10 марта 2016 г.

“Мая задача, маё шчасьце, мой гонар – сьпяваць славу майму роднаму народу”

з кнігі ''Легенды Ванкувера''
Паўлін Джонсан нарадзілася ў 1861 годзе ў Чыфсвудзе, у сваім радавым доме ў Рэзервацыі Шасці Індзейскіх Народаў блізу Брантфарда, што ў Антарыё, Канада. Ейны бацька быў вядомым Правадыром народу Магаўк, чыё радавое індзейскае імя Тэкеянўакей узыходзіць да заснавання Канфедэрацыі Іракезаў у 15 ст., яшчэ да таго часу, як еўрапейцы адкрылі Амерыку.
        Паўліна ганарылася сваімі продкамі, заўсёды падпісваючыся “Э. Паўлін Джонсан-Тэкеянўакей”.
        Гэтак жа яна ганарылася і сваёй маці, Эмілі Гоўэлс, якая была сваячкай англіканскага місіянера ды стрыечнай сястрой вядомага амерыканскага пісьменніка Ўільяма Гоўэлса. Паўліна захаплялася смеласцю сваёй маці выйсці замуж за магаўка ды выхоўваць сваіх дзяцей у “індзейскім духу ды патрыятызме”, – паводле Паўлініных словаў.
        Свае вершы ды апавяданні яна пачала друкаваць ды чытаць на публіцы ў 1886 г. і ў наступныя дваццаць гадоў, выступаючы ў Канадзе, пасля ў Злучаных Штатах ды Англіі, зрабілася самай славутай канадскай пісьменніцай. У эпоху, папярэднюю радыё ды тэлебачанню, у залаты век публічных літаратурных выкананняў яна была сапраўднай зоркай.    -

У 1909 г., адышоўшы ад сцэны, яна пераехала ў Ванкувер, дзе аднавіла сяброўства са сваім “цілікам-скукам” (вялікім сябрам) Джозэфам Капілана, правадыром племені Сквамішаў, што жылі на Ціхаакіянскім Узбярэжжы. Падчас доўгіх гасцяванняў ды вандровак на каноэ ён апавядаў ёй паданні свайго народа, якія яна літаратурна аформіла ў знакамітыя “Легенды Ванкувера”.
        Натхнёныя сумоўем паміж паэткай з племені магаўк ды апавядальнікам-сквамішам, пададзеныя аўтаркай спачатку як вынік сяброўства, “Легенды Ванкувера” зрабіліся класікай, сапраўднай перлінай канадскай індзейскай і дзіцячай літаратуры. 

"Легенды Ванкувера"
----------------------------------------------------------------
            10 сакавіка 1861 году ў Рэзервацыі Шасьці Народаў, у мястэчку Чыфсвуд, што непадалёк ад Брэндфарда (Антарыё, Канада), у Правадыра індзейскага племені Магаўк і кіраўніка Рэзервацыі Джорджа Джонсана-Тэкеянўакея і ягонай ангельскай жонцы Эмілі нарадзілася чацьвёртае дзіця – дзяўчынка Эмілі Паўлін, якой наканавана было зрабіцца адной з найбольш выбітных постацяў Канады на мяжы 19-га і 20-га стагоддзяў. Складальніца цудоўных вершаў ды легендаў, яна сама, ейнае жыцьцё сталіся легендай яднанай Канады.
Дом у Чыфсвудзе, дзе нарадзілася Паўлін
Ейны бацька Джордж Генры Марцін Джонсан, па-іракезку Аванансісхон, быў вядомым Правадыром народа Магаўк, чыё славутае індзейскае радавое імя Тэкеянўакей узыходзіць да заснавання Канфедэрацыі Іракезаў яшчэ за 500 гадоў да таго часу, як эўрапейцы адкрылі Амерыку. Ангельскае прозвішча – Джонсан – перайшло ягонаму роду ў 18 ст. пры хрышчэньні ягонага дзеда ад ягонага хроснага бацькі Сэра Ўільяма Джонсана, вядомага брытанскага генерал-інтэнданта племені Магаўк. Дасканала валодаючы ўсімі іракезкімі гаворкамі, а таксама ангельскай, французкай ды нямецкай мовамі, бацька Паўліны атрымаў пасаду дзяржаўнага перакладчыка пры Іракезкай Рэзервацыі. Адылі, высокага тытулу сваім нашчадкам ён перадаць ня змог з тае прычыны, што ажаніўся з белай жанчынай. Гэткімі тады былі індзейскія законы.
         Паўлін ганарылася сваімі карэннымі продкамі, заўсёды падпісваючыся “Э. Паўлін Джонсан-Тэкеянўакей”.
Джордж Г. М. Джонсан
Гэткім жа чынам яна ганарылася і сваёй маці, Эмілі Сюзаннай Гоўэлс, якая была сваячкай англіканскага місіянера ды стрыечнай сястрой вядомага амерыканскага пісьменніка Ўільяма Гоўэлса. Паўлін захаплялася смеласьцю сваёй маці выйсці замуж за магаўка ды выхоўваць сваіх дзяцей у “індзейскім духу ды патрыятызме”, – паводле Паўлініных словаў.

Апошняе дзіця ў сям’і, даволі хваравітая, Паўлін не наведвала школу. Найбольш яна бавілася сама, засвоіўшы веславаньне на індзейскім канý*; прыхапіўшы з сабой кнігу, гуляла па рацэ Гранд-Рывер, што працякала ля іхнага дома. Пазней, зрабіўшыся спрактыкаванай веславальніцай, яна правандруе ў лодцы шмат міляў па рэках Канады. Уражаньні з гэтых вандровак стануцца амаль што асноўнай канвой ейных вершаў. Кану зробіцца верным спадарожнікам ейнага натхненьня ды самотнасьці. Кану з удзячнасьцю не раз узгадаецца ў “Легендах Ванкувера”. Кану будзе прысвечаны верш “Песьня, што сьпявае маё вясло”, які ўважаецца за праграмны верш ейнай творчасьці ды ўваходзіць у школьную праграму ў Канадзе:
Вецер заходні, надзей не змані,
Дыхні з гор высокіх, са стэпаў дыхні!
Злайдачыў мой ветразь, веславальніца сьпіць;
О! вецер заходні, хто нас натхніць?
Дуй, дуй!
Гэтак прагнем даўно,
А ты адмаўляеш нам ў ласцы сваёй.
Загушкаўся недзе на арэлях між гор,
Адвёўшы свой позірк ад нашых азёр…**
Летуценьніца, яна пачала складаць вершы яшчэ раней, чым навучылася хадзіць ды веславаць.
Адукацыю яна атрымала ўдома ад сваёй маці. А яшчэ – самастойна з хатняе бібліятэкі. Тут яна пазнаёмілася з творамі Байрана, Шэкспіра, В. Скота, Дж. Мілтана. Але асабліва яна захаплялася казаньнямі аб карэнных народах Канады, такімі як паэма “Песня пра Гаявату” Лангфелава, ці “Вакуста” Джона Рычардсана. “Да таго як мне споўнілася 12 гадоў, – казала неяк Паўліна, – я ўжо прачытала кожны радок, напісаны Скотам, Лангфелавым, шмат – Байранам, Шэкспірам ды Эмерсанам”. Калі ёй было чатырнаццаць, яна нейкі час наведвала сярэднюю школу ў Брэндфардзе са сваім братам Элінам і была атэставана там ў 1877 г.
             Хаця бацькі Паўліны былі заклапочаны тым, што іхны зьмяшаны шлюб не будзе ўспрыняты грамадскасьцю, насамрэч яны былі прызнаныя за перадавую канадыйскую сям’ю. Джонсаны заўсёды трымаліся шляхетнага ладу жыцця, і іхны дом у Чыфсвудзе, які наведвалі знакамітыя канадыйскія навукоўцы, мастакі, літаратары і нават Генерал-губернатар Канады, быў шырока вядомым.
             Эмілі ды Джордж выхоўвалі сваіх чатырох дзяцей у пашане да сваёй спадчыны, як магаўкскай, так і ангельскай, намагаліся даць як мага больш ведаў пра культуры абодвух народаў. Трэба сказаць, што тут вялікі ўнёсак зрабіў дзед Джон Смок Джонсан-Тэкеянўакей. Таксама Правадыр, герой індзейскіх войнаў, ветэран вайны 1812 г. паміж Злучанымі Штатамі ды
Джон С. Джонсан, дзед Паўлін, справа
Канадай, ён расказваў дзецям шмат ваенных гісторыяў ды легендаў на мове магаўк. Ён стаўся невычэрпнай крыніцай паданьняў ды легенд для маленькае ўнучцы, якая пазьней уславіла ягоны народ на старонках сваіх кніг. Паўлін Джонсан казала, што талент красамоўства яна атрымала ў спадчыну ад свайго дзеда.
У 1884 г., неўзабаве па сьмерці бацькі, сям’я перабралася ў Брэндфард, перадаўшы свой чыфсвудзкі дом у арэнду, каб мець нейкі прыбытак для жыцьця.
На працягу 1880-х гадоў Паўлін пісала вершы, грала ў гарадскім аматарскім тэатры, займалася веславаньнем на кану, з захапленнем даследуючы бясконцыя антарыйскія водныя навакольлі.
У 1880-я гады Паўлін Джонсан заявіла аб сабе як аб адметнай канадыйскай пісьменьніцы, публікуючы свае творы ў вядомых часопісах “Globe”, “The Week”, “Saturday Night”. Джонсан была адной з тых канадыйскіх пісьменьнікаў, што закладалі пачатак адметнай нацыянальнай літаратуры.
У 1982 г. Джонсан зачытала свой верш “Плач індзейскай жокі” (A Cry from an Indian Wife) на Вечарыне канадыйскіх аўтараў у Моладзевым клубе ў Таронта. Твор быў заснаваны на падзеях бітвы на Кат-Найф-Крыку падчас Рыльскага паўстання (Riel Rebellion). Выкананне мела такі вялікі поспех, што паклала пачатак ейнай 17-гадовай сцэнічнай кар’еры. Захопленая публіка ўспрыняла яе як даволі маладую (хаця ёй быў тады ўжо 31 год), прыгожую, экзатычную індзейскую прынцэсу-паэтку.
Пасля першага выступу Паўлін вырашыла падкрэсліць свой індзейскі вобраз, апранаючыся для выступаў у жаночы індзейскі строй, зроблены сваімі рукамі.
Вось я – Аджысту. Гэта – я.
Жонка я таго, чыё імя
Праменіць праўдай ды жыцьцём.
Адвагай тою, за якую
Ўважае племя ўсё яго правадыром.
Аджысту я, яму я – зоркай белай.
А ён – зямля. І возера. І неба.
І для мяне ён – сэрца і душа.
Індзейца жонка я.***
Галоўнай тэмай ейных выступаў зробіцца “індзейская тэма” – у сваіх эмацыйных, узнёслых вершах яна будзе бараніць свой народ, даносіць індзейскі погляд на падзеі мінулага й сучаснага, захапленьне рамантыкай індзейскага побыту.
Поўную літаратурную спадчыну Паўліны Джонсан цяжка вызначыць, бо значная ейная частка была апублікаваная ў розных перыядычных выданнях. Даследчыкі да гэтага часу расшукваюць ейныя публікацыі.
Першы зборнік паэзіі “Белы вампам” (The White Wampum) быў надрукаваны ў Лондане (Антарыё) у 1895 г. Наступны – “Народжаная канадыйкай” (Canadian Born) – у 1903 г. Зьмест гэтых двух зборнікаў разам з іншымі вершамі – усё ўвайшло ў кнігу “Крэмень і пяро” (Flint and Feather), што выйшла ў 1912. Пасля выданьня ў 1917 г. зборнік “Крэмень і пяро” памылкова быў пазначаны “поўным зборнікам вершаў Паўліны Джонсан”.
Кнігі “Шаганапі” (Shagganappi) 1913 году і “Швачка макасінаў” (The Moccasin Maker) 1913 году, пасьмяротныя выданьні, з’яўляюцца зборнікамі апавяданьняў, публікаваных раней у розных часопісах. Гэта кароткія творы, напісаныя Паўлінай у розных жанрах – павучальныя, сентыментальныя, біяграфічныя.
Але Паўлін Джонсан вартая пашаны ня толькі за сваю паэзію. Ейнае жыццё, кар’ера ды вандроўкі сьведчаць пра тое, што яна была жанчынай, якая насьмелілася рабіць тое, што ў тыя часы жанчыне не дазволена было рабіць, і была жанчынай, якая ганарылася сваім паходжаньнем. У той час, калі яна жыла, яна была, паводле магаўкскага пісьменьніка Бэта Бранта, рэвалюцыянеркай – жанчынай, што кінула выклік забабонам тагачаснага грамадзтва.
Ва ўзросьце 31 году, калі паводле разуменьня тагачаснае грамады яна мусіла выйсці замуж ды наражаць дзяцей, яна пачала вандраваць па краіне. Яна чытала вершы, выконвала камедыйныя маналогі ды сцэнкі паўсюль, ад Галіфакса да Ванкувера. Яна была першай сярод індзейскіх
паэтаў, апублікаваных у Канадзе. Больш за тое, яна была амаль адзінай жанчынай, якая здолела зарабляць пісьменствам ды выступамі дастаткова для самастойнага жыцця. Пры гэтым Паўлін адмыслова ганарылася свам індзейскім паходжаньнем. “Тым, хто думае, – казала Паўлін, – што робіць мне камплімент, гаворачы, што я падобная да белай жанчыны, я адкажу – я – індзеянка. І сьпяваць славу майму роднаму народу – гэта мая мэта, маё шчасце, мой гонар. Сваё пяро й сваё жыцьцё я прысьвяціла памяці майго народа. Забудзьце, што мяне звалі Паўлін Джонсан, але заўсёды памятайце пра Тэкеянўакей – жанчыну з племені Магаўк, што сьціпла спадзявалася быць пясьняркай паданьняў свайго народа, бардам найшляхетнейшых з людзей, якіх ведаў сьвет, сумным гісторыкам сваіх гераічных супляменьнікаў”.
Ёсць, аднак, сьведчаньні, што сваё зьмяшанае паходжаньне ёй давялося перажыць даволі адчувальна. Магчыма, менавіта праз яго не ўдалося асабістае жыцьцё Паўлін. Яна была заручаная, але шлюбу так і не адбылося. І хаця ніхто адкрыта не гаварыў пра прычыну адмовы ейнага жаніха, але лічыцца й да сёньня, што доля індзейскае крыві, ды яшчэ “нізкая” прафесія жанчыны-выступоўцы, амаль “акторкі” – вось што пацягнула за сабой разлад. Глухія водгукі на нязбытнае каханьне раскіданыя па вершах Паўліны, надаючы ім гаркотнае адценьне; а наўпрост тэма несумяшчальнасьці сапраўднага пачуцьця ды расавых забабонаў адлюстраваная ў апавяданнях “Як яно было напачатку” ды “Развагі чырванаскурае дзяўчыны”.
На працягу дваццаці гадоў Паўлін Джонсан была самай знакамітай пісьменьніцай у Канадзе. У эпоху, папярэднюю радыё ды тэлебачанню, у залаты век публічных літаратурных выкананьняў яна зрабілася сапраўднай зоркай.
       Гэта была эпоха эстрадных забаваў, але Паўлін ператварала сваю сцэну ў значна большае, чым забава. Заўсёды яна намагалася данесьці да публікі сваё бачаньне вялікае яднанае Канады, што ўздымецца над рэгіянальнымі ды расавымі адрозненьнямі. Сама па сабе гэтая ідэя ёсць галоўным ейным унёскам у канадыйскую культуру, і ў нейкім сэнсе яна ахвяравала ёй усю сваю літаратурную кар’еру, ставячы свае выступы паперадзе друкаваных публікацыяў.
Важна адзначыць, што Паўлін пісала на мяжы стагодзьдзя, калі ўжо разрасталіся вострыя спрэчкі аб крыніцах канадыйскае літаратуры, ейным нацыянальны змесьце, і пясьнярка карэннай культуры зрабіла свой практычны ўнёсак у іхнае вырашэньне. За паўстагодзьдзя да пачатку масавага руху сучасных індзейцаў за грамадзянскія правы ды разьвіцьцё сваёй літаратуры самаахвярныя высілкі Паўліны па абароне індзейскае культуры набываюць асаблівае значэньне.
           Тым ня менш, нягледзячы на нядбайнае стаўленьне да сваіх публікацыяў, Паўлін усё ж пакінула нам цудоўную літаратурную спадчыну – натхнёную паэзію, напоўненую жывымі моцнымі пачуцьцямі й прыгажосьцю.
         Ня трэба, праўда, і забываць, колькі сілаў вымагала ад яе ейная вандроўная дзейнасць. Па-першае, самі паездкі ў той час былі не такімі лёгкімі, як цяпер. Па-другое, шмат энэргіі аддавалася самім выступам. Ейныя артыстычныя чытанні былі настолькі эмацыйнымі, што змушалі людзей і плакаць, і сьмяяцца. 
         Першую частку свайго выступу яна пачынала ў балёвай сукенцы віктарыянскага стылю ды чытала, да прыкладу:

Сэрца маё забылася Бога дзеля каханьня з табой.
          А ты забыўся мяне дзеля каханьня другога.
Праз пакаянне па колкім іржышчы
          Вяртаюсь да Бога назад.

І толькі таму, што Бог забывае былое
          І, забываючы, мяне не пытае, каб знаць,
Ягоныя рукі пакінула дзеля каго я, 
          Урэшце да Бога іду я назад.****

У другой частцы сваёй праграмы – “індзейскай” –  яна выходзіла ў нацыянальным строі, зробленым сваімі рукамі з аленевай скуры, у магаўкскіх металёвых ружанцах, заячых футравых кутасах, з пер’ем, пацеркамі з мядзведзевых кіпцяў, з паляўнічым нажом, гуронскімі скальпамі свайго прадзеда, ды яшчэ адным скальпам, што яна купіла недзе на амерыканскім захадзе, ды пачынала дэклямаваць:
Вярніце нашую зямлю, наш край.
Вярніце статкі ды дзічыну.
Вярніце футры ды лясы,
Што нашымі былі,
Пакуль з’явіліся тут вы.
Вярніце мір і дабрабыт.
Тады прыходзьце ў госці
З новай верай,
З пакаяньнем.
І калі хопіць духу,
Абвінавацьце нас тады.*****

У трэцяй частцы свайго выступу Паўлін выконвала камічныя маналогі, забаўныя сцэнкі са свайго жыцця, магла, да прыкладу, расказаць жартамі, як яна са сваёй сяброўкай пераадольвала парогі на “Дзікай котцы” – так яна называла сваё індзейскае кану. 
Паэтка-акторка Паўлін Джонсан правандравала па ўсёй Канадзе ад Антарыё да Брытанскай Калумбіі, яе з захапленьнем прымала публіка ў Злучаных Штатах.
У 1906 годзе на запросіны каралеўскае сям’і яна прыбыла ў Лондан (Англія). Тут яна пазнаёмілася з Джозэфам Капілана, Правадыром племені сквамішаў, што жывуць на Ціхаакіянскім Узьбярэжжы ў Брытанскай Калюмбіі. Правадыр Капілана з яшчэ двума старэйшынамі прыехаў у Англію – гэта было першае з’яўленне заходнеўзьбярэжных правадыроў у Старым Свеце – каб апратэставаць парушэньні зямельных дамоваў урадам ангельскіх каланістаў ды выставіць свае патрабаваньні Каралю Эдуарду VII. Паўлін ня толькі пасябравала з “Правадыром Джо”, але й дапамагла яму атрымаць аўдыенцыю ў Караля.

У 1909 годзе Паўлін Джонсан, адчуўшы надзвычайную стому, пакінула сцэну ды сышла на адпачынак. Маючы імпэтныя пляны заняцца прозай, публікацыямі, яна пасялілася ў Ванкуверы, у які пасьпела закахацца падчас сваіх творчых вандровак. Тут яна аднавіла сяброўства са сваім “цілікам-скукамам” – вялікім сябрам – Джозэфам Капілана. Падчас доўгіх гасьцяваньняў ды вандровак на кану ён апавядаў ёй паданьні свайго народа, якія яна літаратурна аформіла ў знакамітыя “Легенды Ванкувера”.
Натхнёныя сумоўем паміж паэткай племені магаўк ды апавядаўцам-сквамішам, пададзеныя аўтаркай спачатку як вынік сяброўства, “Легенды Ванкувера” зрабіліся класікай, сапраўднай перлінай канадыйскай індзейскай і дзіцячай літаратуры.
           Трэба сказаць, што публікацыя “Легендаў Ванкувера” сама ёсць найцікавейшай легендай у гісторыі канадыйскай выдавецкай справы. У сакавіку 1910 г. Правадыр Капілана памёр, і неўзабаве Паўлін пачала пісаць тое, што яна чульліва назвала “Легенды Капілана”. Гісторыі гэтыя час пачасе публікаваліся ў ванкуверскім тыднёвіку “Daily Province”. Яна апублікавала дваццаць дзьве гісторыі з красавіка 1910 г. па студзень 1911 г., аж пакуль з ёй не надарылася бяда. Тое, што яна успрымала за надзвычайную стому, выявілася невылечнай хваробай. Яна памірала ад раку грудзей. Часу й сілаў для зьдзяйсненьня сваіх літаратурных плянаў не засталося.
            Дзеля таго каб сабраць грошы на лячэньне ды жыцьцёвыя патрэбы сьмяротна хворай паэтцы, ейныя сябры вырашылі надрукаваць “Легенды” асобным выданьнем. Колькасьць прададзеных кніжак з некалькіх тыражоў у той час, нават у параўнаньні з больш сучасным выданьнем “Легендаў” у 1991 г., падаецца проста нечуванай.
           Тое, як, перамагаючы фізічны боль, гераічна трывала сваё апошняе выпрабаванне гэтая мужная жанчына, можна ўбачыць з ейнага самага апошняга верша “А Ён сказаў – змагайся!”, які насуперак асязальнаму канцу дыхае аптымізмам ды прагай жыцця:
Хаўруснікаў сабраўшы, Час, Падступнік Чорны,
Рыхтуе абкружэньне маім вайскам –
Раззброіць іх, зламіць няроўным боем, пагнаць ва ўцёкі.
Няхай змагаюся адна, упала, паміраю,
Здавацца? У пастцы я?
Ніколі! Дый ня я!

Змаглася крэпасьць.
Пабраўшысь страху, разбегся мой атрад,
Дагнаны тысячамі куль.
Крычаць: “Скарыся! Ты – адна!”
Ганебнага прасіцца міру?
Ніколі! Дый ня я!

Расстрэляны ў шматкі мой сьцяг
Лунае над фартэцай.
Пакуль магу стаяць, трываць,
Пакуль дышу ды сэрца б’ецца –
Бязьлітаснаму лёсу не скаруся я.
Скласьці долу зброю?
Ніколі! Дый ня я!

             Па сьмерці Паўлін былі знойдзены рукапісы з абрыўкамі новых твораў: урывак паэмы “Балада пра Яаду” (паводле легенды “Шэрая Арка”), пачатак паэмы “Балада пра Лалу” (паводле легенды “Згубленая выспа”). Перамагаючы сьмяротны боль ды няздольнасьць сканцэнтравацца (на якую яна скардзілася), Паўлін і ў апошнія месяцы свайго жыцьця не змагла адкінуць пяро, змушала сябе пісаць.
            Спадзяемся, што ейныя апошнія дні былі усьцешаныя веданьнем таго, што ейная праца, ейныя творы будуць жыць. Што яны перажывуць памяць тых пакаленьняў, каму пашчасьціла ведаць пяшчоту ды полымя ейнага чароўнага голасу.
Паўлін Джонсан памерла 7 сакавіка 1913 г. Ейныя паховіны, найвялікшыя да таго часу ў гісторыі Ванкувера, адбыліся ў дзень ейных 52-х народзінаў. Гэты дзень быў абвешчаны ў горадзе жалобным. Усе сьцягі ў Ванкуверы былі прыспушчаныя. У пахавальнай працэсіі ўзялі ўдзел усе значныя асобы гораду, прадстаўнікі ўсіх клюбаў ды арганізацыяў. За дамавінай ішла вялікая група індзейцаў-сквамішаў на чале са сваім Правадыром – сынам Паўлінінага сябра Правадыра Джо Капілана. Вялізная колькасць вянкоў ды тэлеграмаў з усяе Канады (у тым ліку ад Генерал-губернатара, Прем’ер-міністра ды Каралеўскае грамады), а таксама з Англіі сьведчылі аб ужо нацыянальным прызнаньні паэткі. А ў таронтаўскай газеце “Saturday Night” былі напісаныя прароцкія словы: “Канада ад сёньня значыць для нас болей таму, што ў ёй жыла й стварала Паўлін Джонсан”.
Магіла Паўлін ў Парку Стэнлі ў Ванкуверы
Гэта было вельмі натуральным, каб дзіця Прыроды знайшло свой апошні прытулак у ейным улоньні, ніж на урбанічных могілках. Перад сьмерцю Паўлін прасіла, каб яе пахавалі ў ейным улюбёным Парку Стэнлі, які яна ўславіла ў сваіх “Легендах”. Ейны прах пахавалі непадалёк ад Сіваш-скалы, і гэта была першая й адзіная асоба, пахаваная ў Парку. І хаця яна прасіла, каб ніякіх помнікаў на ейнай магіле не было, пазней, у 1922 г., Жаночы клюб Канады ўсталяваў вялікі камень, прывезены з могілак пры магаўкскай капліцы Брэндфарда, дзе былі пахаваныя ейныя дзяды, з выбітым ейным партрэтам у магаўкскім арнаменьце. Там яна й ляжыць сярод папараці й дзікіх кветак у закуточку, дзе сыходзяцца ўсе сьцяжыны Парка; і час пачасе іх турбуюць ціхія крокі паломнікаў – аматараў канадыйскае паэзіі, што ўважаюць гэты куток за адну з самых рамантычных сьвятыняў.
Нягледзячы на тое прызнаньне, што яна мела ад сваіх сучасьнікаў, славутасьць Паўлін Джонсан нейкім чынам зачэзла ў наступныя дзесяцігодзьдзі пасля ейнае сьмерці. Але пачынаючы ад 1961 г., пасля сьвяткаваньняў ейных стогадовых угодкаў, асоба Паўліны Джонсан ізноў уважаецца за выбітную постаць у канадыйскай культуры.
Чатыры школы ў Канадзе носяць імя Э. Паўлін Джонсан-Тэкеянўакей.
У доме Джонсанаў у Чыфсвудзе, дзе прайшло дзяцінства Паўліны, заснаваны музей, які ўваходзіць у сьпіс гістарычных славутасьцяў Канады.
У 1961 г. стогадовыя угодкі Э. Паўліны Джонсан-Тэкеянуакей былі адзначаныя выпускам серыі памятных марак з ейным партрэтам – “увасабляючы першую жанчыну (іншую за каралеву), першую аўтарку, першую карэнную канадыйку, гэткім чынам ушанаваць ейную памяць”.

Біяграфічны нарыс склала Ірына Варабей (перакладчыца)


*Канý – індзейская лодка.
**Першы слупок верша “Песня, што спявае маё вясло” (The Song My Paddle Sings).
***Першы слупок верша “Аджысту” (Ojistoh).
****Верш “Марнатраўе” (A Prodigal).
*****З верша “Канакрад” (The Cattle Thief)


14 февраля 2016 г.

Сьцежка Туламіна



Pauline Johnson
The Tulameen Trail     

 Паўлін Джонсан

            Ці даводзілася вам калі-небудзь вандраваць праз даліны Сухога Пасу? Марнавацца дзень у дзень у калясцы, калі за лейцамі чацьвёркі коней сядзіць якісь “Курчавы” ці “Нікалá Нэд” ды ліха запраўляе і сваімі спрактыкаванымі “маляўкамі”, і павозкай, якая арэліць ды матляецца ўніз ды верх па гэтых страхотных горных сьцяжынах, што пятляюць, раскіданыя бы тыя шматкі рудога павуціньня па верхатурах ды стромах Аканагана, па землях Нікалá ды Сімілкаміна? Калі так, то вы пэўна чулі покліч Скукама-Квахтуна, як Чынукі* завуць свае бурклівыя, камяністыя ручаі, што пяюць на сваім шляху праз каньёны музыку такую пяшчотную й такую напорыстую, што праз многія месяцы ейнае рэха яшчэ гучыць ў вас у вушах, і вы будзеце праз усе наступныя гады чуць, як галасы тых горных рэк клічуць вас вярнуцца туды.

Але самай чароўнай з усіх мэлёдыяў ёсьць журклівы сьмех Туламіна; ягоная далікатная нота накроць мацнейшая, бо лунае куды далей, чым гартанны грукат Ніягары. Вось чаму індзейцы зямлі Нікалá да гэтае пары захоўваюць у памяці старадаўнюю гісторыю аб тым, што Туламін нясе ў сабе душу дзяўчыны, спавітую зь дзівосамі свайго пакручастага рэчышча; душу, якая ніколі ня зможа вызваліцца з гэтых каньёнаў, узьняцца над вершалінамі ды памкнуцца за такімі ж, як яна, у Край Шчасьлівага Паляваньня, але будзе адно задавальняцца ўпляценьнем свайго сьмеху й сваёй тугі, самотнага шэпту і яшчэ больш самотнага поклічу сяброўства ў дзікую музыку водаў, што пяюць сваю адвечную песню пад зоркамі Захаду.
Вашыя коні караскаюцца ўсё вышэй і вышэй па амаль вертыкальнай сьцежцы, што вядзе з даліны Нікалá да вяршыні, туды, дзе проста ад тваіх ног распасьціраецца райская прыгажосьць; колеры ейныя немагчыма апісаць словамі, подых ейны зачароўвае. І вяртаецца маладосьць, і зноў пульсуе шалёная кроў, аж пакуль бліжэй да вершаліны ты раптам робішся на дзіва спакойным сярод гэтай нямой цішыні – цішыні настолькі сьвяшчэннай, што здаецца, увесь сьвет вакол цябе ўзмахвае сваім кадзілам перад алтаром у нейкім далёкім цьмяным саборы! Даносяцца галасы з хораў далёкага Туламіна, а вершаліны Нікалá падобны да маўклівых малельнікаў, што трымаюць людзкія душы ў чаканьні першага ўзнёслага акорду зь нябеснага аргана.
На гэтых першых мілях і мілях доўгага ўзыходжаньня суцішваецца нават стаката пасьцёбваньняў чорнай зьмяі кіроўцы. Ён дазваляе конікам самім выбіраць надзейны шлях, але, штояк ўсьцягнуўшыся наверх, ён зараз жа падбірае лейцы ў свае сталёвыя пальцы, прысьвіствае, кончак даўжэзнае пугі зьвіваецца на вушах карэннага, і вы даеце нырца ў стромыя нетры гор. Кожны фут такога спаду праносіцца ўгалоп. Каляска трасецца ды матляецца, цудам унікаючы ў пратораную сярод лесу сьцежку; часам ускосы такія крутыя, што ты ня бачыш вядучых коней, як тыя ўхісаюцца за шэрыя стромы, шваркаючы па іх левымі калёсамі, тымразам правымі выпісваючы ў радыюсе пары футаў дугу па краю прадоннага зеўра. І адно рытмічны пошчак капытаў, ды ляскат бізуна з посьвістам, а часам грукат каменьня, што ссыпаецца долу з-пад шалёных калёс, перарываюць сьвяшчэнную цішыню.
Але па-за гэтымі блізкімі гукамі, здаецца, ёсьць яшчэ нейкае нявызначанае шапаценьне, і чым бліжэй вы да падножжа гары, тым больш ён робіцца мілейшым, больш музычным, уздымаючыся над усімі грубымі нотамі. Гэта – голас Туламіна, што, сьмяючыся, танцуе праз скалістае жэрла каньёна, тры сотні футаў ніжэй. Тады за песьняй зьяўляюцца пробліскі самой ракі – белыя покрывы з пырскаў ды вясёлак на ейных незьлічоных парогах ды вадаспадах. Любавацца ім гэтак жа павабна, як і слухаць, – і вось ён ужо тут, і сьцяжына бяжыць уздож і над ім праз мілі, таму індзейцы і кажуць, што душа дзяўчыны, якую ён злавіў, да гэтае пары пераплеценая зь ягоным зачараваньнем.

Гэта было падчас адной з тых жахлівых войнаў, што бушавала паміж двума плямёнамі ў даліне, яшчэ задоўга, як сьляды белага чалавека былі заўважаны сярод сьцяжын. Ніхто ўжо ня скажа цяпер, што спрычыніла тую вайну, але можна меркаваць, што была яна проста за племянное верхавенства – той першабытны інстынкт, што апаноўвае дзікуноў, хай тое чалавек ці жывёла, што прыводзіць да крывавае бойкі, як правадыроў зьвярынага статку, гэтак і задзірлівых з чалавечае пароды. Гэта – прага ўлады, той барбарскі інтынкт, якога цывілізацыя так і ня можа выкараніць сярод варагуючых народаў. Тая вайна між плямён у даліне цягнулася ўжо гадамі; мужчыны біліся, жанчыны іх аплаквалі, дзеці гаравалі – як гэта было спрадвеку.
Гэтая вайна падавалася няроўнай, бо на адным баку быў стары, дасьведчаны, загартаваны ў баях правадыр са сваімі двума зухаватымі сынамі, а на другім – адзін малады ваяр Туламін. Абое бакі мелі сваіх прыхільнікаў, абое былі неадольнымі, не саступаючы ні ў мужнасьці, ні ў сьмеласьці, абое былі непахіснымі ды амбітнымі, абое былі ўдалымі ваярамі.
Але на баку старога былі спрактыкаванасьць ды яшчэ два пільных, стратэгічных розумаў на дапамогу, тымачасам як за юнаком былі перавага адчайнай маладосьці ды непераможнага ўпарства. І з кожнай гарачай бойкі, з кожнай сутычкі, маладзён даставаў болей і болей, а стары страчваў крок за крокам. Дасьведчаная сталасьць паступова, але няўхільна, саступала моцнаму маладому запалу. І тады аднойчы яны сустрэліся сам насам – стары, увесь у шнарах, правадыр і малады імпэтны ваяр. Гэта быў няроўны бой. І ў выніку кароткага, але жорсткага, двубою маладзён паставіў старога на калені.
Стоячы над ім з узьнятым кінжалам, ваяр Туламін зьедліва засьмяяўся ды кажа:
-- Хацеў бы ты, мой вораг, мець гэтую перамогу за сваю? Калі так – я аддам яе табе. Але за гэта я патрабую ад цябе адплату – тваю дачку.
Стары зрапту глянуў на свайго пераможцу са здзіўленьнем; ён заўсёды думаў аб сваёй дачцы як аб дзіцяці, што адно гулялася па лясных сьцежках ды сядзела паслухмяна побач з маці ўдома, вышываючы свае макасінкі ці сплятаючы кошычкі.
-- Ты што! – рыкнуў ён. – Маю дачку – якая адно ледзь ад калыскі – аддаць табе, чые рукі па локці ў крыві маіх суродзічаў?! Ты насьмельваешся прасіць...
-- А я не прашу! – адказаў малады вой. – Я патрабую! Я бачыў дзяўчыну, і яна будзе маёй.
Стары правадыр ускочыў на ногі й выплюнуў свой адказ:
-- Перамога – твая. А маё дзіця – маё! -- хаця ён добра ведаў, што рабіў выклік ня толькі ворагу, але й самой сьмерці.
Туламін адно засьмяяўся.
-- Я ня буду забіваць вытворніка сваёй жонкі, -- чмыхнуў ён. – Будзе яшчэ адзін паядынак – і твая дачка сама прыдзе да мяне.
 І ён пайшоў сваім пераможным шляхам да сябе ў горы, а стары правадыр паплёўся дахаты ў каньён.
Наступнай раніцай дачка правадыра гуляла ў гарах, слухала, як спявае рака, часам перагінаючыся праз край стромы, углядалася ў ейныя курлівыя віры й вадаспады. Раптам яна пачула лёгкі шоргат, быццам птушынае крыло прашамацела ў паветры. Тады ля ейных ног упала тонкая пругкая страла. Дзіця лесу, яна зразумела, што страла была спушчана не ў яе, а для яе. Яна агледзелася, як зьвярок. Тады ейнае пільнае вока злавіла абрысы прывабнай, страмкой постаці на вяршыні за ракой. Яна ня ведала, што ён – вораг ейнага бацькі. Яна адно бачыла маладога, дужага прыгажуна. І ў ёй прачнуўся дух прыроднай дзявоцкай гарэзьлівасьці. Хуценька яна прыклала сваю далікатную стралу да лука; і калі тая, праляцеўшы з посьвістам праз вузкі каньён, упала ля ягоных ног, ён ведаў, што яна страляла не ў яго, а для яго.
Наступнай раніцай яна бясшумна, па-жаночы, прабралася на край стромы. Ці пабачыць яна яго зноў, таго прыгожага воя? Ці пашле ён яшчэ адну стралу да яе? Не пасьпела яна выглянуць з зарасьніка, як пачула слабы шоргат паветра, і страла лягла ў ейных ног. Да перыстага кончака быў прывязаны кутасік з хваста гарнастая. Яна зьняла з запясьця вязку ракавінкавых пацерак, замацавала іх на адну з сваіх далікатных стрэл і адправіла яе праз каньён, як і ўчора.
Наступнай раніцай, перш чым пакінуць жытло, яна прычапіла кутасік з гарнастая да сваіх чорных валос. Ці заўважыць ён яго?
Але страла не прыляцела да ейных ног ў гэты дзень. На беразе стромы яе чакала павабнейшае пасланьне. Ён сам быў там. Ён – той, што не выходзіў зь ейных думак ад таго часу, як першая страла зь ягонага лука лягла ля ейных ног. Ягоныя вочы загарэліся цёплым агнём, калі яна падышла, але ягоныя вусны прамовілі проста:
-- Я перайшоў праз Туламін-раку.
Яны стаялі разам, плячо да пляча, і глядзелі долу абрыва перад імі, моўчкі назіраючы за бурлівым патокам, што перакатваўся па валунах і скалах.
-- Там – мая краіна, -- сказаў ён, гледзячы праз раку. – А гэта – краіна твайго бацькі й тваіх братоў; а яны – мае ворагі. Я вяртаюся да свайго берага ўвечары. Пойдзеш са мной?
Яна падняла вочы й глянула ў ягоны прыгожы твар. Значыць, гэта быў бацькавы вораг – той жахлівы Туламін!
-- Пойдзеш? – паўтарыў ён.
-- Пайду, – прашаптала яна.
Праз ветлую ноч пры сьвятле месяца ён павёў яе далёка па камяністых берагах да вузкага пасу ціхае вады, дзе яны перайшлі раку ў ягоную краіну.
Прайшоў тыдзень, і месяц, прайшло доўгае залатое лета, але абражаны стары правадыр са сваімі разьюшанымі сынамі так і не здолелі знайсьці яе.
Аднойчы, раніцою, калі закаханыя ішлі разам па верхалінах над стромамі ракі, нават заўсёды пільныя вочы Туламіна не заўважылі затоенага ворага. На другім беразе вузкага каньёна вокраччу паўзлі, прысядалі два хітрыя браты ягонай дзяўчыны-жонкі. Іхныя стрэлы ўжо былі на нацягнутых цецівах, іхныя сэрцы гарэлі нянавісьцю ды помстай. Як дзьве прагныя драпежныя птушкі, паляцелі тыя стрэлы праз бурклівую раку, але перш, чым яны знайшлі сваю цэль на грудзях пераможнага Туламіна, дзяўчына несьвядома заступіла перад ім. Хапіўшы ротам паветра, яна асела ў ягоныя рукі, з братавымі стрэламі, што упіліся ў ейную мяккую, брунатную плоць.
Прайшло шмат месяцаў, пакуль ягоная помстая рука пасекла і старога правадыра, і ягоных ненавісных сыноў. Але калі ўрэшце ўсё было скончана, малады прыгажун Туламін пакінуў сваіх людзей, сваё племя, краіну ды сышоў далёка на поўнач.
-- Таму што, -- сказаў ён, спяваючы сваю разьвітальную баявую песьню, -- маё сэрца ляжыць мёртвым ў Туламін-рацэ.
_______________________

Але душа ягонае жонкі-дзяўчыны ўсё яшчэ сьпявае сярод каньёнаў, ейная песьня злучаная з музыкай тае ракі, чый голас ёсьць найсаладзейшым сярод далін Сухога Пасу. Вось чаму і гэты сьмех, і гэтае журклівае шапаценьне прыгажуна Туламіна ніколі не пакідае вушэй тых, хто хоць аднойчы пачуў ягоную песьню.

...........................................................................................
  
*Чынукі – індзейскае племя, што жыве на Ціхаакіянскім Узьбярэжжы



Пераклала Ірына Варабей
2008