіцца, ці проста да ветру, трэба разгортваць усё гэтае матаў’ё да самых кален. Жаночая вопратка ня лепей, чым мужчынская. Яны носяць кшатлту коўдры, што закрывае іх ад запясьцяў ды шыі да самых пят. Пад гэтай шырокай хламідай яны надзяваюць нешта тугое, каб заціснуць жываты. Макасіны зроблены з нечага недабротнага, амаль што драўлянага, і яны закрываюць ногі да самых кален. І толькі на ноч Белыя Людзі здымаюць тое-сёе са сваёй вопраткі.
-- Яны што, саромяцца сваіх валасоў? Свайго цела? – падкпіла адна старая, зноў узьняўшы стомлены сьмех.
 Дайбеджымут працягнуў свой аповед. І па часе ён прамовіў сваё прароцтва:
-- Дык вось, некалі яны прыдуць сюды. Яны прыдуць з усходу праз вялізную прорву салёнае вады. Прыедуць на вялізных кану**, у пяць разоў даўжэйшых за нашыя. Па краях у гэтых даўгіх кану стаяць высокія камлі. З галін, што на гэтых камлях, зьвісаюць коўдры, якія ловяць вецер каб рушыць кану, і вёслы тады не патрэбныя.
           -- Ясені ці клёны? Жывыя дрэвы ці мертвыя? А супраць ветру яны могуць ісьці? – загулі зьедлівыя галасы, насьміхаючыся над ідэяй вялізнага кану з дрэвамі на борце.
           -- Вы гэтак сьмяецеся, бо не можаце сабе ўявіць мужчын ды жанок з белай скурай, з валасамі на іхных тварах. І вам забаўным падаецца, што кану можа рушыцца ветрам праз вялікую бязбрэжную Ваду. Але нашым унукам ды іхным праўнукам будзе не да жартаў. ...Спачатку іх будзе няшмат, і тыя нямногія не пададуцца пагрозьлівай сілай. Яны будуць выглядаць бясшкоднымі падарожнікамі, што ідуць у госьці да сваякоў у іншы край, і проста спыніліся для перадыху і роспытаў далейшай дарогі. Але насамрэч гэта будуць першыя шпіёны дзеля тых, каму патрэбныя новыя землі. Пасьля іх прыдуць незьлічоныя іншыя, быццам чароды гусей у вырай. Чароды за чародамі. Бяз шляху назад. ...Некаторыя нашыя праўнукі паўстануць супраць чужынцаў, але будзе занадта позна, і іхныя лукі й стрэлы, ваенныя саюзы, шаманства абернуцца поўнай лухтой супраць зброі белых людзей, чые воі будуць страляць са сваіх драбін сапраўднымі маланкамі. Без ніякіх высілкаў, варта адно нацэліць вогненную палку на іншага воя – і той умомант падае мёртвым, як куля яго насьцігне. ...Вось гэтай зброяй тыя белыя людзі і прагоняць наш народ са сваіх хат і земляў, каб спустошыць іх так, што і дзічына наўрад ці знойдзе там пражытак, а зерне не пусьціць каранёў. Белыя людзі завалодаюць тут усім, набудуюць сваіх вялізных паселішчаў. Праз гады яны будуць працьвітаць, але калі Анішаўбегі** выракуцца сваіх традыцый ды пераймуць звычкі белых – нічога добрага з гэтага для іх ня будзе. Нічога добрага, пакуль іхныя ўнукі ды праўнукі ня вернуцца да шляхоў сваіх продкаў – толькі тады яны здабудуць былую сілу духа й сэрца.
        -- Ну вось! Я расказаў вам увесь мой сон. Мне больш няма чаго сказаць.
        -- Дайбеджымут! Чым жа ёсьць гэтыя белыя: маніту*** ці звычайнымі людзьмі, як мы? 
        -- Я ня ведаю.
        Калі ўсе пакінулі свае месцы ля вогнішча, адзін юнак, што так і залішыўся там, вымавіў:
        -- Добра было цябе паслухаць. Але я табе ня веру!

 ----------------------------------------------------------

*Кану – індзейская лодка, човен.
**Анішаўбегі – індзейскае племя (групы Аджыбуа), што жыло на землях сучаснага Антарыё.
*** Маніту (індз.) – дух, шаманская сіла.


Пераклад з ангельскае
Ірыны Варабей
2010 г.    
----------------------------------------------------------

Бэсіл Г. Джонстан (Basil H. Johnston), 1929-2015 г., нашчадак культуры племені аджыбуа (Антарыё) – выбітны дзеяч індзейскае культуры, выкладчык гісторы, мовы і культуры аджыбуа ў розных навучальных установах ад універсітэтаў да пачатковых школ. Ягоная вялізная пісьменьніцкая спадчына ўлучае мастацкую прозу, апрацаваны фальклор, эсэ, вершы, артыкулы, сатырычныя нарысы, пераклады. Працаваў ў аддзеле этналогіі Антарыйскага Каралеўскага музею, а таксама для тэлебачаньня й кіно. Зьяўляўся ганаровым Доктарам Таронтаўскага ўніверсітэту.

Комментариев нет:

Отправка комментария