20 декабря 2015 г.

Дрыготкае дрэва

Джон МакЛіад

John McLeod

Дрыготкае дрэва

The Shivering Tree

Нанабуш ішоў; ён крочыў ужо доўгі час. Ён крочыў ужо доўгі час, і ён вельмі стаміўся і хацеў піць.
-- Ох, хо, хо, -- сказаў Нанабуш сабе, -- Я крочу ўжо доўгі час, і ох жаж, як я стаміўся й хачу піць. Добра, што я такі разумны ды здагадаўся ісьці ўздож ракі. Такім чынам, калі я згублюся, я буду ведаць, дзе я знаходжуся, нават калі й ня буду ведаць.
І яму спадабалася тое, што ён сказаў сам сабе.
-- Шчасьце мне, што я такі ўдалы, -- паўтарыў Нанабуш сам сабе.
Ён спыніў свой шлях, усьміхнуўся, хітнуў галавой – ён так ганарыўся сабой за тое, што сказаў дакладна перад тым, як сказаў, які ён удалы.
-- Ну, Нанабуш, удалец, пайшлі зараз да ракі, пап’ем, выцягнем старыя косьці на год ці два ... гэх-хэх.., -- сказаў Нанабуш сам сабе. І пагадзіўся.
Адчуваючы гонар за самога сябе, Нанабуш спусьціўся да ракі. Яна была не так далёка, ён падышоў, піў доўга, з асалодай, напырскаў вады сабе на твар і расьцягнуўся на белым пяску.
-- Пэўна што гэты сьвет вялікі, -- падумаў ён. – Недзе далёка на захад адсюль ёсьць Высокія Горы, знаныя як Дом Заходняга Ветру. Некалі я дабяруся туды, бо ў мяне ёсьць рахункі да гэтага Старога Дружы.
Тут ягоныя чуйныя вушы злавілі яшчэ нейкі гук вышэй за галасы ракі. Гэта быў іншы голас – чалавечы.
Нанабуш сеў, хутка.
“Чалавек? – падумаў ён. – Ня можа быць. Ніводзін чалавек не заходзіў гэтак далёка”.
Але гэта быў чалавек. Прынамсі выглядаў. Але гэта нічога не азначала ў тыя далёкія часы. У рэшцэ рэшт, і Нанабуш выглядаў, як чалавек ...амаль заўсёды. Але Нанабуш быў далёка не чалавек. Дык хто ж, ці што было тое стварэньне?
Як я казаў, незнаёмец прынамсі выглядаў чалавекам. Высокім і хударлявым, апранутым ў аленевую скуру з даўгімі кутасамі, што трымцелі ды дрыжэлі па ветры. На ім былі цёплыя нагавіцы ды макасіны, быццам была восень і надвор’е халадзела.
Незнаёмец нечым жангляваў. Гэта ўжо было цікава.
Ён жангляваў з заплюшчанымі вачыма. І гэта было немагчыма цікава.
Нанабуш падняўся, павольна, не адрываючы вачэй ад жанглёра.
-- Здароў, Нанабуш! – сказаў жанглёр, не спыняючыся, з заплюшчанымі вачыма. – Ты ж Нанабуш, хіба не?
Нанабуш пачуўся абражаным.
-- Вядома, я -- Нанабуш! Хто ж яшчэ?
Жанглёр – з усё яшчэ заплюшчанымі вачыма – усё яшчэ жанглюючы тым, што цяпер выявілася парай маленькіх крышталяў, – усьміхнуўся.
-- Ну, зараз паглядзім, -- сказаў Жанглёр, так і жанглюючы, за заплюшчанымі вачыма. – Ты мог бы быць Я, калі мець на ўвазе, што адзіны чалавек у гэтым куце – я. Але што як ты – гэта ты, а не я, і я тут, каб зразумець гэта; я бачу, што Я – гэта я, а ты – гэта ты, і ты пэўна – Нанабуш, бо я чуў, што ты быў заўважаны ў гэтых мясьцінах, а я – адзіны чалавек тут, хто мог бы пачуць пра цябе, акрамя цябе.
Нанабуш вылупіўся на Жанглёра.
-- Шчасьце тваё, што я такі разумны. Бо калі б я ня быў ім, я б цалкам заблытаўся ў тым, што ты сказаў, і вельмі б раззлаваўся.
Жанглёр адно працягваў жангляваць з заплюшчанымі вачыма.
Нанабушу лопала цярпеньне.
-- Ну? Ты скажаш мне, хто ты такі?
З вялікай, шырачэзнай усьмешкай Жанглёр спыніўся, расплюшчыў вочы і павярнуўся да Нанабуша.
-- Добра. Я – жанглёр і фокусьнік. Мяне тут ведаюць як Нястомны Бы Вецер. Але бальшыня кліча мяне проста Жанглёр.
-- Я ніколі ня чуў пра цябе.
Нанабушу ён зусім не спадабаўся. Так, спадарства, Нанабуш неўзлюбіў яго.
-- Я тут гуляўся проста з парай кавалкаў крышталю. Нічога асаблівага. Гэта звычайная жанглёўка, зь якой справіцца нават дзіця, з заплюшчанымі вачыма, ці не. Гэта што! Глядзі, я пакажу табе нешта з сапраўдных фокусаў. ... Глянь, Нанабуш, глянь!
З хуткасьцю маланкі Жанглёр вылупіў свае собскія вочы й пачаў імі жангляваць, хуценька, з рукі ў руку, туды-сюды, з рукі ў руку.
Нанабуш аслупянеў.
Само па сабе гэта ўжо было нешта! Ня так лёгка ўразіць такога, як Нанабуш. Усе ведаюць, роўных Нанабушу нікога няма!
Жанглёр усё гуляўся. Жангляваў сабе з рукі ў руку, туды-сюды, туды-сюды, з рукі ў руку, прытанцоўваў, падскокваў, жангляваў.
Жангляваў сваімі вачыма.
-- А ну, кінь гэта! – зароў Нанабуш. – У мяне ўжо галава захадзілася! Кінь, табе кажу!
І Жанглёр хутка, гэтак жа, як і пачынаў, спыніўся, стаў проста, раскінуўшы рукі, з закінутай галавой, як раз, каб вачам трапіць дакладна ў вачніцы.
У Нанабуша ледзь не павылазілі ягоныя вочы, гэтак ён вылупіўся.
Жанглёр усьміхнуўся – ён яшчэ пасьміхаецца!
А Нанабуш усё гэтак і стаяў аслупянеўшы.
Я бы не дакараў Нанабушу так адразу, мае сябры. Далёка ня кожны вытрымае такое відовішча.
-- Ну, гэта відавочна найлепшая жанглёўка, якая мае быць, -- сказаў урэшце Нанабуш. – І ты можаш прыняць гэта як слова таго, хто самым першым прыдумаў жанглёўку.   
Жанглёр усьміхнуўся.
-- О, Вялікі Нанабуш, Бацька Жангляваньня! Пэўна я мушу выказаць маё шанаваньне, сапраўднае шанаваньне, ад усіх нас, жанглёраў. Давай я пакажу табе, як гэта робіцца. Пакажу, як жангляваць сваімі собскімі вачыма ў сваіх руках.
Урэшце да Нанабуша дайшло. А трэба сказаць, што якім бы вялікім ды усясільным ён ні быў, але часам рабіў дзіўныя памылкі, і ўжо як зробіць што, дык – жах! Гэтая ж мусіла стацца найгоршай.
-- Мне было б вельмі прыемна, -- сказаў Нанабуш з паблажлівай усьмешкай гордага бацькі. – Тым больш, мне ніколі не запозна вучыцца.
І то праўда. Нанабуш быў гатовы ўзяць лекцыю таго, што ні ён, ні мы ніколі не забудземся.
-- Тады дазволіш мне паказаць, як гэта робіцца? – усьміхнуўся Жанглёр.
-- Зрабі мне гонар, -- Нанабуш падаўся наперад. – Пакажы, як гэта робіцца, сынок.
-- Самым небясьпечным ёсьць, як правільна дастаць вочы. Трэба крыху націснуць ніжэй кожнага вока. Вось гэтак.
Жанглёр паказаў, як трэба зрабіць: вялікім пальцам націснуў пад вачаніцамі і... опа! ... вока выскачыла. Вельмі хутка, але лоўка, злавіў вочы і гэтак жа хутка і лоўка запхнуў іх назад у вачніцы.
-- Бачыў? Цяпер ...асьцярожна... на першы раз... Паспрабуў цяпер сам на сабе. Не сьпяшайся. Гэта толькі першая лекцыя.
Нанабуш паклаў палец пад вачніцай, асьцярожна націснуў ім.
-- Добра, добра ... давай, -- падбухторваў яго Жанглёр. – Асьцярожна! ... Уважна цяпер...
І – опа! – Нанабушавы вочы выскачылі вон.
А тады ... маланкавая рука Жанглёра выхапіла Нанабушавы вочы, і воміг яны ўжо былі ў паветры.
-- А вось яны! ... Ха-ха! Вочкі-та – вось яны! – Жанглёр заскакаў у паветры, закруціўся ваўчком. – Я завалодаў самым моцным амулетам сярод усіх фокусьнікаў Поўначы! У мяне ёсьць вочы самога Нанабуша! ... Ха-ха-ха! ... Яны ў мяне!
І тады з хуткасьцю маланкі Жанглёр завярнуўся і пабег. Пабег так хутка, як ніколі ў жыцьці ня бегаў, бо Нанабуш ёсьць Нанабуш, сьляпы ён ці не.
Але, Нанабуш асьлеп. Праўда, пакуль Жанглёр не завярнуўся і не пабег, Нанабуш быў рвануўся наперад, інстынктыўна разумеючы, што нешта зрабілася ня тое.
Калі Жанглёр зьбег, падвываючы ды рагочучы, Нанабуш шмякнуўся на зямлю, плюхнуўшыся тварам у раку. Імгненна ўскочыў на ногі. Імгненна ён стаўся тым жа, сапраўдным, Нанабушам. Ён стаў на зважай, абярнуўшы свой страх у пільнасьць.
-- Які ж я дурань! Хвалько... так і ёсьць... сьляпы дурань. З абаімі вачамі ў маёй галаве – я быў сьляпым, -- сказаў ён сам сабе.
Ён стаяў нерухома, ціха. Ён слухаў. Паступова пачаў ачомвацца.
Рака была проста перад ім. Ён завярнуўся да яе сьпіной.
-- Пакуль я не вярну зрок -- а я вярну яго! -- я мушу ўсё адчуваць скурай. А яшчэ мне патрэбна зброя, якой я змагу карыстацца лёгка й шпарка, бо што як мае старыя ворагі зьявяцца тут. ... Дрын, вось што. Вялікі, цяжкі дрын, завостраны з аднаго канца. Ён можа служыць і кіем, і зброяй. Я мушу прынаравіцца да лесу.
Гэтак, спатыкаючыся аб камні ды валежнік, падаючы балюча, але заўсёды тут жа падымаючыся, Нанабуш крочыў па лесе. Прыслухоўваючыся да кожнага гуку ды вымацоўваючы свой шлях рукамі, ён паціху рушыў наперад.
-- Калі мяне знойдзе сябар, няхай жа ён будзе сапраўдным сябрам. Калі я сустрэнуся з ворагам, няхай ён паводзіцца з гонарам. Калі вораг захавае мяне, я з радасьцю буду яму вінны. Калі вораг убачыць мяне і вырашыць забіць мяне – добра, то й гэтым разам я буду вінны яму нешта – хіба адно добры бой.
А вакол яго была цемра. Але ён ведаў, што гэта несапраўдная цемра. Сьпявалі птушкі, і самое цяпло ад сонца давала знак, што быў яшчэ дзень, і ён добра ведаў, што сам ён на віду ва ўсіх: сяброў, ворагаў, любога мінака. Але ён упарта прадзіраўся па лесе. Ён ведаў, што ён у лесе, бо чуў водар сасновай ігліцы ды апалага лістоў’я. Ён нахіліўся й адчуў пад рукой сасновую шышку.
-- Трэба знайсьці крэпкі сук, каб натачыць яго для дрына, -- сказаў ён, уважліва абмацваючы усё вакол.
Лес быў густым, бо ён увесь час натыкаўся на дрэвы й пні.
-- Дрэвы, карчы, але ніводнае добрае галіны, -- падумаў ён. – Прынамсі хоць адзін з маіх старых ворагаў шкодзіць мне тут – Дзед Бабёр са сваім племем.
Тады ягоная левая рука нешта намацала – паваленае маладое дрэўца. Вось яно! Ён прабег рукамі па тонкім камлі. Дакладна тое, што трэба. Ён намогся ды абламаў камель на патрэбную даўжыню, тады выцягнуў нож. Уважліва ўсеўся ды ўважліва, вельмі ўважліва, пачаў стругаць.
Аднаго дрына будзе недастаткова. Нанабуш ведаў гэта. Яму была б патрэбна дапамога каго-небудзь, хто добра ведае гэты край, таго, каму ён мог бы давяраць, хто мог бы быць яму павадыром.
Але зараз ён мусіў сканцантравацца на струганьні. Ён мусіць быць вельмі, вельмі пільным, як бы яму, сьляпому, не адрэзаць сабе палец, ці два.
Да гэтага часу ён ні разу не падумаў аб Жанглёры.
Гэтак ён стругаў: нязграбна, але старана.
Раптам ён спыніўся. Замёр. Яго засьпела моцнае адчуваньне, што нехта на яго глядзіць. Ён мацней сьціснуў свой нож.
Хаця ў яго не было вачэй, якімі можна было б убачыць, але ён інстынктыўна паварочваў галаву туды-сюды, быццам углядаючыся вакол. Ён дакладна ведаў, што нехта на яго глядзіць. Пачуцьцё нават пабольшала.
Тады ён пачуў голас. Чысты, ясны голас зьнедкуль зьверху:
-- Ну? І чаго ты спыніўся? У цябе добра атрымлівалася.
З нажом у руцэ Нанабуш ускочыў на ногі:
-- Хто там? Калі ты вораг – выходзь, будзем біцца.
-- Біцца? Я думаў, ты моцна заняты з гэтым кавалкам дрэва. 
Нанабуш пазнаў голас. Гэта сапраўды быў голас ворага, ягонага старога ворага.
-- Філін, гэта ты? – спытаўся Нанабуш, будучы напагатове. – Ну, і чаго ты чакаеш? Выходзь біцца.
-- Я – стары вой, а не стары дурань. У гэтым лесе тысяча вачэй. Паб’юся я з табой, заб’ю цябе вось такога, якім ты цяпер ёсьць, -- на ўсім гэтым Створаным Сьвеце пра гэта даведаюцца. Табе будзе гонар. А мне – ганьба. ... Не, Нанабуш, я не баязьлівец. Я магу быць тваім ворагам, але я хачу ўважаць сябе за прыстойнага ворага. Апусьці зброю. Няма пагрозы для цябе з майго боку. Маеш маё слова як Воя і як Правадыра цэлага племя.
Нанабуш, пачуўшы такую ўрачыстую прамову, засунуў нож назад у похвы.
-- Я ведаю, што ты сьляпы, -- сказаў Філін. – Даведаюцца і іншыя, і вельмі хутка, Нанабуш. Ішыя, што можа і ня будуць такія велікадушныя. Трэба нешта зрабіць, каб вярнуць табе зрок.
-- Я сам знайду спосаб. Я і так ужо вінны табе, Філін.
-- Не -- як што мы вырашым быць сябрамі. Я – за. Бо я хачу міра для маіх дзяцей. Калі ты згодзен, то – лады.
-- Лады.
Сяброўства было ўсталявана, і яны пачалі абмяркоўваць Нанабушаву бяду.
-- Ёсьць адзін спосаб вярнуць табе зрок, -- сказаў Філін. – Я дам табе пару вачэй. Пару маіх вачэй.
-- Але, Філін, дружа! Ты ж застанешся без вачэй. Асьлепнеш, як і я.
Філін пахітаў галавой. Ён бы ўсьміхнуўся, калі б умеў.
-- О, не, толькі ня я. Глядзі, Нанабуш, у мяне два набора вачэй. Адзін дзённы, а другі начны. Што як амаль усе мае ворагі палююць удзень, як той ястраб, то я буду выходзіць на паляваньне ўначы адцяпер. А ўдзень я буду спачываць ды захоўвацца з сям’ёй. То мне патрэбна толькі адна пара вачэй. Другую я аддамо табе.
Філін загадаў Нанабушу працягнуць рукі. І пара вачэй плюхнула яму ў далоні. А тады ... оп! ... Нанабуш уклаў іх сабе ў вачніцы.
-- Як тут і былі, Філін! – сказаў Нанабуш радасна але сур’ёзна, як належыць Вою.
-- Адсёньня, Філін, ночы – твае! – абвесьціў ён. – Адсёньня і навекі ты будзеш Птушкай Ночы. Ты будзеш маімі вачамі ўначы. Уначы твой зрок будзе вострым, а палёт – упэўненым і дакладным. Ты будзеш для ночы, такім жа, як Арол і Сокал ёсьць для дня. Ты будзеш кіраваць начным небам. А ў якасьці павагі за тую ласку, што ты зрабіў для мяне, -- усе, хто пачуе твой покліч уначы, будуць выяўляць тую павагу. Бо дзеля гэтага яны будуць прадрабляць яго. Твой покліч уначы будзе азначаць, што я, Нанабуш, ніколі ня сплю, але нават уначы сачу за тымі, каго я бараню, і пільную тых, хто робіць шкоды Створанаму Сьвету. Так што, крычы па начах, Філін, мой сябра і мой Вястун.
 Гэтак яны замацавалі сяброўства навякі. Філін і Нанабуш пажадалі адзін аднаму добрага паляваньня ды доўгага жыцьця. І гэтак яны разышліся: Нанабуш са сваімі новымі вачыма, Філін – з новай пашанотай.

Вясна.
Вясна. Нанабуш ужо ўдома. Новыя вочы і наагул...
-- Які прыгожы Сьвет сёньня! – сказаў Нанабуш сабе. – Усё такое зялёнае, духмянае... распускаецца да жыцьця... птушкі вяртаюцца... Гэх, сапраўды прыгожы дзянёк!
-- Калі ўжо матылі павылятаюць?.. -- працягваў Нанабуш. – Ох, які цудоўны дзень! Як добра, што ў мяне ёсьць вочы, каб усё гэта пабачыць!
 І тут пачуўся той ціхі голас, што можна пачуць на задворках Нанабушавага розуму: “Ах, Нанабуш, але яны не заўсёды былі тваімі, твае вочы, хіба не?”.
Вядома, Нанабуш памятаў гэта. Ён памятаў, адкуль у яго новыя вочы, і памятаў, што здарылася са старымі. Першы раз за гэты месяц ён узгадаў пра Жанглёра. Дзень быў сапсаваны.
“Жанглёр, -- падумаў Нанабуш. – Ну, сустрэнуся я некалі з гэтым махляром! Ён пракляне дзень, калі ягоныя бацькі пабраліся. Яму спатрэбіцца яшчэ не адна пара вачэй – толькі я яго сустрэну!”
Дзень сапсаваны, ён сеў долу й насупіўся. Ён ня мог адагнаць думак аб Жанглёры, ні аб чым іншым ня мог думаць.
Увесь час пасьля здарэньня Нанабуш быў апантаны думкамі аб сваім дзіўным ворагу. Ні аб чым больш ня мог гаварыць. Сябры й сваякі ўжо пачалі хвалявацца за яго.
Ягоная бабуля параіла яму не думаць пра Жанглёра:
-- У цябе і так поўна справаў на гэтым Сьвеце. Табе ёсьць чым заняцца. Ты – Настаўнік, ты – памагаты для усіх існых на зямлі. Ідзі займіся справай, унук. Не шукай ты ворагаў. Яны самі цябе знойдуць, калі не баязліўцы.
Нанабуш заняўся сваімі адвечнымі справамі. Часам сьвядома, часам ужо па звычцы, але заўсёды пакідаў дзе-небудзь свой знак, нейкім чынам, тут і там у Сьвеце вакол сябе, робячы яго такім, якім мы яго цяпер ведаем.

Аднойчы ўлетку пасьля абеду яму неяк захацелася піць. Ён знаходзіўся далёка ў лесе, але ён ведаў, недзе тут мусіць быць сажалка з добрай, чыстай, халоднай вадой. Сабраўшы манаткі, ён накіраваўся праз лес. Ён ужо амаль быў на месцы, як пабачыў праз зарасьнікі, што там, ля сажалцы нехта быў.
Чалавек.
Высокі, хударлявы чалавек.
Высокі, хударлявы чалавек, што жангляваў парай крышталяў з рукі ў руку, туды-сюды, з рукі ў руку, туды-сюды.
Нанабуш прышчурыў вочы, сьціснуў зубы.
-- Трэба нешта прыдумаць, -- сказаў ён сабе. – Думай! Але хутка. У мяне можа ня будзе іншага шанцу з гэтым махляром. Арамя таго, што ён – мой вораг, ён яшчэ і – Чарадзей, і зрэшты – небясьпечны. Хто можа сказаць, колькі шкоды ён нарабіў іншым, акрамя мяне? Гэты чалавек вельмі небясьпечны, трэба нешта з ім рабіць.
Хуценька, але ціха, як мог рабіць адно ён, Нанабуш абярнуўся выглядам. Ён узяў выгляд прыстарка. І тады ён выйшаў з лесу.
Жанглёр кінуў на яго вокам, але працягваў жангляваць.
-- Добры дзень, Старэча! Я б пажадаў табе доўгіх гадоў, але, здаецца, у цябе іх і так ужо нямала.
-- Нямала, сынок. І не заслужылі павагі.
-- Прабач мне, калі табе падалося, што я непаважлівы, -- не спыняў той жанглёўкі. – Але я такі шчасьлівы апошнім часам, што бывае не заўважаю, што кажу. Здаецца, ты нешта ня тое пачуў ад мяне... Я – Жанглёр. Мяне клічуць Нястомны Бы Вецер
-- Ага, -- сказаў Нанабуш, -- ты той, каго шукае Нанабуш. Той, што скраў у Нанабуша вочы.
-- Ага, гэта я, Стары. Скажы Нанабушу, калі хочаш. Можа, іншым разам я забяру ў яго вушы.
-- Ён і без мяне знойдзе цябе, -- сказаў Нанабуш, хаваючы ўсьмешку. – Ён больш не сьляпы, між іншага. Ягоны сябар даў яму пару вачэй.
Жанглёр спыніўся.
Нанабуш – усё яшчэ ў выглядзе прыстарка – падышоў да сажалцы і напіўся вады.
-- Што, ён набыў новыя вочы, так? – Жанглёр намагаўся схаваць набягаючы страх. – Ну, што ж, пашанцавала яму. Калі ён прыдзе, я магу і другую пару вачэй забраць. Адзін раз я зрабіў, зраблю ізноў.
Нанабуш падняўся.
-- Ты, відаць, маеш гэткую сілу, хлопец? Думаеш, пераможаш Нанабуша?
-- Я -- Вялікі Чарадзей! Я перамагу каго заўгодна і што заўгодна.
-- І мяне? – спытаў Нанабуш.
-- Каго заўгодна і што заўгодна, -- Жанглёр з цяжкасьцю хаваў страх.
-- Чуў, што ты можаш жангляваць нават сваімі вачыма, дастаўшы іх з галавы. Што табе не патрэбны вочы, каб бачыць.
Жанглёр пасьміхнуўся, дастаў свае вочы і пачаў жангляваць імі: з рукі ў руку, туды-сюды, з рукі ў руку, туды-сюды... Тады ён спыніўся, закінуў галаву, падкінуў вочы ў паветра. Яны падляцелі высока, потым уніз і... плюх... трапілі дакладна ў вачніцы.
-- Гэтага табе досыць, Стары? – з усьмешкай на твары завярнуўся да яго Жанглёр.
Але перад ім цяпер стаяў ня прыстарак, а сам Нанабуш. Той Нанабуш, якім яго ведаў Жанглёр.
-- Добра. Калі гэта не сам Вялікі Нанабуш... – Жанглёр намагаўся выглядаць (і быць) смялейшым, чым быў насамрэч.
-- Гэты фокус я ўжо бачыў, -- таксама пасьміхнуўся Нанабуш.
-- Дык што, Нанабуш, табе надакучыла ўжо і новая пара вачэй? Каб не марнаваць дарма часу, можаш аддаць мне свае вочы проста ў рукі.
-- Калі табе насамрэч патрэбны мае вочы, мусіш папрацаваць дзяля іх, сынок.
-- Добра. Кажы, як.
-- Але, сынок. Нічога асаблівага: я шпурну табе мае вочы здалёк, а ты злаві іх. Зловіш іх – яны твае. Ня зловіш – ты нічога мне ня вінны. Усё, або нічога.
-- Лёгка. Нават ніякіх высілкаў. Вось што я табе скажу, Нанабуш. Я нават зяляплю сабе вочы. Як табе гэта?
-- Па мне цудоўна, сынок. Але я папярэджу цябе: я буду кідаць вельмі задалёк, ад самага края сьвету.
-- Ха! Можаш ісьці да самага краю сьвету. Нават і гэта – недалёка для мяне. Я буду ведаць, калі яны прыляцяць. Я проста ўстану тут і буду чакаць. Гэта табе трэба рабіць нейкую працу. Калі сабраўся ісьці да краю ўсяго Створанага Сьвету, каб адно шпурнуць адтуль пару вачэй – цудоўна! Я злаўлю іх у любым выпадку. Я яшчэ ніколі не спудлаваў, -- выхваляўся Жанглёр.
Адным сьцёпам пляча ён выціснуў з суседняга дрэва смалы і заляпіў ёю сабе вочы. Тады спакойна, з упэўненасьцю стаў у рост.
-- Ну, Нанабуш. Як ты, а я гатовы. Можаш ісьці. Гэта вельмі доўгі шлях, але я пачакаю. Калі перамога вызначаная – я магу і пачакаць.
Жанглёр склаў рукі на грудзях і больш нічога не сказаў.
Нанабуш пайшоў.
Нанабуш пайшоў, але не да края сьвету. Ён проста пайшоў сваёй дарогай і нават не азірнуўся.

Нанабуш заняўся сваёй справай па стварэньню Сьвету – такім, якім ён мае быць. Пра Жанглёра ён больш ніколі не ўзгадаў. Чаму?
Таму, што Нанабуш ведаў, што Жанглёр, як і ўсе чарадзеі, быў ганарыстым хлопцам, прагным выхваліцца сваёй сілай, колькі б часу на гэта ні спатрэбілася. Жанглёр сказаў, будзе чакаць – і ён будзе.

Ён усё яшчэ чакае. І будзе чакаць цэлы час, да самага Сканчэньня Часу.
О, яго зусім ня цяжка знайсьці. Ён цалкам пазнавльны. Вы добра яго ведаеце.
Ягонае імя, памятаеце, -- Нястомны Бы Вецер. Яно добра яго апісвае. Усё яшчэ можна ўбачыць, як ён стаіць, дзень за днём, стаіць урослы ў зямлю каранямі. Ягоныя пальцы й валасы ўвесь час калышуцца й дрыжаць па ветры, нават самым лёгкім ветрыку. Нават калі яго сусім няма.
Карацей кажучы, вы разумееце, што Жанглёр, Нястомны Бы Вецер, абярнуўся дрэвам. Дрэвам, што ніколі не адпачывае, чыё лісьцё ды гальлё ўвесь час трасецца й дрыжыць, нават калі стаіць бязьветрань.
Ён стаўся Дрыготкім Дрэвам.
Таполяй.
І стаіць гэтак да сёняшніх добрых дзён.

----------------------------------------------------------

Джон МакЛіад (John McLeod), 1949 - ? , нашчадак культуры племені міссісаўгі (Антарыё), пісаў гісторыі й аповесьці, якія публікаваліся ў індзейскіх часопісах “Ontario Indianі Toronto Native Times”. Ён гаварыў аб сваім першым апавяданьні “Дрыготкае дрэва”, што гэта ёсьць “...квазі-традыцыйная рэч, зьмяшэньне старажытнай казкі з калеўцай маёй собскай фантазіі. Гэта і ёсьць тое, я мяркую, чым па сутнасьці і зьяўлецца нашае нацыянальнае казальніцтва (я гэтую гісторыю распавядаў вусна, перш, чым запісаць)”. МакЛіад напісаў яшчэ п’есу “Дзёньнік дуркаватага” (Diary of a Crazy Boy), якая з вялікім посьпехам ставілася на сцэнах Таронта.

-----------------------------------------------------------

(с) John McLeod

(с) Ірына Варабей, пераклад





Гэная во, пра Каёта, што крочыў на захад

Thomas King

Гэная во, пра Каёта, што крочыў на захад

            The One About Coyote Going West

Вось гэтая пра Каёта. Што крочыў сабе на захад. У госьці да сваякоў. Гэта ён так кажа. Вы мусіце пабачыць гэнага. Круцель такі. Хітрыкаў поўна галава. Не, не, не, не, кажа той. Я толькі ў госьці.
Іду да Крумкача.
Ото ж, кажу я. Гэны яшчэ той махляр.
Каёт заварочвае да маёй хаты. Віхляе хвастом. Вырабляе ім радасныя гукі. Усаджваецца у мяне на прызьбе. Азіраецца. З усьмешачкай, гэнай. З зубамі, гэнымі. Ды засоўвае сваю пысу ў маю гарбату. Маю цудоўную гарбату. Вынь пысу з маёй гарбаты, кажу я.
Іду наведаць сваіх сяброў, кажа ён. Расказаць тым гісторыі. Паправіць сьвет. Наладзіць яго.
Ото ж, як страшна, Каёт зноў будзе правіць сьвет.
Пасядзі тут, кажу. Пад’еш чаго. Цяжкая справа, гэная, сьвет наладжваць. А можа, у цябе ёсць песьня. Можа, добрая байка.
А як жа, кажа Каёт. Ды страляе вушамі, гэны. Ды аблізвае сабе вусы.
Я падсоўваю ногі пад лаву. Мушу схаваць пальцы. Часам гэты круцель пакідае на лаўцы сваю скуру, быццам сядзіць сам. Скура Каёта. А Каёта – няма. Рыскае крадком недзе побач. Цап за пальцы. Будзеш скакаць тады.
Чытаў я гэныя кніжкі, кажа ён.
Дык ты пэўна ж разумны Каёт, кажу я.
Анягож, кажа ён.
Дык можа, у цябе ёсьць добрая гісторыя для мяне, кажу я.
Чытаў я гэную гісторыю, кажа Каёт. Ды наравіць зноў упхнуць свой нос у маю гарбату. Яна ўся пра тое, хто ж знайшоў нас, Індзейцаў.
 Го, кажу я. Гэныя старыя мне падабаюцца. Гэныя – найлепшыя. Ты мне раскажы сваю гісторыю, кажу я. І, можа, да нас тут завітае якісь абаранак. А можа, і тушонка з ласяціны забрыдзе на тваю гісторыю.
Добра, кажа ён ды запявае песьню сваёй гісторыі.
Сьнег на зямлі а зьмеі сьпяць.
Сьнег на зямлі а у мяне моцны голас.
Сьнег на зямлі а зьмеі сьпяць
Сьнег на зямлі а у мяне моцны голас.
Вось гэтак ён сьпявае. І хвастом гэтак, віхляе. З усьмешачкай, гэнай. Сядзіць тут.
Можа, расказаць табе гэную, пра Эрыка Шчасьліўца ды Вікінгаў, што гулялі ў гакей для старых заўзятараў ды знайшлі нас, Індзейцаў, у Нюфаўндлэндзе, кажа ён.
  А можа, расказаць табе гэную, пра Хрыстафора Карцьера, што шукаў чаго-небудзь добрага паесьці. А знайшоў нас, Індзейцаў, у рэстаране, у Манрэалі.
         А можа, расказаць табе гэную, пра Джэка Калумба, што падняўся па той рацэ, а Індзейцы ўжо чакалі яго там. Мы ўсе там махалі ды крычалі: мы тут, мы тут.
         Гэтыя гісторыі ведаюць усе, кажу я. Гісторыі ад белых. Нейкія дзіцячыя казкі ў цябе ў роце.
         Не, не, не, не, кажа Каёт. Я прачытаў гэныя ў той старой кніжцы.
Гэй, кажу я. Ты ўжо падладжваесься да маіх пальцаў. Усе ведаюць, хто знайшоў нас, Індзейцаў. Эрык Шчасьлівец ды гэны Хрыстафор Карцьер ды гэны Джэк Калумб прыйшлі пазьней. Гэныя ж згубіліся. Валацугаліся ўсюдых. Плавалі туды-сюды. Заблыталіся. Ой, ой, ой, ой, плачуць гэныя, мы згубіліся, мы згубіліся! Дык мы мусілі знайсьці іх. Дапамагчы ім. Накарміць. Паказаць тут усё.
Але, кажу я. Вялікая памылка, была гэная.
Ты такая разумная, бабуля, кажа Каёт, ды апускае вочы долу. Быццам сьпіць. Дык можа, ты ведаеш, хто адкрыў Індзейцаў.
А то ж, кажу я. Усе ведаюць. Гэта быў Каёт. Гэта ён.
Ой, дзядуля, кажа гэны Каёт. Раскажы мне гэтую гісторыю. Я люблю гэныя, пра гэнага падступніка. Я, здаецца, ня ведаю такой гісторыі, кажа ён.
Дзіва што, кажу я. Слухай уважліва.
Каёт трымаў шлях на захад. Вось як я заўсёды пачынаю гэтую гісторыю. А на сьвеце яшчэ нічога не было. Адно Каёт. Мог нават бачыць усю дарогу наперад. Ніякіх табе гор тады. Ніякіх рэк тады. Ніякіх лясоў тады. Чыста роўнядзь. І тады ён пачаў вырабляць рэчы. Пачаў наладжваць сьвет.
Як цікава, кажа Каёт. І вымае сваю пысу з маёй гарбаты.
Так, кажу я. Самы пачатак. Каёту шмат чаго трэба было зрабіць.
Скажы, бабуля, кажа Каёт. А што той разумнік зрабіў найперш?
Ну, кажу я. Можа, ён зрабіў вось тое дрэва, што ля ракі. Можа, ён зрабіў таго быка. Можа, ён зрабіў тую гару. Можа, ён зрабіў тыя аблокі.
Можа, ён зрабіў тую прыгожую вясёлку, кажа Каёт.
Не, кажу я. Тую ён не рабіў. Тую зрабіла Норка.
Можа, ён зрабіў тую прыгожую поўню, кажа Каёт.
Не, кажу я. І тую ён не рабіў. Тую потым знайшла ў сажалцы Выдра.
          Можа, ён зрабіў акіяны з той блакітнай вадой, кажа Каёт.
Не, кажу я. Акіяны ўжо былі. Нічога з гэтага ён не рабіў. Першае, што зрабіў Каёт, кажу я Каёту, была – памылка.
Ажно во, выпрастаўся Каёт. Вылупіў вочы, гэныя. Хвост, гэны, замёр. І гэны сглынуў сваю усьмешачку.
        Ды вельмі вялікую, кажу я. Каёт ішоў на захад, разважаючы, што б яму зрабіць. Гэны намагаўся думаць аб усім адразу. І таму ён не заўважыў тую яму. Таму ён уваліўся ў тую яму. Тады і ўсе тыя думкі зваліліся разам. Гэныя пазьбіваліся адна аб адну. І гэныя павысыпаліся з Каётавых вушэй. У тую яму. Ах, заплакаў той Каёт. Я праваліўся ў яму. Я, напэўна, зрабіў памылку.
          А то.
Дык вось тая яма. І вось той Каёт у яме. І вось тая вялікая памылка ў той яме з Каётам. Го, кажа тая памылка. Ты, напэўна, Каёт.
Тая памылка вельмі вялікая, а яма малая. Мала месца. Не хачу нават казаць табе, як яна выглядае тая памылка. Першая памылка ў сьвеце. Даволі страшная. Так-так, не магу нават глядзець. Мушу заплюшчыць вочы. Табе таксама лепей заплюшчыць вочы, кажу я Каёту.
Добра, я заплюшчу, кажа ён ды закрывае вочы лапамі. Аж мяне ён не надурыць. Я ж бачу, што ён маніць.
Не падглядвай, кажу я.
Добра, кажа ён. Ня буду.
Дык вось, той Каёт думае пра яму. А думае ён пра тое, як яму выбрацца з тае ямы. І думае, як жа яму запхнуць тую памылку назад у галаву.
Чуеш, ты там, кажа тая памылка. Што ты сабе думаеш?
Я прыдумваю песьню, кажа Каёт. Я прыдумваю такую песьню, каб зрабіць гэтую яму паболей.
Цалкам слушна, кажа тая памылка. Дай-ка я паслухаю ўсю песьню.
Але гэна зусім ня тое, што Каёт засьпяваў. Ён засьпяваў такую песьню, каб зрабіць памылку паменей. Але памылка ўчуяла гэна. І гэная памылка хваць! Каёта за нос. І гэная ўхапіла за пысу так, што той ня можа сьпяваць. І гэная скоча уверх-уніз па Кайоце, аж пакуль той зрабіўся пляскатым. Тады той выскоквае з тае ямы. Гойсае кругом, ня ведае, як даць рады.
Але ж, Каёт чуецца даволі кепска. Усё ягонае цудоўнае футра зьлямчана ды пабіта на дзіркі. І так яму цяжка думаецца, дык ён прыдумвае гаючую песьню. І ён спрабуе прасьпяваць гаючую песьню, але ж пысы ў яго няма, гэная недзе валяецца. Тады ён думае яшчэ мацней ды спрабуе прасьпяваць носам. Але з носу гукаў не атрымалася, адно пацякло зашмат. Ён спрабуе прасьпяваць тую песьню вушамі, але тады вушы нічога ня чуюць.
Тады гэны дурань думае яшчэ мацней ды вырашае прасьпяваць сваім азадкам. Бзззд! Бзззд! Гэта тое, што той азадак вымаўляе, і воміг зьяўляецца нейкі запашок. Бзззд.
Халера, думае Каёт. Нешта сьмярдзіць.
Гэны Каёт кладзецца плазам ды спрабуе, спрабуе. Даволі хутка, мо праз два дні, мо праз год, ён навучае той азадак сьпяваць. Тую песьню. Тую гаючую песьню. І вось той азадак сьпявае тую песьню. І Каёту робіцца лепей. І Каёт ужо ня чуецца такім пляскатым. Бзззд! Бзззд! Усё яшчэ сьмярдзіць, але Каёту добра.
Гэны аглядае тую яму. Знаходзіць сваю пысу. Прыладжвае яе на месца. Тады ён кажа свайму азадку. Гэй, хопіць ужо сьпяваць. Годзе тут сьмярдзець ужо. Але, паглядзі ты, гэнаму азадку спадабалася сьпяваць, дык гэны азадак сьпявае сабе, ды сьпявае.
А ну, спыніся, кажа Каёт. Ты ж затхнеш цэлы сьвет. Але ён не спыняецца. Тады Каёт выскоквае з тае ямы ды імчыць праз прэрыі. Але той азадак – за ім. Бзззд. Бзззд. Каёт ускоквае ў возера, але азадак ня топіцца. Ён і там сьпявае сабе.
Гэй, хто там сьпявае, кажа нехта.
Ага, і хто там гэтак сьмярдзіць, кажа другі голас.
Ну, пэўна што Каёт, кажа трэці голас.
Так, кажа чацьвёрты голас. Ня йнакш, гэта – Каёт.
А гэты Каёт сядзіць у мяне на лаўцы, з пысай у маёй гарбаце, ды кажа, а я ведаю, я ведаю, чые яны, тыя галасы. Гэта усё хітрыкі той памылкі. Яшчэ ж нічога не выраблена.
Не, кажу я. Тая памылка занятая іншай справай.
Тады тыя галасы – гэта духі, кажа Каёт.
Не, кажу я. Тыя галасы належаць тым качкам.
Каёт выпрастоўваецца на маёй лаўцы. Гэй, кажа ён, а качкі адкуль узялілся?
Супакойся, кажу я. Усё будзе добра з гэнай гісторыяй. Зь ёй усё у парадку. Гэтая гісторыя ведае, куды ідзе. Сядай. Не вылазь са скуры.
Дык вось.
Каёт аглядаецца, ды бачыць гэных, чатырох качак. На тым возеры. Го, кажа ён. Качкі, вы адкуль узяліся? Я ж яшчэ не зрабіў вас.
Але, кажуць гэныя, качкі. Мы тут чакалі-чакалі, але ж ты не прыйшоў. А мы стаміліся чакаць. Дык мы зрабіліся самі.
Я быў у яме, кажа Каёт.
Бзззд. Бзззд.
А што гэта за гукі, кажуць гэныя, качкі. А што гэта засьмярдзела тут?
Ай, не перймайцеся, кажа Каёт. Можа, вы тут бачылі нешта, міма праходзіла. Можа, вы дапаможаце мне знайсьці гэнае нештачка, што я згубіў. Можа вы дапаможаце мне вярнуць гэнае.
Качкі, гэныя, паплылі вакол, ды размаўляюць міжсобку. Яно такое страшнае было на выгляд? Так, кажа Каёт, страх якое. У яго такое брыдкае футра? Так, кажа Каёт, думаю, яно такое й было. І ад яго было столькі шуму? Пытаюцца яго качкі, гэныя. Так, гоману ад яго было, кажа Каёт. І яно сьмярдзела, качкам гэным трэ ведаць. Так, кажа Каёт. Ой, вы, качкі, пэўна бачылі гэнае маё нешта.
Так, кажуць гэныя, качкі. Яно вунь рыхтык за табой.
Тады Каёт заварочваецца, а там нічога няма.
Яно-такі за табой, кажуць качкі.
Каёт заварочваецца і зноў нічога ня бачыць.
Бзззд! Бзззд!
Халера, кажуць тыя качкі. Што за зык! Што за тхон! Гэтак яны кажуць. Што гэна за вырадак у футры!
Ат, не пераймайцеся, кажа той Каёт ізноў. Гэта ня тое, што я шукаю. Я шукаю нешта іншае.
Можа, ты шукаеш Індзейцаў, кажуць гэныя, качкі.
Гэх, гэны Каёт вельмі зьдзіўлены, бо Індзейцаў ён таксама яшчэ не зрабіў. От жа, кажа гэны, цэльнае свавольства кругом. Будзе гэнаму сьвету гамон.
Анягож.
Гэтак Каёт гамоніць з качкамі, і даволі хутка пачуўся гоман. І даволі хутка, бачаць, нешта ідзе. І качкі, гэныя, кажуць, вой, вой, вой, вой. Яны гэтак кажуць, нібыта бачаць бяду. Але гэта не бяда. Тое, што прыйшло, выявілася ракой.
Здароў, кажа рака. Добры дзянёк. Можа, хочаш скупацца? Але Каёту купацца ня хочацца, аж ён глядзіць на раку, глядзіць на яе. Нешта тут ня тое, кажа ён. А дзе ж камні? Дзе ж парогі? Куды ты падзела вадаспады? І чаго ты так выпрасталася?
Дык Каёт мае рацыю. Рака, гэная, яна табе і гожанькая, і гладзенькая, і выпрастаная, без усялякіх табе там выкрутасаў ды падкіндэсаў. І цячэ на два бакі, ня так, як рэкі цяпер.
Непарадак, кажа Каёт, трэ паправіць. І давай папраўляць. Насыпае ў раку камянёў ды напраўляе гэнак, каб цякла ў адзін бок. Грувазьдзіць парачку вадаспадаў ды стромаў, дзе вада пабегла шпарчэй.
Ну вось, Каёт справіўся, спрацаваўся, і гэныя качкі стаміліся ўжо сачыць, што ён там вырабляе. Таму Каёт садзіцца. Таму заплюшчвае вочы. Ды ўтыкае нос сабе ў хвост.
А тут качкі, гэныя, як заравуць, прачніся, прачніся! Глядзі, нешта вялізнае шыбуе сюды! І не здарма.
А гэна – гара прысунулася сюды, ды пасьвіствае сабе. Радасная такая, гара. Пуцатая такая, гожая. А на гары поўна там вінаграду ды ўсялякага такога паесьці. Яблыкі, персікі, вішні.
Нуякмаецеся, кажа гара, ветлівая гэная. Як хораша сёньня сьвішчэцца.
Каёт глядзіць на тую гару, і гэны качае галавой. Ну не, кажа ён, гэная гара цалкам няправільная. Чаго гэта ты такая гожая, такая круглая? Дзе гэныя скалістыя вяршыні? Дзе ўсе гэныя ўрвішчы? А сьнег куды падзеўся? Людцы мае, гэную таксама трэ напраўляць! І давай напраўляць.
Дзядуля, дзядуля, кажа гэты Каёт, што сядзіць на маёй лаве, з пысай у маёй гарбаце. Навошта гэны Каёт правіць усе гэныя добрыя рэчы?
О, які хітры, пытаецца ён мяне. Я глянуў у гэнныя вочы. Схапіў за гэнае вуха. Ды хваць! за нос. Э, пусьці мой нос, гэты Каёт кажа.
Добра, кажу я. І Каёт застаўся ў сваёй скуры. Ты пэўна ж ведаеш, навошта Каёт зьмяніў тую шчасьлівую раку. Навошта зьмяніў тую гару, што соўгалася сабе, пасьвістываючы.
Не, кажа гэты Каёт, ды азіраецца па маёй хаце, ды аблізваецца, робячы гэныя, дзіцячые такія гукі.
А можа, гэта проста таму, што ён нядобры такі, кажу я.
Ой, не, кажа Каёт. Ён такі мілы, такі ўважны.
А можа, таму, што ён ня надта разумны.
Ой, не, кажа Каёт. Той Каёт вельмі мудры.
А можа, ён проста зрабіў памылку.
Ой, не, кажа Каёт. Ён жа быў ужо зрабіў адну.
Ото ж, кажу я. Ну тады, Каёт, пэўна, робіць усё слушна. Пэўна, ён напраўляе сьвет, каб ён быў правільны.
Так, кажа Каёт. Пэўна што. Ну, і што гэны геній зрабіў далей?
Усе ведаюць, што Каёт зрабіў далей, кажу я. Малыя дзеткі ведаюць, што Каёт зрабіў далей.
Ну, не, кажа Каёт. Я ніколі ня чуў гэтай гісторыі. Ты такі цудоўны казальнік. Якую гожую гісторыю пра Каёта ты мне расказаў.  
Халера, за гэным трэ сачыць цэлы час. Ды хаваць свае пальцы, што на нагах.
Дык вось, кажу я. Каёт думае пра тую раку. Ды думае пра тую гару. І думае ён, пэўна нехта тут дуркуе. Таму ён азіраецца вакол. Ды ідзе шукаць таго, хто робіць усю гэную дурніцу са сьветам.
Ён ідзе на поўнач – там нікога. Ідзе на поўдзень – і там нікога. Ідзе на ўсход – і там таксама нікога няма. Ідзе на захад – а там цэлая гара шын ад сьнегаходаў.
А там – нейкія целявізары. Там – нейкія пыласосы. Нейкая купа пастэльных прасьцінаў. Нейкі вільготнік паветра. І там – на партатыўнай газавай барбікюшніцы сядзіць сабе тая вялізная памылка ды чытае нейкую кнігу. Каталог унівэрмагу.
Здароў, кажа тая вялікая памылка. Ня хочаш сабе гідраўлічны дамкрат?
Не, кажа гэны Каёт. На халеру ён мне. Але ён так і не сказаў той памылцы, што ён насамрэч хоча, бо пабаяўся зноў пазбавіцца сваёй пысы. Але як толькі ён узгадаў пра тое, як быў пляскаты ды ўвесь пабіты на дзіркі, дык азадак, гэны, прачнуўся адразу ды засьпяваў. Бзззд. Бзззд.
А што там за шум? кажа тая вялікая памылка.
Я тут Індзейцаў шукаю, кажа Каёт, хуценька так. Ты ня бачыла каго?
А што тут засьмярдзела так?
Ой, не пераймайцеся так, кажа Каёт. А Індзейцаў тут не было?
На во печ для грэнак, кажа тая памылка.
Ды на халеру мне усё гэта, кажа Каёт. Кінь вырабляць гэна усё! Ты ж заладуеш увесь сьвет.
Хочаш кампутар з каляровым маніторам? Тая памылка нават не высунула носа з той кніжцы, і гэныя рэчы ўсё грувазьдзяцца цэлымі горамі вакол Каёта.
Кінь, кінь ты гэта! крычыць Каёт. І яму ў лапы плюх! гольфны вазок. І на галаву пасыпаліся гольфныя мячыкі. Дай сюды гэную кнігу, пакуль увесь сьвет не перакуліўся!
То ж карысныя рэчы, кажа тая памылка. Вельмі патрэбныя дзеля ўпрыгожаньня сьвету. Індзейцам яны цалкам спатрэбяцца.
Дзе тыя Індзейцы? кажа Каёт.
І тая памылка бачыць, сапраўды, няма іх. Давай мо лепей зробім Індзейцаў, кажа тая памылка. Тады гэная глядзіць у каталог, але там няма ніякіх Індзейцаў. І Каёт ня дась рады, як іх рабіць. Ён ужо рабіў чытыры рэчы.
Я ўжо зрабіў чатыры рэчы, кажа ён. І мне цяпер патрэбна дапамога.
Мы можам дапамагчы, кажуць нейкія галасы. А гэта – тыя качкі, прыплылі сюды. Мы можам дапамагчы табе зрабіць Індзейцаў, кажа белая качка. Так, мы можам гэтае, кажа зялёная качка. Мы ўжо думалі пра гэта, кажа сіняя качка. І ў нас ёсьць адна задумка, кажа чырвоная качка.
Га, гэны Каёт ня ведае, што й рабіць. Таму ён кажа качкам, давайце ўжо рабіце што-небудзь, бо гэная гісторыя ўжо так зацягнулася, такая доўгая, што ўсе ўжо хочуць дахаты.
Ты шчэ ня сьпіш? кажу я Каёту. Яшчэ тут?
Так, так, бабуля, кажа Каёт. Ну, й што тыя разумніцы-качкі зрабілі?
Я кажу Каёту, што тыя качкі зьнеслі яйкі. Ну, качкі, бач, робяць гэтак. Белая качка зьнесла яйка, а яно сіняе. Чырвоная качка зьнесла яйка, а яно зялёнае. Сіняя качка зьнесла яйка, і яно чырвонае. Зялёная качка зьнесла адно, і яно белае.
Давайце, кажуць качкі, гэныя, цяпер засьпяваем. Затанчым. І яны пайшлі ў скокі. Каёт, тая вялікая памылка, качкі – усе скочуць вакол яек. Скочуць яны, скочуць, спяваюць, сьпяваюць – канца гэтаму няма. Каёт ужо й есьці захацеў, згаладаўся, бач.
Гэй, кажа ён, я ведаю гэны танец. Вы ж мусіце заплюшчыць вочы, пакуль танчыце, бо нічога не атрымаецца. Закрывайце крэпка вочы. Добра, кажуць качкі, можам і закрыць. І яны заплюшчваюць гэныя, вочы. І тая вялікая памылка заплюшчвае таксама.
А Каёт не заплюшчвае. І як усе пачалі зноў скакаць, Каёт прытанцоўвае да белай качкі, ды цап! яе за белую шыйку.  
Як ён яе схапіў, яна як заляпае крыламі! Тады тая вялікая памылка чуе гэны гоман ды расплюшчвае вочы. Гэй, ты, кажа тая вялікая памылка, гэтак не танцуюць!
Далібог, твая праўда, кажа Каёт ды адпускае качку. Гэта я нешта зь іншым танцам паблытаў.
І яны зноў пачалі танцаваць. А Каёт жа есьці хоча. Дык ён хапае сінюю качку, і гэную цяпер – за крылы. Але тут галодны Каётавы страўнік як завурчыць, і тая вялікая памылка расплюшчвае вочы ды бачыць сінюю качку ў Каётавых зубах. Гэй, кажа тая вялікая памылка, зноў ты наблытаў!
Твая праўда, кажа Каёт, выплёўвае качку ды гладзіць тую па шыйцы. Добра, што ты тут побач на дапамогу мне з гэнымі танцамі.
Зноў усе пачалі танцаваць, і на гэты раз Каёт воміг хапае зялёную качку ды запіхвае хуценька ў глотку так, што ў яго з пысы адныя качкіны жоўценькія лапкі боўтаюцца. Дык гэныя лапкі лыпаюць Каёту па вачах, аж ён нічога ня бачыць, дзе ён туляецца, ды ўбухваецца проста ў тую вялікую памылку, а тая вялікая памылка заварочваецца паглядзець, што гэта такое тут робіцца.
Го, кажа тая вялікая памылка, ты ж ні ў халеру ня бачыш, куды прэсься, з гэнымі лапамі на мордзе. Дай сюды, і яна выцягвае тую зялёную качку з Каётавай глоткі. Ну, ты зусім пашкодзісься, гэтак танцуючы.
Ты – сапраўдны сябар, гэтак апякуесься мною, кажа Каёт.
І качкі, гэныя, зноў пайшлі ў скокі. І Каёт і зь імі. А тут чырвоная качка і кажа, давайце лепей танцаваць з адным вокам адкрытым, гэтак зможам паспрыяць Каёту з нашым танцам. Паскакалі яны яшчэ крыху, паскакалі, а тут гэныя яйкі пачынаюць варушыцца, і гэныя яйкі трэскаюцца. І калі добра прыглядзецца, можна пабачыць нештачка ў іх там унутры.
А я ведаю, я ведаю, скоча Каёт на лаве, аж гарабата мая плюхае. З гэных яек выйдуць Індзейцы. Я ўзгадаў гэтую гісторыю. У гэных яйках сядзяць Індзейцы, якіх шукае Каёт.
Не, кажу я. Ну ты, Каёт, чыста ёлуп. З качкіных яек могуць вылупіцца адно качаняты. Сядзі, ня ёрзай, кажу я. А то павалісься ды паб’есься. Гарбату маю разальеш. Звалісься зараз на маю гісторыю ды паплюшчыш яе. 
А дзе Індзейцы? кажа Каёт. Ты абяцаў гісторыю пра Каёта, што знайшоў Індзейцаў. Хіба яны ня ў яйках разам з качанятамі, гэнымі?
Не, кажу я. Нічога ў гэных яйках няма, акрамя качанят. Чакай, зараз будуць Індзейцы. Не вылузвайся са скуры.
Дык вось.
Калі качкі, гэныя, пабачылі, што павылазіла з тых яек, яны кажуць, ай-я-а-й, нешта мы ня тое зрабілі. Трэба ўсё па-новай. І яны пачалі ўсё спачатку. Скочуць у гэным, у танцы. Сьпяваюць гэную, песьню. Яйкі раскалываюцца, і адтуль выходзяць яшчэ качаняты. Сем разоў яны пачынаюць нанова, і кожага разу атрымліваюцца качаняты.
Далібог, кажуць гэныя, чатыры качкі. У нас ужо качанят гэных болей, чым трэба. Здаецца, мы самі мусім зрабіцца Індзейцамі. Сказалі – зрабілі. Перш чым Каёт ці тая вялікая памылка змаглі нешта наблытаць, тыя качкі ўзялі ды абярнуліся Індзейцамі, два мужчыны, дзьве жанкі. Ды гожыя такія, Індзейцы. Нічога ад качак у іх не засталося.
Але гэныя, чатыры качкі-Індзейцы, нешта засмучоныя. Паглядзелі адзін на аднаго ды заплакалі. Якая агіда, кажуць яны. Гэная брыдкая скура. Нейкія косткі голыя тырчаць. Валасы чорныя, паскудныя. Дзе нашыя гладзенькія, мяканькія пёркі? Дзе прыгожанькія лапкі? Куды падзеліся такія цудоўныя крылы? Усё Каёт гэны вінаваты, заблытаў нам танцы. І гэныя чатыры качкі-Індзейцы наваліліся на Каёта ды затапталі яго нагамі, аж пакуль ён зноў не зрабіўся пляскатым. А тады сышлі прэч. І тая вялікая памылка сышла.
А гэны Каёт, ён пачаў прыдумываць гаючую песьню.
Бзззд. Бзззд.
Ну, вось і ўсё, кажу я. Тут і казцы канец.
Дык а што сталася з Каётам? кажа Каёт. Такі герой – і застаўся пляскатым.
Ну, часам байкі бываюць плоскімі, кажу я. Гэтак здараеца, калі нехта маніцца правіць гэты сьвет. Гэты сьвет цалкам добры сам па сабе. Лепей яго не чапаць. Ня блытай яго – не заблытаесься.
Я бадай пайду, кажа Каёт. Раскажу Крумкачу тваю цудоўную гісторыю. І мы наладзім гэты сьвет, будзь пэўны. Мы ведаем цяпер. І ведаем, як.
Тады Каёт дапівае маю гарбату, і гэны ідзе сваёй дарогай. А я больш не магу размаўляць, бо мушу назіраць неба. Мушу пільнавацца рэчаў, што пасыпяцца зь неба ды нагрувазьдзяцца ў горы на гэтай зямлі.
Калі гэны Каёт бадзяецца тут ды шукае, што б яму направіць, ніхто ў гэтым сьвеце не засьцярожаны.



--------------------------------------
Томас Кінг (Thomas King), н. 1943 г. – празаік, прадстаўнік сучаснае канадыйскае індзейскае літаратуры. Зьяўляецца нашчадкам культуры племені Чырокі. Цяперашнім часам жыве ў Канадзе, працуе ва Унівэрсітэце г. Гуэлфа, дзе выкладае індзейскую літаратуру ды прыгожае пісьменьства. Піша тэксты для індзейскага радыё, у прыватнасьці для радыёперадачы “The Dead Dog Cafè Comedy Hour”, у якой і сам прымае ўдзел. Ягоны літаратурны здабытак ствараюць раманы “Медысын Рывэр” (“Medicine River”), “Зялёная трава, шпаркая вада” (“Green Grass, Running Water”), зборнік апавяданьняў “Вось добрая байка, гэная во” (“One Good Story, That One”), ды дзіцячыя кніжкі “Прыгоды Каёта Каламбуся” (“A Coyote Columbus Story”), “Каёт спявае на поўню” (“Coyote Sings to the Moon”). 
------------------------------------------------------------

 (с) Thomas King
(с) Ірына Варабей, пераклад
2009